У паліцыі акругі Маямі-Дэйд адказалі на запыт «Трыбуны» пра канчатковыя высновы расьсьледаваньня сьмерці вядомага ў мінулым беларускага хакеіста Канстанціна Кальцова.
Кальцоў трагічна загінуў у ноч з 17 на 18 сакавіка, упаўшы з гаўбца на 23-м паверсе аднаго з гатэляў у прадмесьці Маямі.
«На падставе расьсьледаваньня і доказаў, сабраных нашым бюро па забойствах, гэты інцыдэнт клясыфікавалі як суіцыд», — паведаміў прадстаўнік паліцэйскага дэпартамэнту Маямі-Дэйд Анхель Радрыгес.
Раней былая жонка Канстанціна Юлія Міхайлава дапускала, што вэрсія пра самагубства былога мужа можа быць пасьпешлівай. Яна выказвала думку, што гэта быў няшчасны выпадак.
Кальцоў сустракаўся са знакамітай беларускай тэнісісткай Арынай Сабаленкай, якая даўно жыве і трэнуецца ў гэтай краіне. Пасьля сьмерці хакеіста Сабаленка заявіла, што яны ўжо «больш не былі разам»: «Сьмерць Косьці — неймаверная трагедыя. І хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разьбітае», — напісала тэнісістка ў сацсетках.
Форум