Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі таксіста асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня ў справе аб шпіянажы на карысьць Расеі


Сьцяг Латвіі. Ілюстрацыйнае фота
Сьцяг Латвіі. Ілюстрацыйнае фота

Рыскі гарадзкі суд прыгаварыў да сямі гадоў зьняволеньня таксіста Сяргея Сідарава па справе аб шпіянажы на карысьць Расеі. Пасьля абвяшчэньня прысуду ён адмовіўся размаўляць з журналістамі, заявіўшы толькі, што мае намер абскардзіць рашэньне гарадзкога суду ў акруговым судзе.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Сідараў зьбіраў і перадаваў зьвесткі на даручэньне арганізацыі «Антифашисты Прибалтики». Падчас расьсьледаваньня выявілі 23 выпадкі шпіянажу. Таксіст перадаваў інфармацыю пра Ўзброеныя сілы Латвіі і краін-саюзьніц на яе тэрыторыі, зьвесткі пра стратэгічна важныя аб’екты, а таксама інфармацыю пра кампаніі ў Латвіі, якія падтрымліваюць Украіну.

У красавіку 2023 году, піша Delfi са спасылкай на матэрыялы справы, Сідараў адправіў нявызначанай асобе праз тэлеграм паведамленьне пра тое, што ў Рыскі порт зайшоў вайсковы карабель, які прышвартаваўся на закрытым прычале, вядзецца яго разгрузка. Ён таксама расказваў пра пляны падарваць палігон дронаў, што непадалёк ад Рыгі, і нафтавы тэрмінал.

Сідараў віну прызнаў часткова. Ён расказваў, што яму спадабалася дзяўчына, прарасейская блогерка і адміністратарка тэлеграм-канала «Антифашисты Прибалтики» Вікторыя Матуле, і ён хацеў зрабіць на яе ўражаньне.

Таксіста затрымалі 15 жніўня 2023 году. Дома ў яго, як сьцьвярджаецца, выявілі некалькі носьбітаў інфармацыі, а таксама «знакі, якія пацьвярджаюць пракрамлёўскія ідэалягічныя перакананьні чалавека», — сьцягі Расеі і СССР.

Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі завяла крымінальную справу супраць аб'яднаньня «Антифашисты Прибалтики» ў лістападзе 2022 году. Паводле зьвестак ведамства, аб’яднаньне дзейнічала супраць інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі Латвіі, у тым ліку зьбірала інфармацыю, якая не падлягае разгалошваньню, з мэтай перадачы яе расейскім спэцслужбам. Крымінальны працэс у дачыненьні да таксіста аддзялілі ад справы «Антифашистов Прибалтики».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG