Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі грамадзянам Нідэрляндаў пагражае да 8 гадоў турмы за перавозку мігрантаў зь беларускай мяжы ў Эўразьвяз


Калючы дрот на мяжы Латвіі і Беларусі, архіўнае фота
Калючы дрот на мяжы Латвіі і Беларусі, архіўнае фота

Мужчыну з жанчынай вінавацяць у перавозцы мігрантаў з Латвіі на захад Эўразьвязу.

У Латвіі пачынаецца суд над жыхарамі Нідэрляндаў, якіх завуць Абдулаал Хусэйн і Мартынэ Допэн. Мужчыну і жанчыну абвінавачваюць у спрыяньні незаконнай міграцыі, а менавіта ў тым, што яны вывезьлі пяцёх грамадзян Судану і Чаду, якія незаконна перасеклі мяжу Латвіі, далей у краіны Эўразьвязу. За гэта ім пагражае ад 2 да 8 гадоў турмы, піша «Настоящее время».

Абвінавачаныя кажуць, што ня думалі, што пакараньне за гэта ў Латвіі можа быць настолькі суровым. Яны назвалі свае дзеяньні «дапамогай людзям». Нідэрляндцы спрабавалі дапамагчы малодшай сястры Абдулаала Мабруцы. Дзяўчына ехала з роднага Судану да брата ў Эўропу празь Беларусь, і разам зь іншымі мігрантамі яе пераправілі празь беларуска-латыскую мяжу.

Абвінавачаныя два разы езьдзілі з Латвіі ў Літву на арандаванай імі машыне, перавозячы мігрантаў. Урэшце іх выкрылі памежнікі.

Абдулаалу Хусэйну 24 гады, ён актор, родам з Судану, жыве ў Нідэрляндах. Мужчына расказвае, што восеньню 2023 году атрымаў трывожнае SMS-паведамленьне ад сваёй малодшай сястры Мабрукі аб тым, што ёй патрэбна дапамога, і каардынаты ў Латвіі, дзе знаходзіцца дзяўчына. Па словах мужчыны, ён ведаў, што ягоная малодшая сястра заплаціла кантрабандыстам, каб яны перавезьлі яе з Судану ў Эўропу.

У выніку аказалася, што дзяўчыну разам зь іншымі мігрантамі давезьлі да Беларусі і пераправілі празь беларуска-латвійскую мяжу, а потым пакінулі ў закінутым доме ў памежнай паласе. Там яна і іншыя мігранты правялі некалькі дзён бязь ежы, вады і ацяпленьня — у гэты час году тэмпэратура ў Латвіі па начах можа апускацца ніжэй за нуль градусаў.

Абдулаал і ягоная сяброўка Мартынэ Допэн вырашылі ехаць у Латвію выбаўляць Мабруку. Пара арандавала машыну і паехала ў Латвію ў пошуках месца, пазначанага ў каардынатах.

У той час, адзначае выданьне, на мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу працягваўся мігранцкі крызіс. Улады Латвіі, у прыватнасьці, вінавацілі ў яго арганізацыі рэжым Лукашэнкі. Людзей аўтобусамі падвозілі пад мяжу і прапаноўвалі незаконна перасякаць яе, а ўжо ў Эўразьвязе прасіць палітычнага прытулку. Расьсьледаваньні паказалі, што перавозкай мігрантаў займаліся структуры, зьвязаныя з уладамі Беларусі.

У Латвіі ў гэты час на мяжы дзейнічаў рэжым узмоцненага кантролю, які ўлады ўвялі якраз празь вялікі наплыў мігрантаў. А ў прымежнай зоне на мяжы зь Беларусьсю нельга было знаходзіцца без асаблівага дазволу.

Нягледзячы на строгія абмежаваньні, Абдулаалу і Мартынэ ўдалося праехаць у памежную зону і знайсьці дом, пра які напісала брату ў SMS сястра. Там, акрамя Мабрукі, былі і іншыя мігранты, у асноўным выхадцы з Судану. Сярод іх былі цяжарныя жанчыны, успамінае Мартынэ.

Таксама яна ўспомніла, што спачатку ня ўсе мігранты зьмясьціліся ў машыну. Частку нідэрляндцы перавезьлі ў Літву, а затым вырашылі вярнуцца ў той закінуты дом у Латвіі. Там іх ужо затрымалі памежнікі праз падазрэньне ў кантрабандзе людзей. «Дзейнічалі на адрэналіне», — гавораць фігуранты крымінальнай справы.

Мартынэ гаворыць, што думала, быццам за перавозку людзей яны заплацяць толькі штраф, калі патлумачаць паліцыі, што дапамагаюць людзям. Абдулаал адзначае, што яны дзейнічалі не дзеля таго, каб зарабіць грошы, а толькі каб дапамагчы людзям, у прыватнасьці, Мабруцы. Пра пагрозу суровага пакараньня да 8 гадоў турмы яны ня думалі і ня ведалі.

Пасьля затрыманьня ў Латвіі Мартынэ адпусьцілі адразу — пад заклад у 6 тысяч эўра. Абдула месяц правёў пад арыштам, але ў выніку змог выйсьці пад заклад у 30 тысяч эўра. Грошы на заклад удалося сабраць праз сацсеткі.

Мігрантаў, па якіх Мартынэ і Абдулаал вярнуліся ў Латвію, памежная ахова выправіла назад у Беларусь. Малодшая сястра Абдулаала зараз разам зь ім знаходзіцца ў Нідэрляндах: яна чакае рашэньня міграцыйнай службы аб наданьні ёй прытулку.

«Я сам прайшоў падобны шлях, па моры, — расказвае Абдулаал. — Я ведаю, што гэта вельмі небясьпечна. Але заставацца ў маёй краіне яшчэ больш небясьпечна. Мая сястра адправілася ўсьлед за мной. Калі б яна засталася ў Судане, магчыма, яна б загінула. А тут у яе можа быць жыцьцё».

Жыхары Латвіі таксама ўдзельнічаюць у транзыце нелегальных мігрантаў зь Беларусі, але ў асноўным робяць гэта дзеля таго, каб зарабіць. Сёлета памежная ахова Латвіі затрымала больш за 20 такіх перавозьнікаў: акрамя грамадзян Латвіі, гэта таксама выхадцы з Украіны, Турэччыны, Румыніі і іншых краін.

Вядома, што выканаўцы атрымліваюць за перавозку аднаго мігранта прыкладна 300 эўра, хаця самі мігранты плацяць кантрабандыстам па некалькі тысяч эўра. У сацыяльных сетках можна знайсьці аб’явы аб пошуку кіроўцаў, гатовых узяць на сябе рызыку перавозкі мігрантаў. Звычайна яны зьбіраюць групы ад 15 да 30 чалавек: за адзін падобны рэйс можна зарабіць 5-7 тысяч эўра. Але тым, каго затрымаюць, пагражае турэмны тэрмін да дзесяці год.

Абдулаал і Мартынэ зьбіраюцца прызнаць сваю віну ў судзе Латвіі і разьлічваюць атрымаць умоўнае пакараньне.

Мігранцкі крызіс 2021-2024. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG