Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выставілі абвінавачаньні ў тэрарызьме лідэрам ХАМАС


Міністэрства юстыцыі ЗША. Ілюстрацыйнае фота
Міністэрства юстыцыі ЗША. Ілюстрацыйнае фота

У ліку абвінавачаных — цяперашні лідэр руху Ях’я Сінвар і загінулы кіраўнік палітбюро ХАМАС Ісмаіл Ханія, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Міністэрства юстыцыі ЗША ў аўторак абнародавала абвінавачаньні ў тэрарызьме і змове з мэтай забойства амэрыканскіх грамадзян супраць шасьці лідэраў ХАМАС у сувязі з нападам на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году.

У крымінальнай скарзе, накіраванай у фэдэральны суд у штаце Нью-Ёрк, лідэраў ХАМАС вінавацяць у арганізацыі і падтрымцы шырокай кампаніі тэрарызму і гвалту, кульмінацыяй якой стала разьня ў Ізраілі 7 кастрычніка 2023 году. Сама арганізацыя ХАМАС прызнаная ў ЗША тэрарыстычнай.

Адным з абвінавачаных стаў цяперашні лідэр ХАМАС Ях’я Сінвар і былы кіраўнік палітбюро ХАМАС Ісмаіл Ханія, забіты ў ліпені ў Тэгеране. Абвінавачаньні таксама выставілі былому кіраўніку вайсковага крыла ХАМАС Махамэду Дэйфу (забіты ў ліпені), былому намесьніку Дэйфа Марвану Ісу (забіты ў сакавіку), кіраўніку офісу ХАМАС па працы з дыяспарай Халеду Машалю і кіраўніку камітэту ХАМАС па сувязях за мяжой Алі Бараку.

Генэральны пракурор ЗША Мэрык Гарланд падкрэсьліў цяжкасьць учыненых злачынстваў.

«7 кастрычніка тэрарысты ХАМАС, якія ўзначальваюцца гэтымі абвінавачанымі, забілі амаль 1200 чалавек, у тым ліку больш за 40 амэрыканцаў, і выкралі сотні цывільных асоб, — заявіў Гарланд. — На мінулых выходных мы даведаліся, што ХАМАС забіў яшчэ шэсьць чалавек, якіх яны выкралі і трымалі ў палоне амаль год, уключаючы Херша Голдбэрга-Паліна — 23-гадовага ўладальніка ізраільскага і амэрыканскага грамадзянстваў».

«Мы расьсьледуем забойства Херша, як і кожнае жорсткае забойства амэрыканцаў ХАМАС, як акт тэрарызму», — дадаў ён.

Выстаўленыя абвінавачаньні ўключаюць змову з мэтай аказаньня матэрыяльнай падтрымкі замежнай тэрарыстычнай арганізацыі, змову з мэтай забойства грамадзян ЗША і змову з мэтай выкарыстаньня зброі масавага паражэньня. У выпадку прызнаньня вінаватымі ім пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротная кара.

Расьсьледаваньне ў справе ўзначальвае ФБР.

«Апублікаваныя сёньня абвінавачаньні — гэта толькі частка нашых намаганьняў, накіраваных супраць усіх аспэктаў дзейнасьці ХАМАС, — заявіў Гарланд. — Гэтыя меры ня будуць апошнімі».

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG