Павялічыцца шэраг выплатаў
З 1 лістапада ў Беларусі вырасьце памер бюджэту пражытковага мінімуму — да 437,8 рубля ў сярэднім на душу насельніцтва (на 4,8 рубля, або на 1,1%, больш, чым цяпер).
Ад бюджэту пражытковага мінімуму залежаць дзіцячыя дапамогі, сацыяльныя пэнсіі, надбаўкі за догляд і даплаты да пэнсіяў — яны таксама вырастуць.
Так, аднаразовая дапамога пры нараджэньні першага дзіцяці вырасьце да 4378 рублёў (цяпер — 4330 рублёў), другога і наступных дзяцей — да 6129,2 рубля (цяпер — 5862,22 рубля). Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці, вырасьце да 437,8 рубля (цяпер — 433 рублі).
Штомесячныя выплаты сем’ям на дзяцей ва ўзросьце ад 3 да 18 гадоў у пэрыяд выхаваньня дзіцяці ва ўзросьце да 3 гадоў складуць 218,9 рубля; на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорыяў сем’яў (акрамя дзіцяці-інваліда) — 218,9 рубля.
Дапамога на дзіця-інваліда, старэйшае за 3 гады, складзе 306,46 рубля.
Зьмены ў працы таксі
З 1 лістапада перавозчыкі, якіх не ўключылі ў рэестар аўтаперавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, ня змогуць працаваць на законных падставах. У выпадку працягу працы іх дзейнасьць будзе прызнаная незаконнай і прывядзе да буйных штрафаў і канфіскацыі даходаў.
Да 31 кастрычніка ўключэньне ў рэестар бясплатнае, пасьля гэтай даты трэба будзе сплаціць дзяржаўны збор:
- за аднаго кіроўцу — 40 беларускіх рублёў,
- за кожны транспартны сродак — 80 рублёў,
- за ўключэньне кожнага дыспэтчара — 4 тысячы рублёў.
Міністэрства пачне рэгуляваць тарыфы на кансультацыі лекараў-спэцыялістаў
З 1 лістапада ў пералік платных мэдычных паслуг, тарыфы на якія рэгулюе дзяржава, дададуць прыёмы (кансультацыі) у лекараў-спэцыялістаў.
У гэты пералік ужо ўваходзяць платныя стаматалягічныя паслугі, дыягностыка (лябараторная, прамянёвая, ультрагукавая, функцыянальная і эндаскапічная), мэдычны агляд для атрыманьня даведкі кіроўцам.
Адменяць зьніжкі ў электравіках
Зьніжка ў 50% ад цаны на праезд у цягніках рэгіянальных лініяў эканомклясы для пэнсіянэраў, якую ўводзяць штогод з 1 траўня, будзе дзейнічаць да канца кастрычніка. З 1 лістапада пэнсіянэры зноў мусяць купляць квіткі за поўную цану.
Зноў падаражэюць цыгарэты
Як паведаміла Міністэрства падаткаў і збораў, з 1 лістапада падаражэюць дзевяць відаў тытунёвых вырабаў.
Цэны на іх вырастуць на 10–20 капеек.
Вялікія выходныя
У лістападзе грамадзяне Беларусі будуць адпачываць чатыры дні запар. На выходныя можна разьлічваць з 7 па 10 лістапада.
Пры гэтым беларусаў чакае працоўная субота: працоўны дзень зь пятніцы, 8 лістапада, пераносіцца на 16 лістапада.
Стануць вядомыя ўсе прэтэндэнты на кандыдацтва на выбарах
Да 1 лістапада прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта павінны падаць заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Пасьля гэтага пачнецца збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў.
Ініцыятыўныя групы пачалі рэгістраваць 29 кастрычніка.
Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
МУС паабяцаў зь лістапада пачаць актыўную фазу вучэньняў у перадухіленьні беспарадкаў.
Зьмены ў банках
Шэраг банкаў, якія працуюць у Беларусі, у кастрычніку абвясьцілі, што зь лістапада адбудуцца зьмены ў працы па рахунках, картках і іншых аспэктах. Некаторыя абяцаюць новыя магчымасьці для кліентаў.
Форум