Як адзначае «РБК-Україна», рашэньне прынятае на фоне скандалаў, зьвязаных са злоўжываньнямі ў сфэры афармленьня інваліднасьці ўкраінскім пракурорам. Пра гэта гаворыцца і ў посьце Офіса генпракурора Ўкраіны ў Тэлеграме.
Андрэй Косьцін спаслаўся на паседжаньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, якое адбылося 22 кастрычніка і тычылася «відавочна амаральнай сытуацыі з фальшывымі інваліднасьцямі службовых асобаў дзяржаўных органаў». Ён паведаміў, што падчас праверак выкрылі факты злоўжываньняў і ў сыстэме органаў пракуратуры. Украінскі генпракурор пагадзіўся з пазыцыяй прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага пра неабходнасьць пэрсанальнай адказнасьці.
«Я ўдзячны прэзыдэнту Ўкраіны і Вярхоўнай Радзе Ўкраіны за давер. Але ў гэтай сытуацыі лічу правільным заявіць пра адстаўку з пасады Генэральнага пракурора», — заявіў ён.
22 кастрычніка прайшло паседжаньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, прысьвечанае працы мэдыка-сацыяльных экспэртных камісій (МСЭК). Напярэдадні Зяленскі, камэнтуючы сытуацыю, заявіў пра «нахабства людзей, у тым ліку пракурораў, якія скарысталіся сваімі сувязямі з МСЭК і аформілі сабе фальшывыя інваліднасьці», і заявіў, што чакае хуткіх рашэньняў ад праваахоўнікаў, у тым ліку ад Офіса генпракурора Ўкраіны.
Па выніках паседжаньня Ўладзімір Зяленскі ўвёў у дзеяньне рашэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якое прадугледжвае, у прыватнасьці, ліквідацыю МСЭК з 2025 году.
У вечаровым звароце 22 кастрычніка прэзыдэнт Украіны адзначыў, што вядома пра «сотні» фактаў неабгрунтаваных інваліднасьцяў у чыноўнікаў мытні, падатковай, структур Пэнсійнага фонду і мясцовых адміністрацыяў.
Украінскія праваахоўнікі 5 кастрычніка затрымалі па падазрэньні ў незаконным узбагачэньні кіраўніцу Хмяльніцкага абласнога цэнтру мэдыка-сацыяльнай экспэртызы (МСЭК). Пазьней суд узяў яе пад варту.
- Андрэй Косьцін — сябра партыі «Слуга народа», са жніўня 2019 па ліпень 2022 году быў дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны. У парлямэнце ён узначальваў камітэт у пытаньнях прававой палітыкі, прадстаўляў Украіну ў Трохбаковай кантактнай групе. Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну быў удзельнікам украінскай дэлегацыі на перамовах у Стамбуле. У ліпені 2022 году стаў генпракурорам, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Ірыну Венедыктаву.
Форум