Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што гатовы разгледзець зварот Калесьнікавай аб памілаваньні, але «ня варта яе вылучаць, калі там сядзіць мільён»


Аляксандар Лукашэнка дае інтэрвію журналісту ВВС Стывэну Розэнбэргу
Аляксандар Лукашэнка дае інтэрвію журналісту ВВС Стывэну Розэнбэргу

Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію журналісту ВВС Стывэну Розэнбэргу. У 2021 годзе Лукашэнка ўжо даваў яму інтэрвію.

Пакуль ВВС не апублікавала інтэрвію Розэнбэрга, але вытрымкі зь яго цытуе беларускае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. Расказваем, пра што Лукашэнка казаў брытанскаму журналісту.

Пра перамовы з прадстаўнікамі Захаду

У інтэрвію Стывэну Розэнбэргу Лукашэнка заявіў, што падчас нядаўніх «непублічных перамоваў» з прадстаўнікамі краінаў Захаду абмяркоўвалі сытуацыю на Блізкім Усходзе, Кітай і ўнутраную палітыку. Паводле Лукашэнкі, перамовы доўжыліся 4 гадзіны. З кім менавіта размаўляў Лукашэнка, ён не паведаміў, патлумачыўшы, што дамоўленасьць была такая, што «гэта закрытыя, канфідэнцыйныя перамовы».

«Закраналіся пытаньні канфлікту на Блізкім Усходзе. Зяленскі ўздымае такое пытаньне: дайце ракеты, я буду біць па Крамлі да Казані. Я папярэдзіў: хлопцы, вы акуратней з далёкасяжнымі ракетамі і іншае. Да Пуціна могуць зьвярнуцца, напрыклад, хусіты: „Дайце берагавыя комплексы“. Якія могуць нанесьці страшны ўдар па караблях. А калі ён у адплату, што вы пастаўляеце Зяленскаму далёкасяжную зброю, паставіць хусітам комплексы „Бастыён“ і будзе разьбіты хоць адзін авіяносец? „Гэта для нас непрымальна“.

Я кажу: „Я разумею. Але і для Пуціна непрымальна, калі вы будзеце пастаўляць далёкасяжныя ракеты і біць па ўсёй Расеі“. Пагадзіліся: „Так, сапраўды небясьпечна“», — заявіў Лукашэнка.

Пра стасункі з Захадам

Лукашэнка заявіў, што нядаўняе памілаваньне шэрагу палітвязьняў у Беларусі не зьвязанае зь ягоным жаданьнем «наладзіць стасункі з Захадам».

«Я заўсёды хацеў мець нармальныя адносіны з Захадам. Нядаўнія памілаваньні асобаў, асуджаных за злачынствы пратэставай накіраванасьці, ніяк не зьвязаныя з гэтым. Людзі былі вызваленыя з гуманітарных меркаваньняў. Вось і ўсё. І ніякі гэта ня крок да паляпшэньня адносінаў з вамі. Ня хочаце вы з намі адносінаў — і ня трэба. Мы перажывём і бяз вас», — заявіў Лукашэнка і зноў паскардзіўся на заходнія санкцыі.

Пра Марыю Калесьнікаву

Падчас інтэрвію Лукашэнка заявіў, што гатовы разгледзець прашэньні аб памілаваньні ад палітвязьняў, у прыватнасьці ад Марыі Калесьнікавай.

«У нас ёсьць закон: чалавек усьвядоміў сваю віну, ён зьвярнуўся да прэзыдэнта (як і ў многіх іншых краінах) з просьбай аб памілаваньні — ну што ж, мы разгледзім. Калі будзе такі зварот Калесьнікавай, я абавязкова разгледжу», — запэўніў Лукашэнка.

Ён заявіў, што дазволіў бацьку Калесьнікавай наведаць яе ў калёніі, калі той «папрасіў», і сказаў, што калі нехта яшчэ з родных і блізкіх захоча наведаць Калесьнікаву і папросіць пра гэта, дык, маўляў, «будзе просьба — мы яе разгледзім».

«Там, магчыма, такая сям’я, што ім, можа, і нецікава, як вам, наведаць Марыю Калесьнікаву. Я кажу: разгледзім. Так, не — гэта будзе відаць потым.

Я катэгарычна супраць, што вы пачынаеце асобы вылучаць. Калі там сядзіць мільён, дык там усе людзі аднолькавыя. А Калесьнікава і іншыя павінныя адказаць перад гэтымі людзьмі, чаму яны там апынуліся», — заявіў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, некалькі дзён таму камісіі па памілаваньні, якую ўзначальвае генпракурор Андрэй Швед, паставілі задачу разам з папраўчымі органамі вывучыць справы асуджаных паводле палітычных артыкулаў.

Пра інтарэсы расейскага і беларускага народаў

Лукашэнка заявіў, што абараняе інтарэсы беларускага народа, якія «абсалютна супадаюць з расейскімі»:

«У прэзыдэнта Расеі ёсьць інтарэсы расейскага народу, ён іх абараняе. Я сёньня прэзыдэнт Беларусі, і я буду абараняць інтарэсы беларускага народу. Яны абсалютна супадаюць з расейскімі. Пакуль яны будуць супадаць, мы з Пуціным поплеч будзем дзейнічаць».

Пра беларускую апазыцыю

Лукашэнка лічыць, што беларускія дэмакратычныя сілы прайгралі б на выбарах у Беларусі.

«Апазыцыя — гэта тыя людзі, якія дзейнічаюць унутры краіны ў інтарэсах хаця б мінімальнай колькасьці людзей. А вы каго называеце нашымі «лідэрамі»? Дзе яны, гэтыя лідэры? Ачуняйцеся! Вы тых, хто ў турме сядзіць за парушэньне законаў, лічыце лідэрамі?

Ды хоць усе беглыя сюды вярнуліся б — гэтых выбараў яны ня выйграюць. Народ зразумеў, чаго яны хацелі. Зрабіце што-небудзь для народу, не для Лукашэнкі, а яны бегаюць: «Дайце нам грошы». Другое: «Не прызнавайце будучых выбараў». Трэцяе: «Увядзіце пабольш санкцыяў», — сказаў Лукашэнка.

Пра мірныя перамовы

Паводле Лукашэнкі, у Стамбуле у 2022 годзе Расея і Ўкраіна маглі прыйсьці да пагадненьня, аднак Захад сарваў гэтыя дамоўленасьці.

«Я гэтыя пагадненьні бачыў: яны мала да чаго кагосьці абавязваюць. З гэтага можна пачынаць, яны маюць агульны характар. Адразу ж селі за стол перамоваў — можна весьці размову аб спыненьні агню, а потым аб разводзе ўзброеных сілаў. Але гэта за сталом трэба вырашаць».

Пра ядзерную зброю ў Беларусі

Лукашэнка перакананы, што Ўладзімір Пуцін «ніколі не ўжыве» ядзерную зброю, разьмешчаную на тэрыторыі Беларусі, безь ягонай згоды.

«Без майго дазволу гэтая зброя ўжытая быць ня можа. Але калі трэба будзе Беларусі, яна будзе ўжытая. (...) Мы яе не зьбіраемся прымяняць, калі будзе сытуацыя такая, як цяпер», — сказаў Лукашэнка.

Пра расейскае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе з тэрыторыі Беларусі

Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну Лукашэнка патлумачыў тым, што Пуціна нібыта «справакавалі», і падкрэсьліў, што будзе падтрымліваць Расею «столькі, колькі ёй патрэбна»:

«У нас былі вучэньні, на якіх задзейнічалі некалькі тысяч чалавек расейскіх войскаў. Гэтыя войскі былі ў асноўным з усходняй акругі, і Пуцін пачаў выводзіць гэтыя войскі зь Беларусі. Яны былі на поўдні, і па гэтай дарозе, міма мяжы з Украінай, ён пачаў вывад войскаў. Частку войскаў у нейкі пэрыяд (справакавалі, я ў гэтым перакананы) ён завярнуў на Кіеў.

Расея — наш саюзьнік. Я падтрымліваў і буду падтрымліваць Расею столькі, колькі ёй патрэбна. Дакладна так, як вы заяўляеце, што будзеце падтрымліваць Украіну».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG