Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Эўракамісіі фон дэр Ляен: Малдова паказвае, што яна незалежная, моцная і хоча эўрапейскай будучыні


Урзуля фон дэр Ляен і Мая Санду, ілюстрацыйнае фота
Урзуля фон дэр Ляен і Мая Санду, ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнік ЭЗ Пэтэр Стана адзначыў, што прэзыдэнцкія выбары і рэфэрэндум у Малдове прайшлі ва ўмовах «беспрэцэдэнтнага ўмяшаньня» з боку Расеі.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт Малдовы Мая Санду заявіла ў панядзелак, што малдаване выйгралі першую цяжкую бітву, якая вызначыць іх будучыню.

Выступаючы на брыфінгу, яна падкрэсьліла, што спроба Расеі купіць галасы выбарнікаў, каб паўплываць на хаду рэфэрэндуму, раўназначная замаху на сувэрэнітэт краіны, і што Малдове неабходна прыкласьці больш намаганьняў для барацьбы з карупцыяй.

Невялікая большасьць — 50,17% — прагаласавала на рэфэрэндуме, які прайшоў у мінулую нядзелю, за ўключэньне ў Канстытуцыю пункту, які вызначае сяброўства ў ЭЗ як мэту. Засталося падлічыць менш за 1,5% бюлетэняў.

Санду, якая імкнецца да пераабраньня на новы тэрмін, хацела б, каб Малдова далучылася да Зьвязу да 2030 году.

«Гэтае галасаваньне прайшло ва ўмовах беспрэцэдэнтнага ўмяшаньня і запалохваньня з боку Расеі і яе марыянэтак, накіраваных на дэстабілізацыю дэмакратычных працэсаў у Рэспубліцы Малдова», — заявіў у панядзелак прадстаўнік ЭЗ Пэтэр Стана.

Рэфэрэндум — разам з прэзыдэнцкімі выбарамі, першы тур якіх таксама прайшоў у нядзелю, — разглядаецца як праверка таго, ці здолее Малдова раз і назаўжды выйсьці з-пад уплыву Масквы.

Перад галасаваньнем улады Малдовы заявілі, што Ілан Шор — прарасейскі алігарх, які ўцёк ад правасудзьдзя — распачаў узгодненыя спробы ўмяшаньня ў рэфэрэндум і выбары. Улады заявілі, што выдалілі інтэрнэт-рэсурсы, на якіх разьмяшчалася дэзынфармацыя, і раскрылі расейскую праграму па падрыхтоўцы малдаванаў да ўдзелу ў масавых беспарадках.

«Гэта пастаянныя намаганьні Расеі і яе саўдзельнікаў — ня толькі ў Малдове, але і супраць нашых краінаў — і гэта доўгатэрміновая барацьба. У іх няма абмежаваньняў. Мы як Эўразьвяз выконваем пэўныя прынцыпы, у тым ліку законы, але Расея, сілы і марыянэткі, якія дзейнічаюць ад яе асобы, іх не выконваюць», — падкрэсьліў Стана.

Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен у панядзелак вітала вынікі галасаваньня ў Малдове за набліжэньне краіны да сяброўства ў ЭЗ.

«Перад тварам гібрыднай тактыкі Расеі Малдова паказвае, што яна незалежная, моцная і хоча эўрапейскай будучыні», — напісала фон дэр Ляен у сацсетцы X.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG