Нямеччына з 16 верасьня ўводзіць памежны кантроль на мяжы з усімі дзевяцьцю сваімі суседзямі, каб спыніць нелегальных мігрантаў.
Як паведаміла агенцтва AFP, міністарка ўнутраных спраў Нэнсі Фэзэр 15 верасьня заявіла, што гэты крок накіраваны на абмежаваньне нерэгулярнай міграцыі, «спыненьне злачынцаў і выяўленьне ісламістаў на раньняй стадыі».
Памежны кантроль будзе дзейнічаць 6 месяцаў і, як чакаецца, будзе ўключаць часовыя збудаваньні на наземных пераходах і выбарачныя праверкі фэдэральнай паліцыі.
Эўрапейская камісія папярэдзіла, што сябры ЭЗ павінны ўводзіць такія крокі толькі ў выключных абставінах.
Раней памежны кантроль увялі на мяжы з Польшчай, Чэхіяй, Аўстрыяй і Швайцарыяй. Цяпер гэтыя ўмовы пашыраць на мяжы з Францыяй, Люксэмбургам, Нідэрляндамі, Бэльгіяй і Даніяй.
З пачатку 2024 году краіны Эўразьвязу папярэдзілі 30022 спробаў незаконнага пранікненьня зь беларускай тэрыторыі незаконных мігрантаў — 83,9% спробаў нелегальнай міграцыі прыпала на Польшчу (25 180), 14,2% — на Латвію (4257), 1,9% — на Літву (585).
За аналягічны пэрыяд мінулага году зафіксавалі 30697 спробаў (42 078 за ўвесь год). З пачатку верасьня напружанасьць на мяжы Беларусі і Эўразьвязу пачала павялічвацца.
12 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што даручыў папярэджваць мігрантаў, каб тыя ня ехалі ў Беларусь у спробах трапіць у ЭЗ.
Форум