Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Як абараніць беларусаў ад дэпартацыі з Эўразьвязу. Парады юрыста і прадстаўніка Народнай амбасады


Каляж: Алесь Міхалевіч (зьлева), Зьміцер Васэрман
Каляж: Алесь Міхалевіч (зьлева), Зьміцер Васэрман

Cям’ю беларусаў, маці і сына, 21 жніўня дэпартавалі са Швэцыі ў Беларусь. Цяпер тое самае пагражае яшчэ аднаму чалавеку з гэтай сям’і.

Як такое магло здарыцца і ці знаходзяцца пад пагрозай беларусы ў краінах Эўразьвязу — пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» гавораць Зьміцер Васэрман, прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швэцыі, і юрыст Алесь Міхалевіч.

Цалкам размову глядзіце ў відэафармаце на Youtube:

Фрагмэнты размовы:

Васэрман

  • Учора я размаўляў з прадстаўніком швэдзкага міграцыйнага агенцтва. Мяне запэўнілі, што яны зараз перагледзяць справы беларусаў — у тым ліку тых, каму адмовілі ў прытулку. Гэта будзе доўгі працэс, таму паралельна з гэтым мы патрабуем, каб яны ўвялі мараторый на дэпартацыю беларусаў.
  • У Швэцыі вельмі абмежаваны палітычны кантроль над міграцыйным агенцтвам. Агулам гэта добры прынцып — ён зроблены, каб не было «тэлефоннага права». Але праблема ў тым, што агенцтва ня мела дастатковай кампэтэнцыі, каб ацэньваць сытуацыю ў Беларусі. У гэтым канкрэтным выпадку дэпартацыі цяпер яны самі прызнаюць, што гэта памылка.
  • Я ведаю яшчэ некалькі беларусаў, якія знаходзяцца ў падобнай сытуацыі. Спадзяюся, што ў працэсе перагляду справаў гэтыя беларусы будуць улічаныя. Мы вядзем пра гэта дыялёг зь міграцыйнай службай, але гарантыяў няма.

Міхалевіч:

  • Мяне зьдзівіла, што гэта адбылося са Швэцыяй, бо зь Літвы такія выпадкі ўжо былі. Раней у Швэцыі проста не было фізычнай магчымасьці рэалізаваць дэпартацыю, бо няма мяжы зь Беларусьсю, а дэпартаваць у «трэцюю краіну» забаронена. Непакоіць тое, што Літва, апроч таго, што сама дэпартуе беларусаў, прыняла рашэньне дапамагаць іншым міграцыйным агенцтвам — у гэтым выпадку Швэцыі.
  • Эўрапейская канвэнцыя забараняе дэпартацыю ці экстрадыцыю, калі могуць пагражаць катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне. У выпадку зь беларусамі, якіх дэпартуюць у Беларусь, такая пагроза, безумоўна, ёсьць.
  • Людзям у такой сытуацыі трэба мець кантакт зь юрыстам, з адвакатам. Варта прайсьці ўсе нацыянальныя інстанцыі, усе нацыянальныя суды. Калі нешта зьмяняецца, варта зьвяртацца з заявай пра новы разгляд. Калі ўсе нацыянальныя інстанцыі прайграныя, варта карыстацца Эўрапейскім судом па правах чалавека і камітэтам ААН па правах чалавека.
  • Калі гэта не спрацоўвае і пагражае фізычная высылка, варта спрабаваць пераехаць у іншую краіну Эўразьвязу — да прыкладу, у Польшчу — і паспрабаваць падацца па наноў адкрытых абставінах. Гэта ня толькі дае дадатковы час, але зь вялікай імавернасьцю можна будзе легалізавацца — хай не са статусам уцекача. У Польшчы нашмат лепш разумеюць сытуацыю ў Беларусі.
  • Калі і гэта немагчыма, і пагроза дэпартацыі непасрэдная, можна пагаджацца на выезд у менш бясьпечную краіну па-за Эўразьвязам, куды ня трэба візы ці куды можна атрымаць візу.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG