Пагаварылі з аўтарам пра афрыканскі востраў і беларускае маленства, дзяцей савецкай намэнклятуры і іхны нонканфармісцкі настрой у культуры, сталеньне душы і вечнае вяртаньне да Беларусі.
Пра жывое жыцьцё на Занзібары і зьнікненьне яго на радзіме
— Узяўшы ў рукі вашу кнігу і прачытаўшы толькі назву, спадзяваліся знайсьці ў ёй аповеды пра розныя афрыканскія дзівы і цікавінкі. Але на тытульнай старонцы раптам бачым: «Сталеньне маладой душы». Без сумневу, аўтарскай, беларускай. І неяк адразу ўзьніклі думкі пра выпадковасьць назвы...
— Тут насамрэч усё проста. Я крыху паезьдзіў па сьвеце, бачыў розныя «віды» жыцьця, але толькі на Занзібары яно здалося мне такім, якім я бачыў і разумеў яго ў дзяцінстве. Прычым на афрыканскім востраве гэта жывое жыцьцё, а таго майго дзіцячага — ці ў Мазыры, ці ў бабулі ў Мялешкавічах, ці на Круглай у Менску — даўно няма і сьледу. І выглядае яно на сёньняшні погляд ніяк ня менш экзатычна, чым тое, што мы можам пабачыць на Занзібары. Мая кніжка — гэта падарожжа, аднолькава далёкае ў часе і прасторы. Умоўна кажучы, да майго дзяцінства гэтаксама далёка, як да Занзібара. Хлопчыка на вокладцы вы гарантавана сустрэнеце там і ўжо ніколі не пабачыце тут.
Пра тое, як кніга называе сама сябе
— Недзе прыкладна на сярэдзіне тэксту чытаем: «Занзібар, вядома, не Радзіма, хоць і складаецца амаль з тых самых літар...». Чаму ўсё ж вы назвалі кнігу «Занзібар»?
— Бывае так, што кніга называе сябе сама, і толькі пасьля разумееш, што інакш і не магло быць. Напрыклад, хтосьці з чытачоў зьвярнуў увагу, што, калі прачытаць назву наадварот, атрымаецца «Рабі з нас» — як зварот да найвышэйшай існасьці, якая некага з нас робіць, якая і ажыцьцяўляе тое «сталеньне маладой душы»... А яшчэ, пакуль пісаўся гэты самы тэкст (на Занзібары, куды я фактычна ўцёк ад турмы), я даведаўся, што Андрэй Скурко ў турме перакладае верш Карнея Чукоўскага пра Занзібар — узьнік дзівосны абэртон, які заўсёды паказьнік гармоніі. Словам, інакш гэты тэкст называцца і ня можа.
Пра сьпірытычны сэанс з самім сабою
— Ваша кніга — гэта аўтабіяграфічная проза, пра якую вы, між іншым, у канцы зазначаеце: «... прызнаюся, не зьбіраўся пісаць мэмуараў. Пісьменьнікі звычайна пабойваюцца пісаць успаміны. Чаму? Ну чаму... Бо гэта як бы апошняя кніга, якую ты пішаш перад тым, як... Вось менавіта. Але, па шчырасьці, усё, што яны пішуць, гэта мэмуары і ёсьць. Літаратура — сьпірытычны сэанс з самім сабою». Вашы мэмуары пачынаюцца ледзь не зь несьвядомага ўзросту. Вы напраўду лічыце, што нават раньняе дзяцінства ўплывае на сталеньне асобы?
— Псыхалёгія сьцьвярджае, што базавыя рысы асобы, тая ж эмпатыя, фармуюцца да трохгадовага ўзросту. Ёсьць таксама меркаваньне, што чалавек прыходзіць на сьвет з ужо напісаным сваім лёсам. Між іншым, для таго, каб спраўдзіць, ці так гэта, і пішацца такая кніга. Аўтар задаецца пытаньнем да сябе: скуль ты такі ўзяўся? Але насамрэч мэмуары ніякіх адказаў пра такія матэрыі не даюць, яны проста апісваюць колішнюю рэальнасьць. Мне ж якраз карцела атрымаць адказы пра жыцьцёвыя сэнсы, таму я не магу назваць гэтую кнігу мэмуарамі.
Пра роўныя магчымасьці дзяцей начальнікаў і рабацягаў
— У адным з разьдзелаў «Занзібару» ёсьць згадка пра кнігу Шэксьпіра ў перакладзе на беларускую мову Юркі Гаўрука, якая выканала ці не вызначальную ролю ў вашым павароце да нацыянальных арыентыраў. Знайшлі вы тую кнігу на паліцы ў кватэры генэрала КДБ, з чыёй дачкой хаўрусавалі. Дзецьмі высокіх начальнікаў былі і многія іншыя вашы сябры. І разам з тым вы пішаце, што не лічылі сябе кімсьці адрозным ад бальшыні дзяцей шараговых бацькоў.
Няўжо і сапраўды ў сыноў і дачок калгасьнікаў ці рабочых трактарнага заводу былі за савецкім часам тыя самыя стартавыя магчымасьці для інтэлектуальнага росту, што і ў нашчадкаў партыйнай намэнклятуры і вышэйшых чыноў сілавых структур?
— У кнізе я паспрабаваў разабрацца і з гэтым пытаньнем. «Магчымасьці інтэлектуальнага росту» былі, безумоўна, роўныя. У 4-й менскай школе, якую я закончыў, у маёй клясе было пароўну дзяцей намэнклятуры і «рабацяг» з заводу імя Кірава. І гэта была адна кампанія — як у школе, так і па-за ёй. Адрозьнівацца маглі жыцьцёвыя гарызонты: хтосьці бачыў іх блізкімі, а хтосьці далёкімі, прычым безадносна ад паходжаньня. Нехта паддаваўся ўплыву абставінаў і бацькоў, а хтосьці верыў у самога сябе. Варта паглядзець, хто сёньня ў беларускай культуры найлепшыя творцы, і пераканацца, што паходжаньне ніяк не паўплывала на іхны рост. Якраз выхадцы з намэнклятуры часьцяком задавалі ў культуры нонканфармісцкі настрой.
Пра заварожанасьць уласным тэкстам і адсутнасьць думак пра чытача
— Кожны літаратар, сядаючы за пісьмовы стол, бачыць хаця б аднаго свайго будучага чытача. На якіх чытачоў арыентаваліся вы, пішучы «Занзібар»? Ці, сфармуляваўшы пытаньне па-іншаму, якім чытачам можа прыдацца сёньня ваш досьвед сталеньня маладой душы?
— У мяне трохі па-іншаму. Думаць пра чытача, па-мойму, значыць мець пэўны разьлік. Гэта можа быць уласьціва для чыстага жанру: дэтэктыў, прыгоды, гістарычны раман... Але гэта іншы, ня мой тып літаратуры. Я заўсёды меркаваў, што калі тэкст цікавы мне самому, дык ён можа захапіць і кагосьці яшчэ. Але гэта зусім ня стымул. Гэта і ня досьвед, пагатоў разьлічаны на перайманьне. У мяне гэта мусіць быць арганічны сынтэз розных жанраў, дзе на першым месцы — сюжэтнасьць, парадокс, тое, што выклікае эмоцыю. Птушка сьпявае, заварожаная ўласным сьпевам, а мы яе слухаем, бо нам перадаецца яе заварожанасьць. Больш нічога.
Пра новую кнігу і вечнае вяртаньне да Беларусі
— Чытаем у канцы: «...У туманнай карціне твайго заўтра ты бачыш адну выразную і зразумелую постаць. Сябе». Якім вы бачыце сябе праз год, два, пяць, дзесяць? Дзе, у якой краіне ці ў якім горадзе і пры якіх варунках вы зможаце адназначна сказаць сабе: «Ты пражыў лепш, чым марыў». Якая ваша мара як запеўка для новай кнігі?
— Новая кніга будзе, хутчэй за ўсё, масонскай. Гэта зусім не раскрытая тэма, а я маю дастатковы досьвед, каб пра гэта апавядаць. У пэўным сэнсе гэта будзе працяг «Занзібара», бо мяне прасілі працягнуць аўтабіяграфічную нітку, якая там завяршылася 1987 годам. Сябе я бачу сабой і ў Беларусі. Прычым няважна, дзе ў Беларусі — у вялікім горадзе ці на лясным хутары. Гэта маё вечнае вяртаньне, якое да сябе завяршылася, а да Беларусі яшчэ не.
Форум