Ня варта меркаваць пра ключавых асобаў гэтай кампаніі толькі па той карцінцы, якую малююць СМІ (што пуцінскія, што левыя заходнія): лепш чытайце, глядзіце і слухайце саміх гэтых людзей. І вы выявіце для сябе: Байдэн — мудры, добры і прыемны; Камала Гарыс — пазытыўная і сымпатычная; Трамп — нармальны адэкватны мужык з пачуцьцём самаіроніі.
Трамп і Вэнс, як на маю думку, выклікаюць на гэтых выбарах пэўную сымпатыю. Падстаў для такой сымпатыі шмат. Гэта і пазыцыі ў падтрымку традыцыйнай амэрыканскай ідэнтычнасьці і таго, што я б назваў звыклай тысячагадовай нармальнасьцю ў тым, што тычыцца сацыяльных пытаньняў, праблемаў сям’і, абортаў (што важна, безь непавагі да меншасьцяў). Гэта і эканамічная праграма, у якой Трамп зараз, відавочна, мае большую падтрымку выбарнікаў, чым Гарыс. Гэта і гістэрыя ў буйных СМІ (што амэрыканскіх, што нямецкіх, там, дзе я жыву), перапоўненых журналістамі зь левымі поглядамі, якія часам дазваляюць сабе амаль азаронкаўскага ўзроўню абразы ў адрас Трампа і часам займаюцца такім жа карыкатурным абагаўленьнем Камалы Гарыс. У многіх з нас, постсавецкіх людзей, мабыць, скажонае ўяўленьне пра дэмакратыю, і ня нам, чыя палітычная культура нараджае лукашэнак і пуціных, раздаваць парады людзям з двухсотгадовай традыцыяй дэмакратыі. Але я не магу пазбавіцца адчуваньня, што з многімі заходнімі мэдыя ў тэме Трампа нешта ня так, і гэта шмат у каго правакуе спачуваньне і сымпатыю да Трампа.
У прынцыпе, другое прэзыдэнцтва Трампа не было б ніякай катастрофай, а ў нечым дакладна было б карысным як для Амэрыкі, так і для ўсяго Захаду дзеля, з аднаго боку, нармалізацыі правага палітычнага парадку дня, а з другога — здаровага пераасэнсаваньня актуальных тэмаў сучаснасьці, як той жа расізм і тыя ж гендарная пытаньні. Ніхто ня супраць разнастайнасьці і роўнасьці, проста некаторыя супраць маніпуляцыяў у гэтай тэме.
У першае прэзыдэнцтва Трампа трагедыі ня здарылася. Наадварот, так супала, што трагедыі здараліся за Абамам і Байдэнам, хоць, можа, і не па іхнай віне.
Нам найбольш важная Ўкраіна
Адзіны фактар, які здольны ўсё перакуліць — гэта Ўкраіна. Таму што мы з вамі мала таго, што не амэрыканцы, але з Усходняй Эўропы, дзе зараз ідзе вайна і дзе кожны новы імпульс, кожная зьмена палітыкі сярод саюзьнікаў, якія супрацьстаяць пуцінскай навале, можа вырашыць лёс усяго рэгіёну.
І для нас сапраўды не павінна быць іншага фактару на амэрыканскіх выбарах, акрамя падтрымкі Ўкраіны. Украіна — гэта перадавы фронт барацьбы і за дэмакратыю ў Беларусі.
І тут пазыцыі Камалы Гарыс і Дональда Трампа дастаткова выразныя, каб для дэмакратычна настроеных беларусаў было відавочным, што мы маем заўзець за Гарыс, якой бы ні была ейная праграма ва ўсіх астатніх пытаньнях. Дэмакраты, хоць і квола, але за падтрымку Ўкраіны, а трампісты відавочным чынам у сваёй рыторыцы ставяць такую падтрымку пад сумнеў. Гэта галоўнае, што мае значэньне для будучыні нашага рэгіёну.
«Мачо» Трамп супраць «мачо» Пуціна
Хоць зноў жа, мне ня бачыцца, што і адміністрацыя Трампа так адназначна здасьць Украіну Пуціну. Больш верагодна, што яна паспрабуе зь ім дамаўляцца, хутка ў гэтых спробах расчаруецца і пяройдзе ў сваёй рашучасьці разабрацца з Пуціным на абсалютна іншы ўзровень, які можа не спадабацца нават нам з вамі.
Бяда ў тым, што і пры такім аптымістычным сцэнары паміж гіпатэтычнымі спробамі дамовіцца з Пуціным і расчараваньнем можа прайсьці дастаткова часу, каб Украіна прайграла вайну.
Што дакладна: вельмі хутка пасьля кампаніі самі выбары перастануць быць фактарам і новы прэзыдэнт, хто б ім ні стаў, зможа сфакусавацца на ўласна актуальных задачах і праблемах, сярод якіх вайна ва Ўкраіне займае хоць і ня першае, але і не апошняе месца. Камала Гарыс зможа, напрыклад, перастаць асьверагацца страціць сымпатыі тых выбарнікаў, якія скептычна ставяцца да рашучай дапамогі Ўкраіне. А Трамп, уявім сабе, можа апынуцца ў становішчы больш моцнага і ўплывовага «мачо» за Пуціна, Кіма ды іранскіх аятол і ў яго можа прачнуцца жаданьне паставіць іх на месца «па-пацанску».
З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне многія камэнтатары ці ня кожны месяц кажуць, што гэты месяц і гэты год «лёсавызначальныя» для далейшай хады падзеяў. Папраўдзе, яны кожны раз маюць рацыю: у любы момант можа зьмяніцца ўсё. Але можа не зьмяніцца і нічога. А вось празь месяц мы дакладна будзем жыць у трохі іншым сьвеце. І можам толькі спадзявацца, што гэты сьвет стане бліжэй да міру і да перамогі Ўкраіны.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум