Блізяцца навагоднія сьвяты, адзначыць іх у Беларусі прапануюць у розных варыянтах: ад рэстарацыі ў горадзе да аграсядзібы ці гасьцініцы ў Белавескай пушчы. Паглядзелі, колькі гэта каштуе.
На прыродзе
Адзначыць Новы год у Белавескай пушчы прапануюць адразу некалькі агенцыяў. Напрыклад, кампанія «Белтурыст» просіць за такое сьвята ад 1550 рублёў. Сума ўключае тры дні пражываньня, трансфэр зь Менску ці Берасьця, банкет і навагоднюю праграму са Сьнягуркай і Дзедам Марозам.
Яшчэ адзін гасьцінічны комплекс у Белавескай пушчы прапануе адпачыць на Новы год таньней. Нумар на аднаго каштуе ад 1236 рублёў. Самы дарагі варыянт — люкс — будзе каштаваць 2264 рублі. У праграму туру на тры дні ўваходзіць экскурсія ў музэй народнага побыту, аглядная экскурсія па пушчы, харчаваньне і сьвяточная праграма.
Іншы варыянт, як сустрэць Новы год на прыродзе, — арандаваць аграсядзібу. Напрыклад, правесьці час з 30 сьнежня па 2 студзеня на беразе возера Струста ў Браслаўскім раёне будзе каштаваць ад 2000 рублёў за домік на 3 чалавек. Ёсьць варыянт і на 6 чалавек за 4500 рублёў. Прапануюць навагоднюю праграму і падарункі, але просяць 100% перадаплаты.
У Мядзельскім раёне Менскай вобласьці можна наняць дом на 4 чалавек за 2200 рублёў. У праграму на 3 дні ўваходзіць сьвяточная вячэра і падарункі для дзяцей.
За мяжой
Калі ў плянах — правесьці Новы год за мяжой, то такія варыянты можна прадумаць як самастойна, так і замовіць у турыстычных агенцый. Можна паляцець у Ерэван за 893 рублі ў адзін бок, у Дубай за 2234 рублі ў адзін бок, або ў Тбілісі за 1962 рублі таксама ў адзін бок.
Можна замовіць і аўтобусны тур. Напрыклад, паехаць у польскія Татры. Пяцідзённая вандроўка будзе каштаваць ад 1262 рублёў з заездам у Кракаў і Вялічку (з улікам аплаты турыстычнай паслугі). У кошт уключаны пераезд, тры начлегі і тры сьняданкі.
Выходзіць таньней, чым тры дні ў Белавескай пушчы.
Паездка на 6 дзён у Італію і Новы год у Міляне будзе каштаваць каля 2000 рублёў з улікам дадатковых аплат за экскурсіі.
Шмат прапаноў правесьці Новы год у Расеі. За 800 рублёў (з улікам аплаты турыстычнай паслугі) прапануюць адсьвяткаваць Новы год у Санкт-Пецярбургу. Тур уключае 3 дні пражываньня ў гасьцініцы і сьняданкі.
Ёсьць і экзатычныя прапановы — сустрэць Новы год ва Ўзбэкістане. Тур на 7 начэй уключае пералёт, экскурсіі, харчаваньне і сьвяточную вячэру. Каштуе 5036 рублёў.
У рэстаране
Яшчэ адзін варыянт — паўдзельнічаць у навагоднім сьвяткаваньні ў кавярні ці рэстарацыі. Правесьці навагоднюю ноч у караоке-рэстаране «Анёлы» ў Менску сёлета каштуе ад 400 рублёў з чалавека. Абяцаюць аніматараў, жывы гук ад караоке-бэнда і Дзеда Мароза са Сьнягуркай.
У рэстаране «Праўда» на тусовачнай вуліцы Зыбіцкай у Менску сьвяткаваньне навагодняй ночы будзе каштаваць столькі ж — 400 рублёў.
Можна знайсьці варыянты як таньнейшыя, так і даражэйшыя. Напрыклад, на ўскраіне Менску сустрэць Новы год у рэстарацыі «Шляхетны маёнтак» будзе каштаваць ад 250 рублёў.
А ў рэстарацыі «Wood & Fire» каля мэтро «Ўсход» прапануюць адзначыць навагоднюю ноч за 650 рублёў.
Госьці з Расеі
Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, на навагоднія цэны ў Беларусі ўплывае балянс попыту і прапановы. Чым больш ахвотных, тым больш растуць цэны.
«Попыт павялічваецца да навагодніх сьвятаў у любой краіне. Гэта тычыцца курортаў, рэстаранаў, гасьцініц. Гатэлі ці тыя, хто здае жыльлё, маюць магчымасьць павысіць цэны. На гэта ёсьць попыт, і гэта адсейвае і тых ахвотных, хто ня можа сабе дазволіць адпачынак за такі кошт», — кажа Анастасія Лузгіна.
Эканамістка дадае, што на цэны ў Беларусі ўплываюць турысты з Расеі.
«Уплывае фактар Расеі. У многіх санаторыях, дамах адпачынку вялікая доля расейцаў. А заробкі там хоць не нашмат, але вышэйшыя, чым у Беларусі. Адпаведна, больш людзей з высокімі даходамі, яны і ствараюць дадатковы попыт у Беларусі, і гэта абмяжоўвае магчымасьці для беларусаў», — заўважае экспэртка.
Форум