Рэалізацыя пляну процістаяньня Расеі, які Зяленскі называе плянам перамогі, на думку ўкраінскага прэзыдэнта, павінна прымусіць расейскія ўлады адмовіцца ад працягу вайны і пайсьці на перамовы. Плян, мяркуючы па апублікаванай інфармацыі, прадугледжвае істотнае павелічэньне падтрымкі Ўкраіны з боку заходніх саюзьнікаў, у тым ліку яе фармальнае запрашэньне ў NATO, дазвол на ўдары ўглыб тэрыторыі Расеі з выкарыстаньнем заходняй зброі, пастаўкі новых відаў узбраеньняў.
Зяленскі заяўляў аб існаваньні трох сакрэтных дадаткаў да пляну. The New York Times раскрывае зьмест аднаго зь іх, які адносіцца да тэматыкі стрымліваньня. Гаворка ідзе аб прадстаўленьні Ўкраіне ракет Tomahawk з далёкасьцю да 2400 кілямэтраў — тэхнічна гаворка ідзе аб ракетах сярэдняй далёкасьці. Суразмоўца NYT назваў просьбу Зяленскага «абсалютна невыканальнай».
Раней прэзыдэнт Украіны заяўляў, што гаворка ідзе пра няядзерную зброю, якая, тым ня менш, на яго думку, можа эфэктыўна выкарыстоўвацца для стрымліваньня Расеі.
У матэрыяле The New York Times са спасылкай на амэрыканскіх і ўкраінскіх чыноўнікаў, не названых па імёнах, у цэлым сьцьвярджаецца, што ў ЗША плян Зяленскага ўспрынялі скептычна. Суразмоўцы выданьня назвалі яго нерэалістычным, а яго рэалізацыю — цалкам залежнай ад заходняй дапамогі. Пры гэтым выданьне выказвае меркаваньне, што фактычная адмова Захаду пагадзіцца на гэты плян можа стаць для Зяленскага падставай для саступак Расеі.
Газэта асобна адзначае, што падчас свайго верасьнёўскага візыту ў Вашынгтон Зяленскі нібыта быў «агаломшаны» адмовай ЗША дазволіць выкарыстаньне амэрыканскай дальнабойнай зброі для ўдараў па тэрыторыі Расеі. Крыніцы выданьня сьцьвярджаюць, што складзены Ўкраінай сьпіс цэляў на тэрыторыі Расеі значна перавышае колькасьць ракет, якія ЗША маглі б паставіць бяз шкоды для сваіх інтарэсаў.
Афіцыйны Кіеў публікацыю The New York Times пакуль не камэнтаваў. Зяленскі падчас візыту ў Ісьляндыю, дзе ён сустрэўся зь лідэрамі краін паўночнай Эўропы, зноў заклікаў краіны Захаду падтрымаць прапанаваны ім «плян перамогі».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум