Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьню на верш Янкі Купалы прызналі экстрэмісцкай


Вокладка альбому «Грай», які выйшаў у 2013 годзе і адкрываўся песьняй «Ня быць скотам».
Вокладка альбому «Грай», які выйшаў у 2013 годзе і адкрываўся песьняй «Ня быць скотам».

Як стала вядома, яшчэ на пачатку 2024 году рашэньнем суду Барысаўскага раёну Менскай вобласьці экстрэмісцкай прадукцыяй быў прызнаны відэакліп і тэкст песьні «Ня быць скотам» гурту «Ляпіс Трубяцкі».

Судовая пастанова была прынятая 26 студзеня 2024 году.

Тэкст песьні цалкам складаецца з радкоў верша Янкі Купалы «Хто ты гэткі?», напісанага клясыкам у часы нацыянальнага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя. Упершыню верш быў надрукаваны ў № 3 газэты «Наша Ніва» за 1908 год, рэдактарам якой Янка Купала стаў празь некалькі месяцаў — восеньню таго ж году. На пасаду рэдактара яго запрасілі браты Іван і Антон Луцкевічы.

Розьніца паміж тэкстам песьні і верша толькі ў адным слове: замест «Дзе радзіўся?» у песьні гучыць «Дзе нарадзіўся?».

Пакуль няясна, ці трапіць пад забарону і сам верш Янкі Купалы:

Хто ты гэткі?
— Свой, тутэйшы.
Чаго хочаш?
— Долі лепшай.
Якой долі?
— Хлеба, солі.
А што болей?
— Зямлі, волі.
Дзе радзіўся?
— Ў сваёй вёсцы.
Дзе хрысьціўся?
— Пры дарожцы.
Чым асьвенчан?
— Кроўю, потам.
Чым быць хочаш?
— Ня быць скотам...

Як вынікае з пастановы, барысаўскі суд 26 студзеня прызнаў «экстрэмісцкімі» ня толькі відэакліп і тэкст песьні «Ня быць скотам», але таксама тэксты песень «Не жадаю», «Лукашенко» і «Уходи».

У жніўня 2023 году ГУБАЗіК прымусіў беларуса зьвесьці татуіроўку з радком «Ня быць скотам» зь верша «Хто ты гэткі?» клясыка беларускай літаратуры Янкі Купалы.

Праўладныя тэлеграм-каналы тады паведамілі пра затрыманьне мужчыны, які меў татуіроўкі «Ня быць скотам» і «БТ убивает». Сілавікі назвалі іх «не забароненымі, але зь відавочным пратэставым душком з памыйнай творчасьці аднаго зьбеглага наркамана». У канцы відэа паказваецца, што мужчына быў вымушаны зьвесьці татуіроўкі.

У лістападзе 2022 году ў сьпіс нацысцкіх арганізацый, структур, сымболікі і атрыбутыкі ўключылі вокліч «Жыве Беларусь» і адказ «Жыве!» У пастанове забароненыя выразы апісваюцца як лёзунг «30-й дывізіі Вафэн-СС (Руская № 2, яна ж — Беларуская № 1), што складалася ў асноўным з былых байцоў атрадаў „Беларускай Краёвай Абароны“, выкарыстоўвалася ў антыпартызанскіх апэрацыях».

Лічыцца, што аўтар нацыянальнага споклічу — таксама клясык беларускай літаратуры Янка Купала. Словы «Жыве Беларусь» паходзяць зь ягонага верша, напісанага ў 1905–1907 гадах — «Гэта крык, што жыве Беларусь»:

«А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG