Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі ў вязьніцу, дзе «на падлозе поўзаюць клапы»


Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота
Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота

Палітзьняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі з Гомельскага СІЗА ў Рэчыцкі ізалятар часовага ўтрыманьня.

Пра гэта Свабодзе паведаміў муж актывісткі Андрэй Шарэнда, які спаслаўся на зьвесткі абазнанай крыніцы. Паводле Андрэя Шарэнды, стан здароўя ягонай жонкі зноў пагоршыўся, але гэта не паўплывала на ход сьледзтва.

«Сьледчыя тлумачаць, што Паліну перавялі ў Рэчыцу для далейшага выкананьня сьледчых дзеяньняў, але мяркуем, што насамрэч для новых зьдзекаў і прыніжэньня. Рэчыцкі ізалятар — гэта месца, дзе год таму Паліна абвяшчала галадоўку, пратэстуючы супраць жудасных умоваў. Калі яе зноў туды кінулі, значыць, проста зьдзекуюцца і фактычна дабіваюць», — заявіў муж палітзьняволенай.

Летась у канцы жніўня стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк, якая тады знаходзілася ў Рэчыцкім ІЧУ, абвясьціла галадоўку. Палітзьняволеная пратэставала супраць умоваў, у якіх апынулася: яе трымалі ў камэры-адзіночцы без санвузла, ня выдалі матраца. Ляжаць на жалезным ложку яна не магла праз болі ў сьпіне і мусіла ноччу класьціся на падлогу, пры гэтым скардзілася на тое, што ў камэры шмат клапоў.

«Пра якое сьледзтва можна казаць, калі ў ізалятары вось такія ўмовы? Сьледзтву добра вядома, што ў Паліны зноў пагоршылася здароўе, у яе прыступ панкрэатыту, але замест лячэньня ёй прапануюць жалезны ложак і клапоў? Гэта сьвядомы зьдзек з чалавека», — мяркуе Андрэй Шарэнда.

23 траўня Паліна Шарэнда-Панасюк мела выйсьці на волю пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня ў 2,5 года і двух дадатовых тэрмінаў па 1 годзе, дабаўленых судом нібыта за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі». Але замест вызваленьня актывістку зьмясьцілі ў Гомельскае СІЗА на час расьсьледаваньня новай крымінальнай справы паводле 411-га артыкулу КК (непадпарадкаваньне адміністрацыі турмы). Менавіта ў межах гэтай справы цяпер Паліну перавялі ў Рэчыцкі ізалятар часовага ўтрыманьня.

Беларускія праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк палітзьняволенай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG