Ігар Кізім, былы амбасадар Украіны ў Беларусі, які зь лютага 2024 году займае пасаду амбасадара Ўкраіны па асобых даручэньнях па Беларусі, пракамэнтаваў у Facebook заявы Аляксандра Лукашэнкі, якія той зрабіў у інтэрвію расейскім і іншым замежным журналістам, пра тое, як адбываўся напад Расеі на Ўкраіну ў лютым 2022 году.
У прыватнасьці, Лукашэнка заявіў, што не даваў дазволу Ўладзіміру Пуціну выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну, які нібыта справакаваў украінскі бок. Апроч таго, ён расказаў, што ўкраінцы нібыта «расчлянялі целы беларусаў, каб немагчыма было зразумець, як яны загінулі».
«У нас былі вучэньні, на якіх задзейнічалі некалькі тысяч чалавек расейскіх войскаў. Гэтыя войскі былі ў асноўным з усходняй акругі, і Пуцін пачаў выводзіць гэтыя войскі зь Беларусі. Яны былі на поўдні, і па гэтай дарозе, міма мяжы з Украінай, ён пачаў вывад войскаў. Частку войскаў у нейкі пэрыяд (справакавалі, я ў гэтым перакананы) ён завярнуў на Кіеў. Расея — наш саюзьнік. Я падтрымліваў і буду падтрымліваць Расею столькі, колькі ёй патрэбна. Дакладна так, як вы заяўляеце, што будзеце падтрымліваць Украіну», — заявіў Лукашэнка.
Ігар Кізім параўнаў заявы Лукашэнкі, што ён «ня ўцягнуты ў канфлікт», з выказваньнямі Ўладзіміра Пуціна «мы яшчэ не пачыналі».
«Яшчэ больш цікавыя былі ягоныя тлумачэньні нападу Расеі з тэрыторыі Беларусі ў лютым 2022 году. Ну, вярталіся сабе расейскія войскі да сябе з вучэньняў на поўдні Беларусі, а потым раз... і павярнулі на Кіеў... Але неяк не тлумачыць, чаму адначасова паляцелі ракеты і бомбы па ўкраінскай тэрыторыі зь беларускіх аэрадромаў і чаму гэтае ўварваньне працягвалася не адзін месяц. Хоць не, тлумачыць, — „запытайце ў Зяленскага“. Нармальна», — напісаў Ігар Кізім.
Украінскі дыплямат згадаў, як у той час, калі ён яшчэ знаходзіўся ў Менску, беларускія дыпляматы і чыноўнікі не маглі патлумачыць відавочны факт расейскай агрэсіі, перш чым «іхнаму кіраўніку не падрыхтавалі адпаведныя тэзісы».
«Лукашэнка, мяркую, усе заўважылі, увогуле мала што мяняе ў сваіх ацэнках і тлумачэньнях (якія яму „ўпіхнулі“ у галаву КДБ і Служба зьнешняй выведкі), хіба што ў бок нагнятаньня і дапаўненьня „жахлівымі“ прыкладамі. Так, у адказ Розэнбэргу (журналіст BBC. — РС) на пытаньне, чаму не падтрымаў Украіну, ён зноў панёс такую бязглузьдзіцу, што нават я зьдзівіўся», — дадаў Ігар Кізім.
Дыплямат нагадаў, што Ўкраіна ўвяла першыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ за яе ўдзел у расейскай агрэсіі толькі ў лістападзе 2022 году, а вагоны і аўтамабілі, пра якія расказаў Лукашэнка, пачалі арыштоўваць адразу пасьля пачатку агрэсіі.
Паводле дыплямата, гісторыя Лукашэнкі «пра вызваленьне беларускіх кіроўцаў пры дапамозе спэцапэрацыі» была часткай дамоўленасьцяў — тады абмянялі ўкраінскіх кіроўцаў, якія вярталіся з Расеі празь Берасьце, на расейскіх, якія ехалі ў Расею.
«Беларусь патрабавала дадаць сваіх кіроўцаў (іх і так плянавалі аддаць пазьней) у сьпісы расейцаў. Але найбольш цікава ў „тлумачэньнях“ выглядае павелічэньне колькасьці беларусаў, якіх „расчлянілі“. У папярэдніх інтэрвію, я прыгадваю, мова ішла пра двух, а цяпер ужо пра пяцярых. Як яно будзе далей? Кажу гэта без асаблівага сарказму, а тым больш самазадавальненьня. Мой камэнтар, найперш, для таго, каб зразумець, чаго чакаць ня толькі беларусам, але і нам, украінцам, і іншым краінам нашага рэгіёну ад знаходжаньня ва ўладзе гэтага чалавека яшчэ наступныя пяць гадоў», — напісаў Ігар Кізім.
Дыплямат дадаў, што за час знаходжаньня Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе Беларусь ператварылася з «больш-менш нэўтральнай краіны ў цэнтры Эўропы» ў «крыніцу пагроз для суседзяў, у краіну-суагрэсарку, з тэрыторыі якой гучаць ядзерныя пагрозы, у краіну «зь цяжкакапрадказальнай і несамастойнай замежнай палітыкай, цалкам залежнай ад капрызаў Крамля».
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- Улады Беларусі цягам усёй ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны пэрыядычна заяўляюць аб правакацыях, якія нібыта плянуюцца з украінскай, польскай ці літоўскай тэрыторыі.
- Рэжым Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэньня вайны Расеі супраць Украіны.
Форум