«Хвароба здарылася ад стрэсу»
Кацярына з чацьвярымі малодшымі дзецьмі (усяго ў яе шасьцёра дзяцей, жанчына ня хоча называць сваё прозьвішча. — РС) вымушаная была выехаць зь Беларусі ў лістападзе 2021 году.
Сама жанчына ў пратэстах ня ўдзельнічала, але яе са старэйшым сынам затрымалі ў машыне ў кастрычніку 2020-га, потым пачалі ціснуць на ўсю сям’ю, прыходзілі зь ператрусам да яе, да бацькоў.
Бацька Кацярыны ня вытрымаў стрэсу і памёр. Сына пасадзілі на «суткі», Кацярыну аштрафавалі. Сын вымушаны быў зьехаць у Расею.
Кацярына зь дзецьмі таксама вырашыла зьяжджаць, спачатку паехала ва Ўкраіну. Маці са старэйшай дачкой уладкаваліся на працу, малодшыя пайшлі ў школу. Але 24 лютага 2022 году пачалася вайна. У сакавіку сям’я вымушаная была зноў пераяжджаць, цяпер ужо ў Польшчу. Свабода раней расказвала гісторыю Кацярыны.
Літаральна празь пару тыдняў пасьля пераезду ў старэйшай дачкі Дашы мэдыкі выявілі новаўтварэньні ва ўсіх органах. На думку маці, хвароба здарылася ад стрэсу. Дар’я не хацела ехаць спачатку зь Менску, потым з Украіны, дзе ў яе застаўся хлопец. У Польшчы цяжка хварэла і сама Кацярына. Дар’я, якой тады было ўсяго 18 гадоў, увесь час працавала, каб дапамагчы сям’і.
Дзяўчына лячылася ў Белай Падляскай, Міньску Мазавецкім, Варшаве. Ёй рабілі складаныя апэрацыі, усе новаўтварэньні прыбралі, акрамя прысеньня сэрца (там была вялізная пухліна), прайшла Даша і праз хіміятэрапію.
«Кроў Дашы адпраўлялі спачатку ў Лёндан, адтуль у Амстэрдам»
Потым кансыліюм лекараў прыйшоў да высновы — тэрмінова рабіць трансплянтацыю ўласнымі клеткамі, бо пухліна агрэсіўная і хутка расьце. Такую апэрацыю спачатку пагадзіліся зрабіць у Любліне.
У траўні 2024 году Дар’ю ўжо рыхтавалі да яе, але ў дзяўчыны здарыўся псыхалягічны зрыў, потым іншыя ўскладненьні. Трансплянтацыю рабіць тады адмовіліся, расказвае маці Дашы Кацярына.
«Дачцэ зрабілі яшэ адно ўліваньне „хіміі“, пасьля яго прамянёвую тэрапію на 36 грэй у суме па два грэі кожны дзень. Пасьля была яшчэ хіміятэрапія.
А два тыдні таму правялі CAR-T-клетачную тэрапію. Кроў Дашы адпраўлялі спачатку ў Лёндан, адтуль у Амстэрдам, там яе генэтычна мадыфікавалі адмыслова для яе лімфомы. Паставілі дыягназ „першасная мэдыястынальная лімфома“, то бок лімфома шэрай зоны з мутацыяй клетак. І гэтую перапрацаваную кроў ёй ўвялі ў Любліне. Пакуль захоўваецца высокая тэмпература, няма імунітэту, лейкацыты, трамбацыты штучна падымаюць іньекцыямі ў жывот, колюць два віды антыбіётыкаў, але мы змагаемся», — кажа Кацярына.
«Здымем кватэру ў Любліне, я буду з Дашай»
Маці Дашы празь дзень езьдзіць зь Міньску Мазавецкага, дзе яна жыве з траімі малодшымі дзецьмі, у Люблін у шпіталь. Кажа, што у чацьвер дачка ўжо падышла да вакна, нягледзячы на дзьве стойкі з кропельніцамі, і памахала маці.
«Праз тыдзень Дашу могуць выпісаць. Трэба будзе кожныя тры дні прыходзіць у анкацэнтар Любліна, здаваць аналізы. Дактары будуць глядзець, колькі ў яе клетак-кілераў у арганізме, растуць яны або гінуць. Праз два тыдні будзе ПЭТ-КТ, яно пакажа, ці зьменшылася пухліна.
Я размаўляла з загадчыкам аддзяленьня трансплянтацыі Люблінскага анкацэнтру і прафэсар спадзяецца, што працэдура дапаможа аднавіцца Дашы пасьля хіміятэрапіі, бо яна індывідуальная, канкрэтна для яе зробленая. А там будуць вырашаць — рабіць трансплянтацыю ці штосьці іншае», — не траціць надзеі Кацярына.
Калі Дашу выпішуць са шпіталя, жанчына хоча зьняць кватэру ў Любліне, бо дачку трэба даглядаць. Неабходна купіць ачышчальнік паветра, бактэрыцыдную лямпу.
«З падпрацоўкамі ў Любліне вельмі складана. Там вельмі шмат украінцаў. Але я знайшла працу ў начныя зьмены — на пошце сартаваць пасылкі. Здымем кватэру ў Любліне, я буду з Дашай тут», — дзеліцца плянамі Кацярына.
На гэта ёй патрэбны дадатковыя сродкі — арэнду дзьвюх кватэр (у Міньску Мазавецкім і Любліне) сям’я не пацягне. У самой Кацярыны праблемы са здароўем, язва, гастрыт, дактары раяць выдаліць міндаліны. У малодшага сына Паўла на фоне стрэсу абвастрыліся эндакрыналягічныя праблемы — яму дапамаглі трапіць у Варшаўскі цэнтар дзіцячага здароўя, дзе зрабілі складаныя аналізы, далі рэкамэндацыі, што рабіць далей. Кацярына лічыць, што гэтыя ўсе хваробы ад стрэсу.
Але і Кацярына, і Даша настроены аптымістычна. Дачка марыць пра сабаку, дзеліцца маці.
«„Мама, калі дактары дазволяць, мы завядзём сабаку?“ — пытаецца яна. „Ды хоць слана!“, — адказваю. Зараз галоўнае — аднавіць здароўе Дашы, каб можна было далей працягваць складанае лячэньне, у нас тады будзе яшчэ шмат варыянтаў», — кажа жанчына.
Форум