У Беларусі 91 дом-інтэрнат для састарэлых і людзей з інваліднасьцю, агулам у іх жывуць каля 17–18 тысяч чалавек. Раней установы называліся складана. Напрыклад, дом для састарэлых у Камарыне Гомельскай вобласьці меў назву «Аддзяленьне кругласутачнага перабываньня для грамадзян пажылога ўзросту Брагінскага тэрытарыяльнага Цэнтру сацыяльнай дапамогі насельніцтву». Цяпер для дамоў-інтэрнатаў агульную назву скарацілі да «сацыяльны пансіянат». Далі і ўласныя назвы. Напрыклад, «Агінскі» — для інтэрнату ў Целяханах, «Прыбужжа» — для дому-інтэрнату ў Берасьці.
Пра тое, якая атмасфэра пануе ў такіх сацыяльных установах, Свабодзе расказаў адзін зь нядаўніх яе пастаяльцаў Віктар, які папрасіў не называць ягонага сапраўднага імя. А таксама Сяргей, у якога ў дом састарэлых трапіла стрыечная бабуля. Яго імя таксама зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі.
«Бабуля плача, хоча дахаты»
Паводле паведамленьняў дзяржаўных СМІ, перайменаваньне дамоў-інтэрнатаў зьвязанае з пашырэньнем спэктру паслуг. Таксама расказваюць пра скарачэньне сьпісу мэдычных дасьледаваньняў, неабходных для накіраваньня ў інтэрнаты.
Што гэта азначае на практыцы, на сабе адчуў Сяргей, які пэрыядычна наведваў сваю далёкую састарэлую сваячку, якая жыла ў маленькай вёсцы. Сяргей кажа, што жанчына жыла адна, але магла сябе дагледзець. Дапамагала з гэтым сацыяльная работніца. Аднак праз малы заробак жанчына звольнілася, а яе падапечная ў выніку трапіла ў інтэрнат. Суразмоўца ўзгадвае, што аднойчы прыехаў наведаць сваячку і проста на месцы даведаўся, што яна ў доме састарэлых. Там Сяргею наведаць жанчыну не дазволілі. Суразмоўца сьцьвярджае, што жыхары такіх установаў не заўсёды маюць магчымасьць выходзіць за абгароджаную тэрыторыю.
«Мне ўдалося паразмаўляць з бабуляй праз вакно, яна плакала і прасілася дахаты. Я езьдзіў яшчэ ў дом састарэлых, даведаўся ад іншых пастаяльцаў, што ў іх забіраюць пэнсіі, ім нельга выходзіць. Мужчыны ня могуць купіць сабе цыгарэты, атрымліваюць іх як „узнагароду“ ад санітарак за зробленую працу», — сьцьвярджае Сяргей.
Па словах суразмоўцы, ягоную сваячку ў дом састарэлых прывезьлі не зусім па ейнай волі.
«Яе падманулі, што вязуць у шпіталь, падлячыцца. І так яна апынулася ў доме састарэлых, адкуль ня можа выйсьці цяпер і толькі плача там», — дадаў Сяргей.
10% ад пэнсіі
Віктар ня можа самастойна сябе абслугоўваць, у яго няма блізкіх і сваякоў. Атрымаўшы інваліднасьць, ён трапіў у дом-інтэрнат. Кажа, што ўмовы ўтрыманьня, харчаваньне там былі для яго больш-менш прымальныя. Паводле суразмоўцы, самае непрыемнае, з чым ён сутыкнуўся ў сацыяльнай установе, — гэта стаўленьне да пастаяльцаў з боку санітарак і адміністрацыі.
«Не скажу, што ўсе пагалоўна, але большасьць па-хамску абыходзіцца. Большасьці з жыхароў такіх месцаў няма да каго зьвярнуцца — у іх няма блізкіх. У каго ёсьць радня, то і яна не дапаможа, бо сама ж радня і „здала“ чалавека ў інтэрнат і забылася пра яго», — тлумачыць суразмоўца свае словы.
Па словах Віктара, каля 90% пэнсій пастаяльцаў ідзе на патрэбы дому-інтэрнату, на рукі яго жыхары атрымліваюць каля 10% дзяржаўных выплат.
«Але пасьля пандэміі, забароны на наведваньне і забароны пакідаць тэрыторыю інтэрнату і на гэтыя 10% няма чаго разьлічваць, асабліва людзям старым, хворым. Санітаркі бяруць гэтыя грошы. Маўляў, мы вам купім усё ў краме. Па выніку прынясуць той бабульцы 300 грамаў цукерак і кіляграм пернікаў, і ўсё на гэтым. Яны ж ведаюць, што бабуля нікому не паскардзіцца. Гэта добрае поле для злоўжываньняў», — лічыць Віктар.
Па словах суразмоўцы, нават сваякі, якія наведваюць інтэрнацкіх падапечных, ня могуць зайсьці да іх у пакой і паглядзець, у якіх умовах тыя жывуць. Ёсьць асобнае памяшканьне для спатканьняў. Віктар кажа, што адміністрацыя сацыяльнага прытулку тлумачыць такі стан рэчаў клопатам пра пастаяльцаў. Маўляў, гэта аберагае тых ад заражэньня хваробамі.
Віктар дадае, што адміністрацыя, калі ён быў у сацыяльным прытулку, магла пакараць жыхароў інтэрнату за розныя парушэньні. У тым ліку за спробу паскардзіцца на заведзеныя парадкі.
«Ізалятар — такі пакой, дзе нельга адчыняць вакно і дзе ты сядзіш адзін, у ізаляцыі, увесь час пад замком. Адзінае, што табе прыносяць паесьці. У такім ізалятары сядзеў нядаўна дзядуля гадоў пад 90, ды яшчэ з хваробай сэрца, пры сьпёцы больш за 35 градусаў. Нават калі б яму было блага, каб клікаў на дапамогу — яго б папросту ніхто не пачуў. Так караюць за розныя правіны, у першую чаргу за скаргі», — узгадвае суразмоўца.
Віктар кажа, што таксама спрабаваў скардзіцца на хамства санітарак і абразы, але ў выніку спыніў гэтыя спробы, бо сам мог трапіць у ізалятар. Паводле суразмоўцы, жыхары дамоў-інтэрнатаў паводзяць сябе ціха і парушэньні абмяркоўваюць збольшага паміж сабой.
«Догляд ёсьць, пампэрсы ляжачым зьмяняюць. Але пакуль санітарка зьменіць той пампэрс, яна хворага абкладзе такімі трохпавярховымі матамі, што я нават пераказаць не магу — вушы вянуць. Вы і такія, і такія, і я тут ня буду за шэсьцьсот рублёў няньчыць вас. Гэта так прыніжае, такі псыхалягічны ціск. Людзі і так слабыя, старыя, хворыя, тут яшчэ і абразы. Нездарма ў інтэрнаце высокая сьмяротнасьць», — кажа Віктар.
Суразмоўца кажа, што пастаяльцы, нават на мыліцах і вазках, часам зьбягаюць з інтэрнатаў. Але іх ловяць, вяртаюць назад, зьмяшчаюць у ізалятар.
«Уцякаюць, бо дасталі абразы і прыніжэньні гэтыя», — кажа суразмоўца.
Віктару ўдалося выйсьці з інтэрнату нядаўна, яго пагадзілася даглядаць знаёмая. Суразмоўца кажа, што тыя, хто ў інтэрнаце застаўся, яму зайздросьцяць.
«Бо ў іх няма ніякай надзеі, яны жывуць па прынцыпе „Дзень прайшоў, і дзякуй Богу“, Нікому не патрэбныя, цярпяць абразы і прыніжэньні, проста дажываюць. Існуюць, ведаючы, што нічога ня зьменіцца, так яны там і памруць», — дадае суразмоўца.
«Гэта яшчэ ня самае горшае»
Кіраўнік «Офісу па правах людзей з інваліднасьцю» Сяргей Драздоўскі ў размове са Свабодай зьвяртае ўвагу на тое, што сьведчаньні пра абразьлівае стаўленьне з боку пэрсаналу і іншыя парушэньні дае чалавек, які трапіў у дом-інтэрнат для людзей з інваліднасьцю. Па словах Драздоўскага, гэта не найгоршы варыянт. У псыханэўралягічных інтэрнатах сытуацыя можа быць яшчэ больш складаная.
«У выпадку, калі чалавек на дадатак пазбаўлены дзеяздольнасьці — ён ня знойдзе абароны практычна нідзе, яго папросту ніхто ня будзе слухаць», — кажа Сяргей Драздоўскі.
Па словах суразмоўцы, у Беларусі колькасьць інтэрнатаў для людзей з інваліднасьцю і састарэлых павялічваецца. За апошнія 10 гадоў іх стала больш амаль на 40%. Пры гэтым у беларускай дзяржавы амаль стоадсоткавая манаполія на сацыяльныя паслугі, такі стан рэчаў застаўся з часоў СССР.
«За гэта трымаюцца зубамі. Вялізарны кавалак бюджэтных грошай, якія даступныя для гэтай часткі людзей у дзяржаве, таму яны гэта нікому не аддаюць», — кажа суразмоўца.
Па словах Сяргея Драздоўскага, да разгрому сэктару НДА ў беларускія інтэрнаты маглі трапіць прадстаўнікі грамадзкай супольнасьці і валянтэры. Цяпер гэта стала амаль немагчымым, а тыя валянтэры, якія ўсё ж трапляюць у інтэрнаты, ня могуць адкрыта расказваць пра ўмовы, у якіх там жывуць людзі.
Як расказвае кіраўнік «Офісу па правах людзей з інваліднасьцю», звычайна на ролю дырэктара інтэрнату прызначаюць былога вайскоўца, міліцыянта альбо чыноўніка, які ня мае адпаведнай адукацыі.
«Быў такі выпадак — прызначылі на гэтую ролю былога дырэктара мясакамбінату. Гэта ўстановы, роля якіх — рэабілітацыя людзей. Хто з гэтага пэрсаналу чуў ці прачытаў, што такое рэабілітацыя? У нас з разуменьнем рэабілітацыі ў міністэрстве праблемы. У інтэрнатах там увогуле няма такога разуменьня. Ёсьць дзяржава, законы, а ёсьць інтэрнат са сваімі законамі, якія пастанаўляе дырэктар», — кажа суразмоўца.
Па словах Драздоўскага, яму таксама вядомыя выпадкі, калі жыхароў сацыяльных прытулкаў зьмяшчаюць у ізалятары за парушэньне ўнутранага распарадку. Ён лічыць, што сытуацыя ў падобных установах патрабуе агалоскі ў СМІ.
«Чыноўнікі баяцца. Быў бы добрым любы распаўсюд інфармацыі пра тое, што адбываецца ў інтэрнатах», — лічыць кіраўнік «Офісу па правах людзей з інваліднасьцю» Сяргей Драздоўскі.
Форум