Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Супраць усіх ці байкот? Спрэчка Брухана і Вусава пра «бязвыбары»


Каляж: Павал Вусаў (зьлева), Арцём Брухан
Каляж: Павал Вусаў (зьлева), Арцём Брухан

Ці ёсьць прынцыповая розьніца — галасаваць супраць усіх ці цалкам байкатаваць абвешчаную ўладамі прэзыдэнцкую кампанію? Ці можа выбар тактыкі на нешта паўплываць, калі гадамі выбары не былі сумленнымі і калі амаль з кожнай выбарчай кампаніяй міжнародныя арганізацыі адзначалі пагаршэньне іх умоваў?

Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» спрачаюцца намесьнік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях транзыту ўлады Арцём Брухан і прадстаўнік руху «Вольная Беларусь», палітоляг Павал Вусаў.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Арцём Брухан:

  • Тое, што будзе адбывацца ў Беларусі, нельга называць выбарамі, гэта бязвыбары, пакуль не забясьпечаныя базавыя нормы правядзеньня выбараў, пакуль у Беларусі ёсьць палітзьняволеныя, пакуль былыя кандыдаты ў прэзыдэнты знаходзяцца ў турмах, пакуль адбываюцца масавыя рэпрэсіі і саўдзел у агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны. Але нават у такой сытуацыі мы прапаноўваем зрабіць палітычнае дзеяньне, пратэст для тых беларусаў, якія пакуль не «перагарнулі старонку», якія лічаць, што рэжым Лукашэнкі ня можа прадстаўляць беларускае грамадзтва, ня можа быць легітымным.
  • Нельга цяпер заклікаць людзей на пратэсты, выйсьці на вуліцы, немагчыма ўявіць сабе нейкія гвалтоўныя дзеяньні з боку беларускага грамадзтва ў дачыненьні да сыстэмы. Таму адзіная магчымасьць выказаць пратэст у гэтай сытуацыі — прагаласаваць супраць усіх.
  • Нават у такіх аўтарытарных сыстэмах, як лукашэнкаўская, вэртыкалі ў нейкай ступені патрэбна ведаць, што яе падтрымлівае большая частка грамадзтва. Тыя чальцы камісіяў, якія будуць фальсыфікаваць гэтыя выбары, тыя чыноўнікі, якія будуць перадаваць сфальсыфікаваныя зьвесткі, тыя спэцслужбы, якія будуць фіксаваць тое, што адбываецца, — яны, так бы мовіць, атрымаюць іньекцыю таго, што Лукашэнка не перамагае на гэтых «выбарах», што 2020 год — гэта не памылка, а заканамернасьць.
  • Мы прапануем тым, каго згоняць на гэтыя ўчасткі, палітычнае дзеяньне, якое можа ператварыцца ў палітычны ўплыў. І гэта важна ў пэрспэктыве, калі ня будзе Лукашэнкі, — напрыклад, каб ляялісты, якія будуць падтрымліваць таго, хто будзе пасьля Лукашэнкі, не маглі выкарыстаць дэпалітызацыю грамадзтва ў сваіх інтарэсах.
  • Беларускія палітыкі, калі не прапаноўваюць беларускаму грамадзтву нейкага палітычнага дзеяньня, ня могуць называцца палітыкамі. У аўтакратыях байкот зусім не эфэктыўны. Пры гэтым нават па лукашэнкаўскіх законах галасаваньне супраць усіх — не злачынства. Калі будуць затрымліваць тых, хто прагаласаваў супраць усіх, дык могуць затрымаць нават чыноўнікаў і сілавікоў, якія вырашылі прагаласаваць супраць усіх. Гэта спроба прапанаваць людзям хоць нейкую альтэрнатыву.
  • Палітычныя інстытуты нават за мяжой уплываюць на частку грамадзтва. Нашыя апанэнты кажуць, што сыстэма настолькі моцная, што трэба пагадзіцца зь ёю і чакаць больш зручнага моманту для нейкай рэвалюцыі ці чагосьці яшчэ, што нібыта адбудзецца само сабой. Але я з гэтым пагадзіцца не магу.

Павал Вусаў:

  • Беларусы ўжо ня раз выказвалі сваю пазыцыю адносна таго, што адбываецца ў лукашэнкаўскай Беларусі, у прыватнасьці ў 2020 годзе. Вялікая частка людзей і так ясна і дакладна сказала, што Лукашэнка ня можа зьяўляцца прэзыдэнтам і што краіна павінна ісьці па іншым шляху.
  • Ніхто нават бюлетэні ня будзе лічыць, будуць проста прапісаныя вынікі галасаваньня ў пратаколах. Сам працэс удзелу ў галасаваньні легітымізуе «нявыбары», бо, аказваецца, можна пайсьці прагаласаваць. Тая апазыцыя, якая заклікае на ўчасткі, па сутнасьці, сваімі заклікамі выконвае тыя задачы, якія заўсёды ставіла перад сабой улада: заганяць людзей на «выбары».
  • Найлепшая пазыцыя — гэта сьвядома не ісьці на «выбары». Гэта якраз і ёсьць сьвядомая пазыцыя няўдзелу, непрыняцьця гэтага рытуалу, непрыняцьця імітацыі, якую робіць Лукашэнка.
  • Можна сказаць, што калі вас прымусілі ісьці на выбары, парвіце бюлетэнь ці прагаласуйце супраць усіх, але гэта зусім іншы падыход. Іншая, непрымальная рэч — калі апазыцыйныя структуры заклікаюць людзей пайсьці галасаваць самастойна.
  • Мы ня ведаем, што будзе адбывацца на ўчастках, мы нават ня ведаем прозьвішчаў тых людзей, якія будуць у камісіях. Вось гэтым трэба займацца, а не заклікаць людзей ісьці на ўчасткі. Каб людзі ведалі, хто ўдзельнічае ў працэсе фальсыфікацыі.
  • У сыстэме, па сутнасьці, вакол Лукашэнкі засталіся тыя, хто і так добра ведае, якая ў яго падтрымка, што гэта не 50% ці 80%, як яны малююць. І ня трэба гуляць у працэдуры, якія па сутнасьці на сытуацыю ўнутры ніякага ўплыву мець ня будуць.
  • Каб быць беларускім палітыкам, трэба знаходзіцца ў Беларусі, а не за межамі Беларусі. Мы — выключна грамадзкія дзеячы, бо мы ня маем ніякага рэальнага ўплыву на функцыянаваньне дзяржавы, мы не кіруем дзяржавай. Палітыкі — гэта тыя людзі, якія прымаюць лёсавызначальныя рашэньні ўнутры дзяржавы. Мы такіх рашэньняў не прымаем.
  • Ня думаю, што нехта з маіх апанэнтаў у апазыцыйных структурах скажа, што рэжым слабы, што ён не кантралюе сытуацыю і што заўтра Лукашэнка сыдзе — тое, чым кармілі беларусаў амаль чатыры гады. Калі нехта кажа, што праз галасаваньне і галачку «супраць усіх» мы падарвем сыстэму, гэта шкодны папулізм, які зноў пераўтвараецца ў гандаль ілюзіямі.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG