2 верасьня 2024 году а 9 гадзіне Дзіяну Маісеенку затрымалі пры перасячэньні мяжы Грузіі з Армэніяй, бо яна знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі па адным з часта ўжываных беларускімі ўладамі палітычных крымінальных артыкулаў, паведаміў Алесь Міхалевіч. Гаворка ідзе пра ўдзел у пратэстах.
Паводле ягонай інфармацыі, дзяўчыне інкрымінуюць артыкул 342 ч.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). У Беларусі ёй пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да чатырох гадоў.
У гэты момант Дзіяна Маісеенка знаходзіцца ў аддзеле паліцыі гораду Наембэран па адрасе: вул. Барэкамуцюн, 4.
Як удакладніў Міхалевіч, судовае пасяджэньне па справе затрыманай Дзіяны прызначаць ў бліжэйшы час.
«Маё адвакацкае бюро ўжо падключылася да гэтага працэсу. Думаю, што нам удасца адстаяць правы Дзіяны і дамагчыся адмовы ў яе экстрадыцыі з Армэніі, паколькі міжнароднае права забараняе экстрадыцыю асоб, якія перасьледуюцца па палітычных матывах, але патрэбная дапамога журналістаў і Офіса Ціханоўскай, якія ўжо паінфармаваныя», — заявіў Алесь Міхалевіч.
Інфармацыя будзе дапоўненая.
- Гэта ўжо ня першы выпадак затрыманьня беларусаў у Армэніі на запыт беларускіх уладаў. Сёлета ў лютым пры перасячэньні мяжы з Армэніяй затрымалі Максіма Вайткявічуса на падставе таго, што Беларусь абвясьціла яго ў вышук па справе аб ухіленьні ад службы. Спачатку яго затрымалі на 40 дзён, пасьля тэрмін быў працягнуты. У сакавіку ён падаў прашэньне аб прытулку. Абарона зьвяртала ўвагу, што ў Беларусі ён адбыў 15 сутак арышту, яго перасьледавалі за палітычныя погляды ў 2020 годзе. Праз час яму далі палітычны прытулак.
- Раней яшчэ адзін беларус, Яраслаў Новікаў, атрымаў прытулак у Армэніі. Яго таксама затрымлівалі на запыт беларускіх уладаў.
Форум