Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ), Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) і Офіс генэральнага пракурора (ОГП) Украіны сабралі доказы дзяржаўнай здрады з боку дзейнага народнага дэпутата. У паведамленьнях праваахоўнікаў не ўказваецца імя падазраванага, але украінскія СМІ са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляюць, што гаворка ідзе пра дэпутата Яўгена Шаўчэнку, які нядаўна заклікаў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага пачынаць перамовы з Расеяй.
У ДБР адзначаюць, што комплексная псыхоляга-лінгвістычная і вайсковая экспэртыза пацьвердзіла, што дэпутат пачаў наносіць шкоду абараназдольнасьці і інфармацыйнай бясьпецы Ўкраіны яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. Так, у 2021 годзе ён публікаваў недакладную інфармацыю пра адсутнасьць пагрозы поўнамаштабнага ўварваньня Расеі з тэрыторыі Беларусі.
Сьледзтва таксама ўстанавіла ягоныя кантакты з прадстаўнікамі амбасады Беларусі пасьля таго, як ён у верасьні 2020 году са сьцягам гэтай краіны выйшаў на трыбуну парлямэнту Ўкраіны.
«У рамках дасудовага расьсьледаваньня атрыманыя зьвесткі, якія сьведчаць аб тым, што на працягу 2020-2023 гадоў народны дэпутат неаднаразова наведваў Беларусь, дзе меў зносіны з кіраўніцтвам гэтай краіны і наладжваў „схемы“ закупкі электраэнэргіі і аміячных угнаеньняў па льготным кошце для падкантрольных яму кампаніяў», — гаворыцца ў паведамленьні СБУ.
Таксама дэпутат распаўсюджваў інфармацыю, накіраваную на дыскрэдытацыю заходніх партнэраў і эўрапейскіх каштоўнасьцяў, адзначаюць у ДБР.
У Офісе генпракурора дадаюць, што падазраваны, сярод іншага, публікаваў у сацсетках выказваньні, накіраваныя на шкоду інфармацыйнай бясьпецы Ўкраіны, скажаў факты і падзеі, ствараючы інфармацыйныя прычыны для антыўкраінскай інфармацыйнай дзейнасьці.
Такімі дзеяньнямі ён «надаваў дапамогу дзяржаве-агрэсару ў правядзеньні падрыўной дзейнасьці супраць Украіны», адзначаюць у Офісе гепракурора Ўкраіны.
У траўні 2021 году народныя дэпутаты з фракцыі «Слуга Народа» ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны большасьцю галасоў падтрымалі выключэньне з фракцыі Яўгена Шаўчэнкі. Гэта адбылося пасьля таго, як ён у красавіку таго ж году сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У фракцыі тады заявілі, што Шаўчэнку не дэлегавалі для правядзеньня якіх-кольвек перамоваў у Беларусі.
Паводле зьвестак ДБР, з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну бюро расьсьледавала 2399 крымінальных вытворчасьцяў па злачынствах супраць нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны, у тым ліку 1746 — па фактах дзяржаўнай здрады (арт. 111 КК Украіны).
Хто такі Яўген Шаўчэнка
Яўген Шаўчэнка першым падтрымаў Аляксандра Лукашэнку на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году і павіншаваў яго зь перамогай на наступны дзень, 10 жніўня. У сваім віншаваньні ён падзякаваў Лукашэнку за «душэўнае стаўленьне» да Ўкраіны.
Яшчэ праз 10 дзён пасьля выбараў, калі ў Беларусі адбыліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў, а супраць іхных удзельнікаў пачалі выкарыстоўваць сілу і спэцыяльныя сродкі, заклікаў беларусаў прабачыць «бацьку» ягоныя грахі і злачынствы.
У лютым 2021-га Яўген Шаўчэнка браў удзел ва «ўсебеларускім народным сходзе», а 20 красавіка прыехаў у Менск на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.
23 траўня 2021 году, калі стала вядома аб пасадцы самалёта ў Менску, Яўген Шаўчэнка напісаў у сваім тэлеграм-канале: «У Менску затрымалі стваральнікаў NEXTA. Вось гэта дзяржаўнасьць!». Гэта адбылося за дзень да выключэньня Яўгена Шаўчэнкі з праўладнай фракцыі «Слуга народу».
Менавіта з падачы Яўгена Шаўчэнкі Юры Васкрасенскі, былы сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, 7 кастрычніка 2021 году ў Кіеве сустрэўся з кіраўніком фракцыі «Слуга народу» Давідам Арахамія. Пры другой спробе ўехаць ва Ўкраіну ў канцы кастрычніка Юрыю Васкрасенскаму забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю. Ён тады заявіў, што яго нібыта запрасілі ў Кіеў на перамовы аб пастаўках беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіну.
Форум