У 2020-м Андрэй (імя былога палітвязьня зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) вучыўся ў каледжы на электрыка і праходзіў практыку ў ЖЭС. Палітыкай не цікавіўся. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі галоўны інжынэр прымушаў хлопца прагаласаваць датэрмінова. Андрэя гэта абурыла — адмовіўся.
Увечары 9 жніўня выйшаў у цэнтар гораду, прайшоўся маршам па Берасьці. Быў моцна ўражаны колькасьцю людзей, што выйшлі на вуліцы на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў.
Куля ў нагу
10 жніўня пасьля працы зноў выйшаў у горад. Расказвае, што ў цэнтры Берасьця ў той дзень сабралася шмат народу, сілавікі спрабавалі адціснуць натоўп. Стаў у счэпку зь іншымі, каб не прапусьціць міліцыянтаў. Тыя распылілі сьлезацечны газ.
«Да іх падышоў мужчына зусім блізка. Ён не крычаў, не жэстыкуляваў, спрабаваў спакойна пагаварыць. І тут раптам амапавец з размаху шчытом б’е яму ў твар. Мужык падае, сьвішча кроў.
Пад’яжджаюць чатыры мікрааўтобусы. Пачалася поўная вакханалія: сьвятлашумавыя гранаты, стрэлы, людзей б’юць, затрымліваюць. У наш бок бяжыць мужчына. Чуваць шчаўчок, мужчына падае — яго падстрэлілі. Адцягваем на траву, ён паранены ў пах гумовай куляй. Крывішча проста ліецца ракой...» — узгадвае тыя падзеі Андрэй.
Прызнаецца, што быў у шоку ад пабачанага. Падняў некалькі камянёў, кінуў іх у бок сілавікоў. Пайшоў дадому. Аднекуль вылецелі два мікрааўтобусы, на хаду адчыніліся дзьверы, адтуль паляцелі гранаты, пачалася страляніна.
«У той момант не было ніякіх сутычак, людзі ішлі па ходніку. Усе пабеглі. І тут мне штосьці прылятае ў нагу. Я таксама бягу на адрэналіне. Нейкі мужчына кажа: „Хлопец, спыніся, у цябе ўсе ногі ў крыві!“ Закружылася галава, да мяне падбеглі людзі. На шчасьце, гумовая куля не захрасла, але разьвярнула нагу, вырвала кавалак мяса да косьці пад каленкай. Нейкія хлопцы выносяць з машыны аптэчку, накладаюць жгут, спрабуюць перавязаць. Пад’яжджае АМАП. Хлопцы зацягваюць мяне ў машыну, націскаюць на газ, і нам удалося зьехаць адтуль», — узгадвае суразмоўца.
У шпіталь Андрэй ехаць пабаяўся. Хлопцы пазванілі сваёй сяброўцы, касмэтычнаму хірургу. Незнаёмая жанчына пагадзілася агледзець параненага ў сябе дома.
«Маці доктаркі была ў шоку, убачыўшы маю рану. Мэдык прадэзынфікавала яе і сказала, што трэба шыць. Інструмэнтаў дома ў яе не было. Я быў вельмі ўражаны такім стаўленьнем — жанчына паехала на працу, каб дапамагчы чужому чалавеку! Але ўвечары будынак клінікі пад сыгналізацыяй, інструмэнты ўзяць не ўдалося», — расказаў хлопец.
Пасьля прыехала сястра і ўсё ж угаварыла Андрэя паехаць у шпіталь. Рану зашылі і адправілі хлопца дадому.
Зьяжджаць адмовіўся, каб не падстаўляць паручальнікаў
На наступны дзень, зь яго словаў, хлопец пачуваўся дрэнна, былі правалы ў памяці. Яшчэ празь дзень — званок у дзьверы.
«Увальваюцца чацьвёра амбалаў. Скруцілі мяне, крыху пабілі. Забралі тэлефон. Напярэдадні спрацавала нейкае шостае пачуцьцё: я пачысьціў усе мэнэджары, павыдаляў перапіскі. Мяне завезьлі ў крымінальны вышук. Сілавікі нічога ня маглі мне выставіць, толькі пагражалі 293-м артыкулам і спрабавалі „ўзяць на понт“. Прамурыжылі мяне гадзін шэсьць, адпусьцілі», — узгадвае хлопец.
23 жніўня да Андрэя прыехалі са Сьледчага камітэту, дапыталі, зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Праз трое сутак выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе і пад асабістае паручальніцтва сястры і цёткі. Выставілі артыкул 293 — масавыя беспарадкі. Зьяжджаць ён катэгарычна адмовіўся, каб не падстаўляць сваіх паручальнікаў, перажываў за сваякоў.
Суд пачаўся ў траўні 2021 году, доўжыўся амаль 3 месяцы. Яшчэ да прысуду, 19 ліпеня, Андрэя зьмясьцілі ў СІЗА, а 12 жніўня прысудзілі яму 3 гады калёніі.
«У 2021-м тэрміны былі яшчэ не такія драконаўскія, як пазьней. Калі я сядзеў у Наваполацку і прывозілі людзей, асуджаных за данаты, я быў у шоку. Ім давалі па 5–10 гадоў», — дзеліцца ўражаньнямі суразмоўца.
«Гэта пекла»
Этапавалі Андрэя ў адну з самых жорсткіх, што да рэжыму і абыходжаньня зь вязьнямі, калёній — Наваполацкую. Адразу павесілі «жоўтую бірку» палітычнага. Прызнаецца, спачатку была эўфарыя, што выбраўся зь СІЗА, бо ўмовы там былі жахлівыя.
Андрэй кажа, што яшчэ падчас карантыну яго спрабавалі завэрбаваць, схіліць да супрацоўніцтва. Адмовіўся. Праз два месяцы зноў выклікаў апэратыўны супрацоўнік, пачаў «апрацоўваць». Зноў пачуў адмову.
«Мяне закрылі ў ШЫЗА на 10 сутак, якраз на Новы год. Умовы там жудасныя, сьцены ў белай керамічнай плітцы, зімой зуб на зуб ад холаду не пападае. Зрабілі „злосным парушальнікам“ (атаварка толькі на дзьве базавыя ў месяц), паставілі на два прафулікі — трэці і дзясяты», — кажа Андрэй.
Працаваў ён у брыгадзе падсобных рабочых. Пабываў на ўсіх вытворчасьцях: на дрэваапрацоўцы, на пераборцы гранул ПЭТ, на ачыстцы старых кабэляў і дратоў ад ізаляцыі.
«Гэта самая шкодная вытворчасьць — літольныя правады выпальваць з кабэлю. Дым, копаць, смурод. У прынцыпе, забаронена паліць правады, адмысловыя станкі павінны плавіць, а мы палілі. Скаргі пісалі і жыхары гораду, што пастаянна смурод стаіць. Гэта пекла. У мяне былі страшэнная пякучка і алергія, есьці ня мог.
Потым пашанцавала — трапіў на так званую „швейку“, дзе заўсёды цёпла, чыста. Паспрабаваў сесьці за швейную машынку — мне спадабалася. Мяне туды ўзялі, рэштку тэрміну працаваў ужо нармальна», — кажа Андрэй.
Вясельле за кратамі
Андрэй хацеў ажаніцца ў калёніі, таму вырашыў не парушаць дысцыпліну, асабліва не «сьвяціцца», каб не працягнулі тэрмін. У траўні 2022 году са сваёй дзяўчынай яны расьпісаліся. Суразмоўца кажа, што інакш гэтую працэдуру назваць ня можа.
«Мая дзяўчына прыяжджае ў турму, узьнёслая, шчасьлівая, у прыгожай сукенцы. Нас расьпісалі і дазволілі пабыць разам хвілін 7, пакуль зарэгіструюць яшчэ дзьве іншыя пары. Калі ўсе тры пары расьпісаліся, дзяўчат выставілі.
Ніякіх спатканьняў не было, хоць паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу пасьля вясельля прадугледжанае доўгатэрміновае спатканьне.
Я дастаў усіх, пачынаючы ад начальніка атраду, заўгаса. Тагачасны начальнік калёніі Пальчык мне адмовіў. Прабачце, гэта не чалавек... Ён неадэкватны, неадэкватная частка іншых супрацоўнікаў, асабліва ў дачыненьні да палітычных», — кажа Андрэй.
Бальшыню крымінальнікаў палітыка не цікавіць, ім усё роўна, што адбываецца ў краіне. Нямала ў калёніі і так званых «ябацек». Андрэй кажа, што навіны ў калёніі абмяркоўвалі толькі палітычныя.
«Пра навіны даведваліся выключна з „СБ — Беларусь сегодня“, хоць яна праўладная. Тэлеканалы — поўная лухта. Актуальная інфа празь лісты ня дойдзе. Штосьці народ даведваўся ад сваякоў падчас спатканьняў, разыходзіліся навіны праз так званае „радыё зэк“, перадавалі адзін аднаму. Але ня ўсе сваякі сядзельцаў цікавяцца тым, што адбываецца ў краіне і сьвеце, расказваюць пра градкі. Так што з актуальнай інфармацыяй было туга», — кажа ён.
«Бабарыка заўсёды адзін»
Пра вядомых палітвязьняў, якія адбываюць тэрміны ў Наваполацкай калёніі, зьвестак зусім мала, кажа Андрэй.
«Пра Віктара Бабарыку няма ніякай новай інфы. Ведаю дакладна, што на момант, калі я выходзіў (канец траўня 2024 году. — РС), ён знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу. Бабарыка заўсёды сядзіць у адзіночцы. У 5-й камэры ПКТ, яна адзіная па другі бок калідора. Зь ім ні ў кога няма ніякіх кантактаў. Калі раней штосьці магло пратачыцца ад так званых „баландзёраў“, якія разносяць ежу, то цяпер іх запалохалі.
Ведаю, што да яго выклікалі і хуткую, і яго не адзін раз экстранна вывозілі ў бальніцу мясцовую. А ў Калядзічы ў турэмны шпіталь яго не адпраўляюць, ніякай мэддапамогі не аказваюць, хоць са здароўем у яго бяда», — кажа Андрэй.
Са зьняволеным журналістам Свабоды Ігарам Лосікам Андрэй знаёмы, яны кантактавалі, некалі разам сядзелі ў ШЫЗА.
«Але пасьля таго, як ён спрабаваў „ускрыцца“, зь зімы 2023 году пра Ігара таксама нічога не чуваць. Акрамя таго, што ён пастаянна ўтрымліваецца ў ПКТ. З такім тэрмінам, які прысудзілі Лосіку, мне яго вельмі шкада.
Пра Анджэя Пачобута я чуў, але зь ім не сутыкаўся. Ведаю толькі, што супрацоўнікі калёніі паміж сабой называюць яго „паляк“ — іх вельмі раздражняе павышаная ўвага звонку, што пра яго шмат пішуць і дамагаюцца вызваленьня», — кажа Андрэй.
У траўні Андрэй вызваліўся. Вярнуўся дадому, стаў на ўсе прафіляктычныя ўлікі. Патэлефанавалі зь невядомага нумару.
«Гэта ГУБАЗіК. Ты хочаш жыць спакойна ці неспакойна? Што ты можаш мне расказаць?» Я кажу, што нічога. Ён пагражае: «Асабліва не высоўвайся, а то можаш заехаць назад у калёнію». Зразумеў, што ад мяне не адчэпяцца. Вырашыў зьяжджаць", — кажа Андрэй.
Празь месяц яму ўдалося пакінуць Беларусь. Цяпер ён за мяжой.
Форум