Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэнэр менскага «Дынама» адмовіўся камэнтаваць адсутнасьць трансьляцыі ў Беларусі эўрапейскага матчу каманды


Трэнэр «Дынама» Вадзім Скрыпчанка на перадматчавай прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве 6 лістапада
Трэнэр «Дынама» Вадзім Скрыпчанка на перадматчавай прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве 6 лістапада

Гульні Лігі канфэрэнцый паміж варшаўскай «Легіяй» і менскім «Дынама», на якую беларусаў заклікалі прыходзіць з нацыянальнай сымболікай, няма ў праграме дзяржаўнага тэлеканалу СТВ.

Матч стартуе ў Варшаве ў 20:45 па менскім часе. На гэты час у эфіры СТВ заплянаваны сэрыял «Неўскі. Праверка на трываласьць» і дакумэнтальны праект «Назад у СССР».

Пры гэтым канал СТВ паказваў папярэднія матчы менскага «Дынама» ў асноўным раўндзе Лігі канфэрэнцый з «Хартсам» (1:2) і XIK (0:1). Аднак гульню зь «Легіяй» вырашылі не трансьляваць.

На перадматчавай прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве трэнэр «Дынама» Вадзім Скрыпчанка сказаў, што задаволены вялікай цікавасьцю да матча, на які на той час прадалі 22 тысячы квіткоў. Ён, аднак, адмовіўся пракамэнтаваць адсутнасьць трансьляцыі матча на дзяржаўнай тэлевізіі. Скрыпчанка таксама адмовіўся камэнтаваць, ці зьвязаны цяперашні ўзровень беларускага футболу з палітычнай сытуацыяй у краіне.

Фанацкая група менскага «Дынама» раней заклікала беларусаў прыйсьці на матч у Варшаве са сьцягамі і іншай сымболікай:

«Гэты матч — найлепшая магчымасьць нагадаць сьвету пра тое, што адбываецца зь Беларусьсю, у Беларусі. Абвяшчаецца агульны збор на гульню. Купляйце квіткі на стадыён (на любы сэктар, на любыя месцы), бярыце як мага больш сьцягоў і атрыбутыкі нашых колераў», — гаварылася ў паведамленьні фанацкага канала «Zrobleny ū Miensku».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG