Энцыкляпэдычны слоўнік-даведнік «Беларускія псэўданімы і крыптанімы (XVI-XX стст.)» Янкі Саламевіча ахоплівае ўсе публікацыі на беларускай мове, у тым ліку выданьні беларускай дыяспары, а таксама публікацыі на польскай і расейскай мовах, якія выходзілі ў Беларусі.
«Гэтая кніга можа стаць ня толькі шыкоўным падарункам на памяць, але і дасканалай крыніцай ведаў. (...) Мы прапануем яго літаратуразнаўцам, гісторыкам, краязнаўцам, выкладчыкам ВНУ, студэнтам, настаўнікам, а таксама шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца багатай паэтычнай спадчынай нашага народа», — адзначаюць у выдавецтве.
Замовіць кнігу можна на сайце выдавецтва.
Янка Саламевіч — знаны беларускі энцыкляпэдыст, фальклярыст, літаратуразнаўца, перакладчык, аўтар першага ў Беларусі «Слоўнік беларускіх псэўданімаў і крыптанімаў XVI-XX стст.» (1983).
Слоўнік беларускіх псэўданімаў і крыптанімаў — велізарная праца, якой Янка Саламевіч займаўся ледзь ня цягам усяго жыцьця. Пасьля першага выданьня слоўніка ў 1983 годзе Саламевіч пашырыў яго ў некалькі разоў, але так і не дачакаўся, каб пабачыць яго з друку. На гэтае ўнікальнае ў Беларусі дасьледаваньне дзяржава не знайшла грошай, прытым яшчэ і змусіўшы аўтара пайсьці з энцыкляпэдыі, распавядаў пасьля сьмерці энцыкляпэдыста ягоны калега, доктар філялёгіі Арсень Ліс. Янка Саламевіч пайшоў з жыцьця 31 ліпеня 2012 году.
Форум