Агітацыя на параўнаньнях з Украінай падчас вайны
Грамадзкі актывіст Андрэй (імя зьмененае з пытаньняў бясьпекі. — РС) жыве ў Тбілісі. Ён кажа, што цяперашнія пратэсты — гэта працяг тых, якія прайшлі ў пачатку году як рэакцыя на закон аб «іншаземных агентах».
Ён расказаў, што ў апошнія месяцы ў горадзе было шмат сацыяльнай рэклямы ад кіроўнай партыі «Грузінская мара». Яна зрабіла параўнаньне Грузіі з Украінай падчас вайны. Андрэй мяркуе, што гэта амаральна.
«Было вельмі шмат грошай на яе выкарыстана. Ты бачыш банэры, аўтобусныя прыпынкі, мэтро, паўсюль рэкляма кіроўнай партыі. Таксама яны выкарысталі фатаздымкі з Украіны з разбуранымі гарадамі, а побач гарады Грузіі. Там былі надпісы „Не выбірай вайну, выбірай мір“ і нумар кіроўнай партыі. Яны паказвалі, што калі ня выбераш іх, то чакае ўкраінскі шлях», — расказвае суразмоўца.
Андрэй расказвае пра яшчэ адзін сюжэт банэраў «Грузінскай мары»: лідэры апазыцыі сабраныя разам, у іх на шыі зацягнутыя рамяні, якія трымае адна рука, і надпіс: «Не — агентуры».
Андрэй кажа, што самі выбары ў Тбілісі, паводле ягоных назіраньняў, прайшлі досыць спакойна. Аднак ён чуў сьведчаньні і бачыў відэа, як на ўчастках здараліся сваркі і нават бойкі, бо нейкія групы людзей настойліва агітавалі галасаваць за кіроўную партыю. Ён таксама бачыў ролік, як у малым грузінскім горадзе нехта ўкінуў у бокс для галасаваньня цэлы стос блянкаў замест аднаго. Суразмоўца мяркуе, што гэта выпадак фальсыфікацыі выінкаў выбараў.
Андрэй прыгадвае, што ўжо за некалькі гадзін да вынікаў выбараў кіроўная партыя стала ставіць сцэну каля свайго офісу ў Тбілісі, віншаваць сябе зь перамогай. Кааліцыя апазыцыйных партый пасьля першых вынікаў экзыт-полаў думала, што атрымала большасьць галасоў, і таксама стала сьвяткаваць сваю перамогу.
Андрэй кажа, што жыхары Грузіі чакаюць, як на сытуацыю адрэагуе апазыцыя, грамадзкія арганізацыі і іх партнэры.
«У нядзелю большасьць людзей была ў шоку. Было шмат пытаньняў, што рабіць, як функцыяваць, як адрэагаваць на гэтыя падзеі», — гаворыць суразмоўца.
Ён дадае, што калі ў краіне нічога ня зьменіцца ў бок свабоды слова, свабоды супольнасьцяў, калі павялічыцца расейскі ўплыў на жыцьцё ўнутры Грузіі, то людзі будуць разглядаць варыянт пакінуць краіну. У тым ліку гэта закране прадстаўнікоў супольнасьці ЛГБТК+. Сам Андрэй кажа, што не хацеў бы зьяжджаць. Але разгледзіць варыянт часова або зусім выехаць, калі нешта будзе пагражаць ягонай асабістай бясьпецы і свабодзе і бясьпецы ягоных блізкіх.
Патрабаваньні новых выбараў і расьсьледаваньня парушэньняў
Андрэй таксама далучыўся да акцый пратэсту ў Грузіі.
«Калі ты абараняеш правы людзей, няважна, якога колеру пашпарт ты маеш», — робіць выснову суразмоўца.
Ён расказаў, што а 19-й гадзіне панядзелка, 28 кастрычніка, людзі пачалі зьбірацца каля парлямэнту ў Тбілісі. Каля 21-й гадзіны ўвесь цэнтральны праспэкт быў заняты пратэстоўцамі. Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі са сцэны мітынгу паўтарыла, што не прызнае вынікаў выбараў і што будзе да канца разам з народам, які ідзе шляхам да Эўропы.
Паводле ўдзельніка акцыі пратэсту, прадстаўнікі апазыцыі выказваліся, што вынікі выбараў сфальсыфікаваныя, і заклікалі байкатаваць іх. Яны заявілі, што будуць дамагацца новых выбараў з удзелам міжнародных арганізацый, расьсьледаваньня гэтых вынікаў разам з эўрапейскімі партнэрамі. Акцыя цягнулася каля дзьвюх з паловай гадзін.
«Я ня думаю, што „Грузінская мара“ перамагла»
Беларускі праваабаронца Раман Кісьляк, які жыве ў Грузіі зь лета 2021 году, расказаў Свабодзе, што апазыцыйныя палітычныя партыі, якія, паводле афіцыйных вынікаў выбараў, прайшлі ў парлямэнт, адмаўляюцца браць мандаты.
«Так яны могуць паралізаваць парлямэнт», — адзначае ён.
Паводле Канстытуцыі Грузіі, новы парлямэнт атрымлівае поўныя паўнамоцтвы, калі прызнаюць паўнамоцтвы двух трацін сяброў парлямэнту, цытуе дакумэнт Кісьляк. Калі ўся апазыцыя адмовіцца браць мандаты, то парлямэнт нельга будзе сфармаваць. У мінулыя гады была падобная практыка, але тады гаворка ішла пра меншую колькасьць адмоваў.
«Я ня думаю, што „Грузінская мара“ перамагла. Выбары прайшлі з такімі відочнымі парушэньнямі. Мы як дыяспара не назіралі ніяк. Але грузінскія праваабарончыя арганізацыі назіралі. Цяпер яны падсумоўваюць парушэньні. Яны масавыя. Ёсьць факты запужваньня, факты нападу, подкупу, запалохваньня тых, хто ў дзяржаўным сэктары, падвойнае галасаваньне, ад якога мы адвыклі ў Эўропе», — кажа ён.
Праваабаронца кажа, што беларусы задумаліся пра тое, каб зьяжджаць з Грузіі, яшчэ ў красавіку 2023 году. Тады ўлады не пусьцілі ў краіну Яўгена Гацака, сузаснавальніка дыяспары беларусаў Грузіі. Потым сытуацыя пагоршылася, адбылося некалькі падобных кейсаў няўезду. У апошні час каля 20 чалавек з 60 заяўнікоў атрымалі адмовы на просьбы аб статусе палітычнага прытулку або міжнароднай абароны.
Юрыст дадаў, што пры гэтым беларусам складана атрымаць эўрапейскія гуманітарныя візы ў Грузіі.
«Пасольствы эўрапейскіх краін многім адмаўляюць. Кажуць, што Грузія бясьпечная краіна. Людзі трапляюць у сытуацыю, калі яны, можа, і хацелі б выехаць, але ня могуць», — тлумачыць Раман Кісьляк.
Прыняты сёлета закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» прымусіў некаторыя беларускія недзяржаўныя арганізацыі закрыцца і пераехаць у іншыя краіны.
Са словаў Кісьляка, выбары ў парлямэнт пакуль ня моцна паўплывалі на беларусаў, але людзі назіраюць, што будзе далей. Ці шмат людзей выйдуць на пратэст, як адрэагуюць іншыя сілы.
На ягоную думку, пачынаецца палітычны крызіс, які працягнецца ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў. Ён думае, калі апазыцыя канчаткова прайграе, то прынамсі актывістаў беларускай дыяспары будуць далей выціскаць з краіны.
Форум