Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўнавартасны наступ з тэрыторыі Беларусі немагчымы — Рада нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны

Паседжаньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, ілюстрацыйнае фота.
Паседжаньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, ілюстрацыйнае фота.

Менш за тысячу беларускіх вайскоўцаў знаходзяцца цяпер паблізу мяжы з Украінай, «ня створана ўдарнай групоўкі», з прычыны чаго паўнавартасны наступ з тэрыторыі Беларусі цяпер немагчымы.

Такую заяву зрабіў 26 жніўня кіраўнік Цэнтру па супрацьдзеяньні дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны Андрэй Каваленка ў інтэрвію «РБК-Україна».

Паводле ягоных слоў, «Лукашэнка проста імкнецца цяпер дапамагчы Пуціну, адцягваючы частку ўкраінскіх сіл і ўвагу ўкраінскага камандаваньня на гэты флянг і праганяючы гэтае пытаньне праз сваю прапаганду».

«Увесь гэты інфармацыйны шум накіраваны таксама на Расею, бо Лукашэнка вымушаны паказваць Пуціну, што ён нешта робіць. Ён, як хітры палітык, спрабуе Пуціна ўсё ж недзе падмануць у гэтай сытуацыі», — лічыць Каваленка.

25 жніўня МЗС Украіны выступіла з заявай, у якой заклікала «службовых асоб» у Менску «не рабіць трагічных для ўласнай краіны памылак пад ціскам Масквы» і «адвесьці войскі ад дзяржаўнай мяжы».

Войскі ўладам Беларусі прапанавана адвесьці «на адлегласьць, якая перавышае далёкасьць паражэньня наяўных у РБ сыстэм агню».

«Паводле дадзеных выведных органаў Украіны, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь пад выглядам вучэньняў засяроджваюць значную колькасьць асабовага складу, у прыватнасьці, Сіл спэцыяльных апэрацый, узбраеньня і вайсковай тэхнікі, уключаючы танкі, артылерыю, РСЗА, сродкі СПА і інжынэрную тэхніку, у Гомельскай вобласьці паблізу паўночных межаў Украіны», — гаварылася ў заяве.

Сьцьвярджалася, што на мяжы зь беларускага боку «зафіксавана прысутнасьць наймітаў былой ПВК „Вагнэр“».

«Правядзеньне вучэньняў у пагранічнай паласе і ў непасрэднай блізкасьці да аб’екта атамнай энэргетыкі, Чарнобыльскай АЭС, стварае пагрозы нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны і сусьветнай бясьпецы ў цэлым», — адзначаў украінскі МЗС.

Ведамства падкрэсьліла, што Ўкраіна „ніколі не рабіла і не зьбіраецца прадпрымаць ніякіх недружалюбных дзеяньняў супраць беларускага народу“.

25 жніўня Каваленка таксама напісаў у сваім тэлеграм-канале, што ўсе пагрозы наступу зь Беларусі «выключна інфармацыйныя, ня больш», а сілы абароны кантралююць сытуацыю.

У інтэрвію тэлеканалу «Расея» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Ўкраіна трымае каля беларускай мяжы больш за 120 тыс. салдат. «Бачачы іх агрэсіўную палітыку, мы ўвялі туды і разьмясьцілі ў пэўных пунктах — так, як гэта ў выпадку вайны, абароны было б — нашых вайскоўцаў», — сказаў ён.

Паводле сьцьвярджэньня Лукашэнкі, Кіеў узмацніў свой кантынгент пасьля таго, як у Беларусь былі перакінутыя расейскія войскі для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня: нібыта дзеля асьцярог, што яны нападуць з Гомельскай вобласьці, як у лютым 2022 году.

У адказ на гэта Лукашэнка, паводле яго слоў, перакінуў да ўкраінскай мяжы «амаль трэць арміі» на дадатак да сталага кантынгенту. Пасьля высьвятленьня сытуацыі праз каналы спэцслужбаў дадатковыя сілы былі адведзеныя абодвума бакамі.

У канцы чэрвеня ўлады Беларусі абвінавацілі Ўкраіну ў актывізацыі выведнай дзейнасьці, перамяшчэньні да мяжы баявых падразьдзелаў. Менск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дысьлякацыі, паколькі вайскоўцы справіліся з сытуацыяй «дыпляматычнай мовай».

Расейская прапаганда заявіла аб здрадзе з боку Лукашэнкі, паколькі, як сьцьвярджалася, ўкраінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай апэрацыі ў Курскай вобласьці РФ.

У выніку 10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэньні беларускай паветранай прасторы бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны (ГПСУ) Андрэй Дземчанка паведаміў на наступны дзень, што служба ня бачыць зьменаў на мяжы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG