У Варшаве ў справе аб выкраданьні машын затрымалі 32-гадовага беларуса. Ён некалькі месяцаў быў у вышуку ў справе аб аўтакрадзяжах, паведамляе паліцыя прыгарада Варшавы Атвоцка Мазавецкага ваяводзтва.
Паведамляецца, што беларус падчас допыту не хацеў называць месца, дзе хаваўся апошнія некалькі тыдняў. Аднак паліцыянты знайшлі кватэру ў Варшаве, дзе падчас ператрусу выявілі нямецкія нумарныя аўтамабільныя знакі, чужыя дакумэнты, банкаўскія карты і каля 10 тысяч злотых гатоўкай (2,5 тысячы даляраў).
У гэтай жа кватэры знаходзіўся яшчэ адзін падазраваны, 27-гадовы грамадзянін Узбэкістану. У яго быў аўтамабіль BMW, выкрадзены ў адной з краін Эўразьвязу. Паліцыянты з дапамогай памежнай службы выявілі сьляды ўмяшання ў ідэнтыфікацыйны нумар VIN гэтага BMW.
Беларуса арыштавалі, а ўзбэку выставілі абвінавачаньні ў захоўваньні крадзенай маёмасьці.
Форум