Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду пасьля выбараў у краіне заявіла, што галасаваньне зазнала «беспрэцэдэнтную» атаку «злачынных групаў», якія спрабавалі купіць сотні тысяч галасоў у спробе «падарваць дэмакратычны працэс».
Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Малдовы і рэфэрэндум аб далучэньні да ЭЗ прайшлі 20 кастрычніка на фоне заяваў аб умяшаньні Расеі ў выбарчы працэс.
«Мы чакаем канчатковых вынікаў і адкажам цьвёрдымі рашэньнямі», — сказала Санду.
Санду выступіла праз гадзіну пасьля поўначы ў сваім перадвыбарным штабе ў Кішынёве.
«У нас ёсьць доказы і інфармацыя, што злачыннай мэтай была купля 300 тысяч галасоў. Маштаб махлярства беспрэцэдэнтны», — сказала Санду.
Улада ў Кішынёве падчас кампаніі казала, што Расея і алігарх-уцякач Ілан Шор, які хаваецца ў Маскве, паспрабуюць уплываць на выбарнікаў.
«Мэтай было паставіць пад пагрозу дэмакратычны працэс, выклікаць страх і паніку ў грамадтве», — заявіла прэзыдэнтка Санду пасьля выбараў, паабяцаўшы вярнуцца з «рашэньнямі», калі яна даведаецца пра канчатковыя вынікі.
Яна не ўдакладніла, пра якія рашэньні ідзе гаворка, і адмовілася адказваць на пытаньні журналістаў.
Прадстаўнікі ЦВК Малдовы паведамілі, што поўныя папярэднія вынікі будуць апублікаваныя каля 10 гадзін раніцы паводле мясцовага часу 21 кастрычніка.
Яўка ў Малдове склала амаль 50 працэнтаў, што перавысіла неабходныя для прызнаньня рэферэндуму 33 працэнты.
Назіральнікі назвалі выбары і рэфэрэндум у Малдове вырашальнымі для вызначэння далейшага кірунку разьвіцьця краіны — ці будзе яна мець больш цесныя сувязі з Эўропай і Захадам, ці больш арыентавацца на Расею.
Яўка на прэзыдэнцкіх выбарах перавысіла 51,4 працэнта, або больш за 1,56 мільёна галасоў, пры гэтым паведамлялі пра вялікія чэргі на некаторых выбарчых участках у Малдове і на ўчастках за межамі краіны, у тым ліку ў Францыі, Румыніі, Расеі й Грэцыі.
Форум