Былога міліцыянта абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Гэта ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»), ч. 1 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці»), ч. 2 арт. 367 («Паклёп у дачыненьні прэзыдэнта»).
Суд праходзіць у закрытым рэжыме, як і большасьць працэсаў над былымі сілавікамі, якіх улады падазравалі ў неляяльнасьці.
У аб’яднаньні былых сілавікоў BelPol пра Вілена Тургунава паведамілі, што мужчыну 55 гадоў, ягоны бацька паходзіць з Узбэкістану, маці беларуска. У Беларусь Вілен Тургунаў прыехаў з Бранскай вобласьці Расеі, дзе скончыў унівэрсытэт па спэцыяльнасьці «правазнаўства». Жыў у Гомлі, быў жанаты, цяпер разьведзены.
Працаваў Вілен Тургунаў у Чыгуначным РАУСе Гомля, а пасьля звальненьня зь міліцыі — у будаўніча-мантажным трэсьце ў Гомлі.
Вядома, што перад затрыманьнем Вілен Тургунаў вёў старонкі ў розных сацыяльных сетках, дзе выказваўся пра палітычныя і сацыяльныя падзеі. За падтрымку Ўкраіны іншыя карыстальнікі сетак называлі яго «бандэраўцам».
Старшынём на працэсе над Віленам Тургунавым будзе судзьдзя Алег Харошка, для якога гэта ня першы працэс, зьвязаны з падзеямі ва Ўкраіне. Паводле «Вясны», у кастрычніку 2022 году Алег Харошка прысудзіў 2 гады зьняволеньня жыхару Гомельскай вобласьці Ўладзіславу Войну, якога прызнаў вінаватым у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці», гэта частка 1 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Форум