Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне адмовілі ў візыце ў Кіеў генэральнаму сакратару ААН пасьля ягонага ўдзелу ў саміце BRICS у Расеі


Антонію Гутэрыш і Ўладзімір Пуцін, Казань, 24 кастрычніка 2024
Антонію Гутэрыш і Ўладзімір Пуцін, Казань, 24 кастрычніка 2024

Антонію Гутэрыш хацеў прыехаць ва Ўкраіну пасьля свайго візыту ў Расею.

Ва Ўкраіне адмовіліся ад візыту генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша пасьля ягонага ўдзелу ў саміце BRICS у Расеі, нягледзячы на тое, што ён заклікаў расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна да «справядлівага міру» ва Ўкраіне і назваў вайну парушэньнем Статуту ААН.

Як паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на высокапастаўленую крыніцу ва ўкраінскай уладзе, Антонію Гутэрыш хацеў прыехаць ва Ўкраіну, але Ўладзімір Зяленскі не пацьвердзіў гэты візыт праз «прыніжэньне міжнароднага права ў Казані».

24 кастрычніка Ўладзімір Зяленскі ў часе звароту да ўдзельнікаў трэцяга парлямэнцкага саміту Крымскай плятформы, які праходзіў у Рызе (Латвія), скрытыкаваў саміт BRICS і ўдзел у ім генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша.

«Цяпер, калі лідэры некаторых дзяржаў сабраліся на пуцінскім саміце ў Казані і калі, па сутнасьці, праз гэты іхны саміт можна перамяшчаць вайскоўцаў з Паўночнай Карэі бліжэй да фронту ва Ўкраіне пад акампанэмэнт слоў пра нібыта недапушчэньне напружанасьці, мы ўсё роўна ведаем: пераможа не злачынец, ня той, хто руйнуе, ня той, хто дэпартуе, а той, хто аб’ядноўвае народ на аснове фундамэнтальных чалавечых каштоўнасьцяў і статуту ААН», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

ААН апублікавала заяву па выніках сустрэчы Антонію Гутэрыша з Уладзімірам Пуціным 24 кастрычніка ў Казані. У ёй адзначалася, што генэральны сакратар ААН паўтарыў сваю пазыцыю адносна расейскага ўварваньня ва Ўкраіну падчас іх асабістай сустрэчы, першай з красавіка 2022 году. Ён заявіў Пуціну, што расейскае ўварваньне ва Ўкраіну парушае Статут ААН і міжнароднае права.

На саміце ў Казані Антонію Гутэрыш таксама сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

У трохдзённым саміце ў Казані ўзялі ўдзел прадстаўнікі іншых краін BRICS — Бразыліі, Індыі, Кітаю і ПАР, а таксама кіраўнікі або прадстаўнікі 36 краін, у тым ліку Ірану і Турэччыны.

22 кастрычніка ў Казань таксама прыбыў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, які не прыехаў на саміт міру, арганізаваны Ўкраінай і Швайцарыяй у чэрвені 2024 году. МЗС Украіны з гэтай нагоды крытыкавала Гутэрыша.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG