Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць украінца і двух беларусаў, якіх назвалі «агентамі СБУ». Ім пагражае сьмяротнае пакараньне


Адзін з падсудных Вячаслаў Бародзій падчас допытаў. tvr.by/belarus-1 (video grab)
Адзін з падсудных Вячаслаў Бародзій падчас допытаў. tvr.by/belarus-1 (video grab)

Трох мужчын вінавацяць у падрыхтоўцы тэрактаў на чыгунцы. Яшчэ трое, якіх сілавікі затрымлівалі ў гэтай справе, у суд ня трапілі.

22 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе пачынаецца працэс у так званай справе «агентаў СБУ» (Службы бясьпекі Ўкраіны), якіх затрымалі амаль год таму праз падазрэньні ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў на беларускай чыгунцы.

На лаве падсудных грамадзянін Украіны Іван Ліхалат, а таксама беларусы Барыс Пухальскі і Іван Бародзіч.

Паводле сьледзтва, «агентурную тэрарыстычную ячэйку» нібыта стварыў жыхар Горадні, грамадзянін Украіны Іван Ліхалат. Яму 32 гады, ён этнічны ўкраінец, які нарадзіўся ў Горадні. Сілавікі сьцьвярджаюць, што ў 2012–2013 гадах Іван Ліхалат служыў у выведным падразьдзяленьні УСУ, потым вярнуўся ў Горадню, дзе знайшоў працу, завёў сям’ю.

Паводле сьледзтва, нібыта Ліхалат выйшаў на кантакт з СБУ і на яе загад далучыў да падрыхтоўкі тэрактаў на чыгунцы знаёмых гарадзенцаў Барыса Пухальскага, таксама этнічнага ўкраінца, і беларуса Івана Бародзіча.

Паводле інфармацыі сілавікоў, Барыс Пухальскі нібыта быў затрыманы пасьля таго, як прывёз у Талачынскі раён выбухоўку, якую забраў са схованкі на тэрыторыі Кобрынскага раёну.

Гэта адбылося 4 верасьня, затрыманьне праводзілі супрацоўнікі групы «А» КДБ. Пазьней у дзяржаўных СМІ паведамілі, што «на месцы плянаванага тэракту канфіскавалі выбуховае рэчыва гексаген масай 1 кг, драты, дэтанатар і магніт для мацаваньня выбухоўкі да рэек».

Івана Ліхалата і Івана Бародзіча затрымалі ў Горадні ў верасьні 2023 году.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», падсудных вінавацяць паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • арт. 289 частка 3 («Акт тэрарызму»),
  • арт. 358-1 («Агентурная дзейнасьць»),
  • арт. 309, частка 4 («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку альбо шляхоў зносін»),
  • арт. 295, частка 4 («Незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»),
  • арт. 356, частка 1 («Здрада дзяржаве»),
  • арт. 406, частка 2 («Неданясеньне аб злачынстве»).

Толькі па першым з інкрымінаваных артыкулаў абвінавачаным пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротная кара.

Яшчэ пра трох затрыманых у справе нічога не вядома

11 верасьня 2023 году па дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» паказалі прапагандысцкі фільм «Бесы террора», у якім паведамлялася пра затрыманьне 6 чалавек, нібыта датычных да падрыхтоўкі да тэрактаў на Беларускай чыгунцы. Акрамя Івана Ліхалата, Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча ў ліку затрыманых назвалі таксама ўкраінскага егера Вячаслава Бародзія і беларусаў Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку. Двух апошніх паказалі падчас допытаў у СІЗА КДБ, на іх тварах былі відаць сьляды біцьця.

Кадры зь фільма пра ўкраінца Вячаслава Бародзія сьведчылі пра тое, што яго вывозілі на сьледчы экспэрымэнт у кайданках і на жалезным ланцугу. Паводле закадравага тэксту, пры затрыманьні ў Вячаслава Бародзія нібыта знайшлі пісталет. Што да беларусаў Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненкі, дык першы нібыта меўся закласьці выбухоўку на чыгунцы ў Стаўпецкім раёне, а другі падчас падрыхтоўкі гэтага тэракту вазіў яго на аўтамабілі.

Між тым Вячаслава Бародзія, Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненкі няма сярод падсудных, якія сталі перад менскім гарадзкім судом. Пра лёс гэтых затрыманых афіцыйна больш нічога не паведамлялася, нічога новага невядома пра іх і праваабаронцам.

У BelPol ня ўбачылі доказаў датычнасьці ўкраінскіх спэцслужбаў

На справу «агентаў СБУ» зьвярнулі ўвагу ў аб’яднаньні былых беларускіх сілавікоў BelPol. Там заўважылі, што затрыманыя ня могуць толкам сказаць, на каго яны «працавалі», называючы то СБУ, то УСУ, то ГУР і нават ГРУ (Галоўнае выведнае ўпраўленьне генштабу Расеі).

«Паведамляюць пра падрыхтоўку «тэрактаў» менавіта ўкраінскімі спэцслужбамі, але не прыводзяць ніводнага доказу: установачных дадзеных, пазыўных, інтэрнэт-акаўнтаў, тэлефонных нумароў, хаця б кагосьці з «украінскіх куратараў», — гаворыцца ў аналітычнай даведцы BelPol, якую цытуе DW.

Тая ж крыніца адзначае, што затрыманыя ня могуць назваць мэту дзеяньняў, а гавораць «завучанымі фразамі» пра «дэстабілізацыю абстаноўкі» і «ахвяры сярод мірнага насельніцтва». Акрамя таго, былыя беларускія сілавікі падкрэсьліваюць, што ў фільме «Бесы террора» так і не былі «прадэманстраваныя выбуховыя прыстасаваньні ў сабраным выглядзе і зьмесьціва схованак зь нібыта канфіскаванай зброяй і выбухоўкай».

Праваабаронцы: магчымы сьмяротны прысуд

«Гэтая гісторыя вельмі падобная да правакацыі, мэта якой — запалохаць людзей, прадэманстраваць свой кантроль над сытуацыяй, які адсутнічаў пры актыўнасьці «рэйкавых партызанаў», — гэтак, паводле DW, пракамэнтавалі справу «агентаў СБУ» ў юрыдычнай службе праваабарончага цэнтру «Вясна».

Праваабаронцы акцэнтавалі ўвагу на тым, што гаворка ідзе аб падазрэньні ва ўчыненьні акту тэрарызму — злачынстве, якое паводле беларускага заканадаўства караецца сьмерцю.

«Калі людзей не адпусьцяць, то гэта з высокай доляй імавернасьці можа стаць рэальнасьцю», — мяркуюць праваабаронцы «Вясны».

Судзіць будзе Анжэла Касьцюкевіч, якая адзначылася тым, што асудзіла на зьняволеньне шмат каго з палітвязьняў. Сярод іх нашаніўцы Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко, блогер Дзьмітры Юртаеў, былы сьледчы Мікіта Старажэнка. Праваабаронцы падлічылі, што агулам гэтая судзьдзя вынесла палітычных прысудаў больш як на 120 гадоў зьняволеньня.

Суд над Крыгерам

У чэрвені 2024 году ў Менскім абласным судзе быў вынесены сьмяротны прысуд грамадзяніну Нямеччыны Рыка Крыгеру, якога прызналі вінаватым паводле таго ж артыкулу 289, часткі 3 («Акт тэрарызму»), па якім цяпер судзяць «агентаў СБУ». Да затрыманьня ў Беларусі Рыка Крыгер быў супрацоўнікам нямецкага Чырвонага Крыжа.

Нямецкі грамадзянін Рыка Крыгер у судзе. 2024
Нямецкі грамадзянін Рыка Крыгер у судзе. 2024

Паводле беларускіх сілавікоў, Крыгер нібыта вырашыў стаць добраахвотнікам, каб ваяваць на баку Ўкраіны, дзеля чаго на заданьне ўкраінскіх спэцслужбаў прыехаў у Беларусь і заклаў выбухоўку на чыгунцы.

30 ліпеня 2024 году Аляксандар Лукашэнка памілаваў Рыка Крыгера, а ўжо празь дзень немец вярнуўся на радзіму ў межах абмену зьняволенымі паміж ЗША, Нямеччынай, Расеяй і Беларусьсю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG