Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка зьніклага бізнэсоўца Красоўскага Валерыя: «Зьнікненьне бацькі дагэтуль адчуваю востра, нібы гэта было ўчора»

абноўлена

Валерыя Красоўская, архіўнае фота
Валерыя Красоўская, архіўнае фота

Акцыя памяці зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмтрыя Завадзкага і Юрыя Захаранкі прайшла 16 верасьня ў галяндзкім Эйндговэне.

Валерыя Красоўская расказала, чаму «адпусьціла надзею» дачакацца вынікаў расьсьледаваньня справы свайго таты.

Валерыя Красоўская, дачка зьніклага 25 гадоў таму разам з палітыкам Віктарам Ганчаром бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, якая жыве ў Нідэрляндах, распавяла Свабодзе пра акцыю памяці, якая пройдзе 16 верасьня.

«Сёньня ў Эйндговэне зьбяромся на акцыю памяці майго таты і Віктара Ганчара, але мы не забываем і пра Юрыя Захаранку, які быў выкрадзены чатыры месяцы раней, і пра журналіста Зьмітра Завадзкага, які зьнік улетку 2000 году. Мы іх таксама згадаем», — паведаміла Валерыя Красоўская.

Эйндговэн, акцыя памяці зьніклых Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага. 16 верасьня 2024.
Эйндговэн, акцыя памяці зьніклых Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага. 16 верасьня 2024.

Валерыя Красоўская расказала падрабязьней пра месца, дзе ў Эйндговэне адбываецца акцыя памяці зьніклых.

Валерыя Красоўская каля дрэва, якое было пасаджанае ў памяць пра яе зьніклага 25 гадоў таму бацькі, Анатоля Красоўскага.
Валерыя Красоўская каля дрэва, якое было пасаджанае ў памяць пра яе зьніклага 25 гадоў таму бацькі, Анатоля Красоўскага.

«Гэта маленькі парк, там у 2008 годзе былі пасаджаныя чатыры дрэвы. У памяць пра тату, пра Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку, Зьмітра Завадзкага. З тае пары мы кожны год сустракаемся на тым месцы, глядзім, як падрасьлі тыя дрэвы. Год таму вырашылі зрабіць цырымонію бяз подыюму. Але абавязкова штогод там я, сябры, беларускія эмігранты, праваабаронцы з Amnesty International, прадстаўнікі галяндзкіх прафсаюзаў, ад якіх і пайшла традыцыя. Ускладзем кветкі да нашых дрэваў, а калі хто будзе мець патрэбу — скажа слова», — расказала Валерыя Красоўская.

Кветкі ў памяць зьніклых беларусаў. Эйндховэн. Архіўнае фота
Кветкі ў памяць зьніклых беларусаў. Эйндховэн. Архіўнае фота

У Валерыі Красоўскай падрастае дачка Стэла, у якой ёсьць і другое імя — Анатолія. Дзяўчынцы 5 гадоў, мама пакуль беражэ яе ад дакладных зьвестак пра тое, як загінуў яе дзядуля.

«На наступную акцыю памяці пляную ўзяць з сабой. Яна ведае, што дзядуля памёр, але пакуль толькі гэтак. Але ў будучыні не пляную ад яе хаваць праўду», — кажа Валерыя Красоўская пра дачку, унучку Анатоля Красоўскага.

Пры гэтым Валерыя прызнаецца, што пра 16 верасьня 1999 году згадваць ёй вельмі цяжка.

«Звычайна ўсе, што адбылося даўно, адчуваецца як другое жыцьцё. Але зьнікненьне майго бацькі я дагэтуль адчуваю гэтак востра, нібы ўсё адбылося толькі што».

Валерыя замаўкае, і ў слухаўцы чуваць, што пачынае плакаць.

Валерыі было 17 гадоў, калі зьнік яе тата, Анатоль Красоўскі, вядомы беларускі бізнэсовец, які сябраваў з апазыцыйным палітыкам Віктарам Ганчаром і дапамагаў яму ў палітычнай барацьбе.

«Усё памятаю. Ведала, што тата паехаў у лазьню, але ўначы я прачнулася і ўбачыла, што мама ня сьпіць. Яна сказала, што таты няма, але каб я не хвалявалася, а ішла спаць. А раніцай таты зноў не было, і маці паехала на вуліцу Фабрычную, дзе была тая лазьня. І ўсё пачалося...»

Вядома, што зьнікла аўто, на якім Ганчар і Красоўскі прыехалі ў лазьню ўвечары напярэдадні, але па сьлядах крыві і аскепках шкла ад аўтамабіля можна было здагадацца, што адбыўся гвалтоўны напад. Валерыя кажа, што спачатку ў яе была ўсё ж надзея, што тата жывы.

«Спачатку верыла, што ўсё ж ён вернецца, уратуецца. Потым верыла, што знойдуць цела і мы зможам тату пахаваць. Верыла, што хоць праз гадоў 20, але вінаватых знойдуць і пакараюць. Але цяпер вырашыла адпусьціць надзею і думаць больш пра памяць. Бо навошта выстаўляць для сябе нейкія межы, тэрміны? Калі б мне 25 гадоў таму сказалі, што і сёньня нічога ня зьменіцца, не паверыла б. Канечне, праўда стане вядомая, рэжым калісьці скончыцца. Але — лепш марыць ня буду».

Пасьля падзей 2020 году Валерыя Красоўская з сумам зазначала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што падчас пратэставых акцый зусім ня згадваліся імёны першых зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі, у тым ліку яе таты. Маладая жанчына дагэтуль лічыць, што гэта было тады як ніколі важна.

«Гэта былі цудоўныя, вельмі важныя для краіны людзі, і тое, што мы пра іх забыліся, можа, не даціснулі, гэта нікому не дапамагло ў 2020 годзе і пазьней. Бо выкраданьне і забойства майго бацькі, а таксама Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага — гэты былі першыя крывавыя крокі дыктатуры. А беларусы як грамадзянская супольнасьць пра гэта фактычна забыліся і гэтак дазволілі рэжыму зайсьці далей. Таму ніхто і ня думаў, што рэпрэсіі будуць такія маштабныя і жорсткія. Гэта вельмі складана было ўявіць. Але магчымыя нават больш страшныя рэчы», — мяркуе Валерыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG