Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падлік галасоў у некалькіх ключавых штатах можа зацягнуцца на некалькі дзён


Ілюстрацыйны здымак
Ілюстрацыйны здымак

Ня выключана, што імя пераможцы на прэзыдэнцкіх выбарах будзе вядома толькі ў бліжэйшыя дні, паколькі падлік галасоў, пададзеных падчас прэзыдэнцкіх выбараў у некалькіх хісткіх штатах, можа заняць некалькі дзён.

Газэта New York Times параўнала правілы падліку бюлетэняў у розных штатах і прыйшла да высновы, што, сама меней, у трох штатах з сямі хісткіх штатаў, якія, як чакаецца, вызначаць пераможцу на прэзыдэнцкіх выбарах працэс падліку галасоў, можа зацягнуцца на некалькі дзён.

Найперш, гэта Пэнсыльванія, таму што падлік бюлетэняў, пададзеных па пошце, там пачнецца толькі ў дзень выбараў. Традыцыйна дэмакраты больш актыўна галасуюць такім чынам. У 2020 годзе большасьць прагаласаваўшых на выбарчых участках склалі рэспубліканцы, таму першыя дадзеныя аб выніках выбараў сьведчылі аб перавазе Дональда Трампа, але ў галасаваньні па пошце дамінавалі дэмакраты, і Джо Байдэн перамог.

Чатыры гады таму падлік галасоў у гэтым штаце доўжыўся чатыры дні. Чакаецца, што сёлета гэты працэс пройдзе хутчэй.

Выяўленьне пераможцы прэзыдэнцкіх выбараў у Арызоне таксама можа заняць некалькі дзён з прычыны таго, што падлік галасоў, у тым ліку, пададзеных па пошце, пачынаецца толькі пасьля закрыцця выбарчых пунктаў. Акрамя таго, у найбуйнейшай акрузе штата Марыкопа ў бюлетэні ўключана так шмат пунктаў для галасаваньня па розных пытаньнях, што мясцовыя афіцыйныя асобы папярэджваюць аб тым, поўныя вынікі галасаваньня могуць быць вядомыя толькі праз 10-13 дзён.

Чакаецца, што падлік галасоў у Нэвадзе можа зацягнуцца на некалькі дзён, бо ў гэтым штаце падлічваюць бюлетэні, якія прыходзяць цягам чатырох дзён пасьля выбараў, калі яны адпраўленыя нават у дзень прэзыдэнцкіх выбараў.

Іншымі словамі, мы можам не даведацца імя пераможцы прэзыдэнцкіх выбараў у бліжэйшыя гадзіны пасьля завяршэньня галасаваньня, калі, як чакаецца, разрыў паміж Камалай Гарыс і Дональдам Трампам у гэтых штатах будзе мінімальным і зыход выбараў, як гэта здаралася ў мінулым, вызначаць некалькі дзясяткаў ці нават некалькі тысяч выбарнікаў.

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году

  • За перамогу змагаюцца два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі.
  • Дональд Трамп балятуецца на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
  • Трамп у выпадку перамогі стане другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграе выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
  • Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам. У выпадку выбраньня Гарыс стане першай прэзыдэнткай ЗША і першай асобай паўднёваазіяцкага паходжаньня на гэтай пасадзе.
  • Гарыс падкрэсьлена падтрымлівае права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
  • Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
  • Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
  • Свабода прааналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША будзе залежаць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
  • У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
  • Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
  • Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
  • Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG