Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскага актывіста, які папрасіў абароны ў Славаччыны, перавялі ў закрыты лягер для ўцекачоў


Дзьмітры Лукомскі і Віялета Майшук у Славаччыне, архіўнае фота
Дзьмітры Лукомскі і Віялета Майшук у Славаччыне, архіўнае фота

Гомельскага актывіста Дзьмітрыя Лукомскага перавялі ў лягер для ўцекачоў закрытага тыпу, паведамляе «Флагшток». 18 кастрычніка сам Лукомскі ў відэазвароце паведаміў, што яго затрымалі і могуць зьмясьціць у турму.

22 кастрычніка жонка актывіста Віялета Майшук удакладніла выданьню, што Дзьмітрыя Лукомскага зьмясьцілі не ў турму, а ў іншы лягер для ўцекачоў — закрытага тыпу.

Яна таксама расказала «Флагштоку», што крымінальнай справы ў дачыненьні да гамельчука ня будзе:

«Ён будзе знаходзіцца ў гэтым лягеры, пакуль юрыст не аспрэчыць гэта ў судзе (тэрмін — да месяца) альбо пакуль нам не дадуць статус уцекачоў. Паводле юрыста, тое, што адбылося, не паўплывае на прыняцьце рашэньня аб уцякацтве».

У новым лягеры, куды трапіў Лукомскі, «усё пад канвоем, але кормяць там лепш, тэлефон пэрыядычна даюць», кажа Віялета:

«Мы ўжо стэлефаноўваліся. Там можна хадзіць у сваім блёку свабодна, у блёку 4–5 пакояў, у пакоі 1–2 чалавекі, таксама ў блёку прыбіральня, душ. Пры гэтым рэчы забралі, за правіннасьць могуць пасадзіць у ізалятар».

Дзьмітры Лукомскі знаходзіцца ў пакоі разам зь іншым беларусам, у блёку ёсьць уцекачы і зь іншых краін: «Дзіма сказаў, што ў іх робіцца тое самае, што і ў Беларусі. Таму ёсьць пра што паразмаўляць зь іншымі людзьмі», — дадала Віялета.

Дзьмітры Лукомскі — палітуцякач з Гомля. У 2020 годзе неаднаразова пабываў за «палітыку» ў ІЧУ, дзе зазнаў зьдзекі і катаваньні. Спачатку ўцёк ва Ўкраіну, празь нейкі час пераехаў у Славаччыну, дзе разам са сваёй дзяўчынай Віялетай Майшук апынуўся ў закрытым лягеры для ўцекачоў.

У інтэрвію Свабодзе пара расказвала, як дамагалася паляпшэньня ўмоваў для ўцекачоў у лягеры — у прыватнасьці, дазволу выходзіць зь лягера ў краму. Дзьмітры нават абвяшчаў галадоўку. У выніку дырэктарка пайшла на саступкі беларусам. «Харчаваньне палепшылася. Украінцы нам дзякавалі за гэта і называлі нас выратавальнікамі. Бо да гэтага яны скардзіліся на ежу, але іх ніхто ня чуў», — расказваў Дзьмітры Лукомскі.

9 верасьня Дзьмітрыя і Віялету перавялі ў іншы лягер, дзе можна выходзіць за тэрыторыю.

18 кастрычніка Дзьмітры Лукомскі паведаміў у відэазвароце, што яго затрымала мясцовая паліцыя — на ягоную думку, за «дзейнасьць па адстойваньні правоў уцекачоў у лягеры». Віялета Майшук у камэнтары «Флагштоку» казала, што Лукомскага пакінулі ў ізалятары, а раніцай 19 кастрычніка павінны былі этапаваць у турму ў населеным пункце Сечаўцы. Яна выказала здагадку, што Дзьмітрыя маглі затрымаць з прычыны ілжывых абвінавачаньняў ад імя аднаго з уцекачоў, якія жывуць у лягеры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG