Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наколькі цяжка ў яе сытуацыі рабіць такія крокі». Адкрылася выстава мастачкі Ніны Маргаевай, якая змагаецца зь цяжкай хваробай. ФОТА


Выстава Ніны Маргаевай у Музэі Вольнай Беларусі, 15 кастрычніка 2024, Польшча, Варшава
Выстава Ніны Маргаевай у Музэі Вольнай Беларусі, 15 кастрычніка 2024, Польшча, Варшава

У Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрылася пэрсанальная выстава «Крок насустрач» мастачкі Ніны Маргаевай, якая трапіла ў бяду — у яе дыягнаставалі цяжкую хваробу. Ініцыявалі выставу Беларуская рада культуры, а таксама сябры і калегі Ніны.

«Яна змагла зрабіць крок нам насустрач»

У студзені 2023 году ў Варшаве ў беларускай мастачкі Ніны Маргаевай, якая вымушаная была ў 2022 годзе пакінуць Беларусь з сынам і сабакам, дыягнаставалі бакавы аміятрафічны склероз (БАС).

Ніна Маргаева нарадзілася ў 1984 годзе. У 2007-м скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў па спэцыяльнасьці «народныя рамёствы» (спэцыялізацыя — кераміка).

З 1997 году, яшчэ падлеткам, Ніна пачала актыўна ўдзельнічаць у мастацкіх выставах і пленэрах. У Менску ў 2015 годзе яна заснавала дзіцячую мастацкую студыю PLOT, якая праіснавала 7 гадоў.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Ніна Маргаева падпісала «Адкрыты ліст дзеячаў культуры і мастацтва супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў».

На мастачку ў Беларусі пачаўся ціск, і ў чэрвені 2022 году Ніна была вымушаная выехаць з краіны з сынам Міронам і спаніэлем па мянушцы Хлоя.

Выстава Ніны Маргаевай у Музэі Вольнай Беларусі, 15 кастрычніка 2024, Польшча, Варшава
Выстава Ніны Маргаевай у Музэі Вольнай Беларусі, 15 кастрычніка 2024, Польшча, Варшава

«Наша Glieba ўсё адно ўнутры нас»

У кастрычніку 2022 году ў Варшаве Ніна Маргаева запусьціла новы праект Glieba. Заняткі зь дзецьмі праходзілі ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве.

«Я вельмі спадзяюся, што з часам здолею зьяднаць мастком усіх, хто цяпер у Беларусі, і тых, хто вымушана зьехаў, таму што наша Glieba ўсё адно ўнутры нас», — пісала Ніна пра свой новы праект.

Выстава Ніны Маргаевай у Музэі Вольнай Беларусі, 15 кастрычніка 2024, Польшча, Варшава
Выстава Ніны Маргаевай у Музэі Вольнай Беларусі, 15 кастрычніка 2024, Польшча, Варшава

Быццам бы жыцьцё ў Варшаве паступова наладжавалася, але ў студзені 2023 году мэдыкі ў Ніны дыягнаставалі цяжкую хваробу — бакавы аміятрафічны склероз (БАС).

Беларуская рада культуры, а таксама калегі і сябры, даведаўшыся пра хваробу Ніны, абвесьцілі Тыдзень салідарнасьці з мастачкай і збор на лячэньне і падтрымку яе.

Салідарнасьць, імкненьне дапамагчы чалавеку, якому нашмат горш за цябе, гэтыя чалавечыя рысы з асаблівай сілай праяўляюцца ў беларусаў, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі, сьцьвярджае старшыня Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Сяргей Будкін выступае на адкрыцьці выставы
Сяргей Будкін выступае на адкрыцьці выставы

«За 4 гады мы правялі шмат кампаній, акцый салідарнасьці. І не было ніводнага непасьпяховага збору! Гэта цешыць. Кожнаму з нас за мяжой наўрад ці салодка, кожнаму з нас наўрад ці лёгка тут жывецца, але людзі ўсё адно знаходзяць магчымасьці дапамагчы іншым, ахвяруюць і аддаюць апошняе», — зазначае Сяргей Будкін.

«Я разумею, што я не разумею, наколькі цяжка ў яе сытуацыі рабіць такія крокі...»

Калега і сяброўка Ніны мастачка Лера Лазук не змагла прыехаць на адкрыцьцё выставы зь Вільні, але даслала відэазварот:

«Ніна сапраўдная, шчырая, у яе працах можна пабачыць усю палітру чалавечых пачуцьцяў. Яна не імкнецца рабіць нейкія рафінаваныя пэйзажы, часам даходзіць амаль да абстракцыі, яе працы вельмі экспрэсіўныя.

Дзякую таемным музыкам зь Беларусі, якія зрабілі саўнд на паўгадзіны адмыслова для выставы. Саўнд поўны адчуваньня прыгажосьці Нініных прац і болю ад таго, што адбываецца зь ёй...

Асаблівы дзякуй самой Ніне. Я разумею, што я не разумею, наколькі цяжка ў яе сытуацыі рабіць такія крокі... Але яна змагла зрабіць крок нам насустрач, і я вельмі гэтаму рада», — эмацыйна кажа Лера Лазук.

Выстава Ніны Маргаевай у Музэі Вольнай Беларусі, 15 кастрычніка 2024, Польшча, Варшава
Выстава Ніны Маргаевай у Музэі Вольнай Беларусі, 15 кастрычніка 2024, Польшча, Варшава

«Гэта кайф!»

Мастацтвазнаўца і гід, аўтар праекту «Каля культуры» Мікіта Моніч таксама даслаў свой відэазварот з Мадрыду.

«На жаль, я ніколі ня бачыў шмат прац Ніны жыўцом, побач адну з другой. Але нават калі ты гартаеш тэчку з рэпрадукцыямі, то хочацца гартаць яе далей. Вось гэтыя вялікія сэрыі, дзе больш-менш адзін і той жа ракурс раз за разам раскрываецца ў розным колеравым рашэньні, у розным прапарцыйным, структурным рашэньні — гэта кайф!» — не хавае захапленьня работамі Ніны Маргаевай Мікіта Моніч.

На выставе прадстаўлена каля 50 твораў Ніны Маргаевай алейнай пастэльлю ў арыгінальным выкананьні мастачкі.

Дырэктарка Музэя Вольнай Беларусі Натальля Задзяркоўская
Дырэктарка Музэя Вольнай Беларусі Натальля Задзяркоўская

Гэта працы з сэрыі «Жыцьцё на пятым паверсе» 2019 году, калі мастачка пераехала на вуліцу Ламаносава ў Менску; праекты «Баранавічы», «Кветакі мінулага лета», работы з пленэру «Дамашкавічы» — усё гэта Беларусь. І, на жаль, незавершаны праект «Палюбіць Варшаву за 100 дзён».

Выстава Ніны Маргаевай «Крок насустрач» будзе працаваць у Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве тыдзень, да 22 кастрычніка, пасьля частка твораў будзе прададзеная.

Мяркуецца, што днямі экспазыцыя будзе дапоўненая творамі іншых беларускіх мастакоў, якія выставяць іх на дабрачынны продаж, а сродкі пойдут на дапамогу Ніне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG