Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два маладыя хакеісты з Канады, якіх абвінавачваюць у згвалтаваньні, паехалі ў КХЛ, адзін зь іх — у менскае «Дынама»


Дылён Дзюбэ
Дылён Дзюбэ

КХЛ — Кантынэнтальная хакейная ліга, створаная на аснове наймацнейшых расейскіх камандаў з уключэньнем некалькіх дружын з іншых краінаў, у тым ліку Беларусі.

Дылён Дзюбэ, які раней выступаў за «Калгары Флэймз» і моладзевую зборную Канады, падпісаў пагадненьне зь менскім «Дынама». 26-гадовага хакеіста, які выступае ў амплюа нападніка, на радзіме падазраюць у групавым згвалтаваньні жанчыны ў гатэлі ў Лёндане, штат Антарыё. Сьледзтва мяркуе, што гэта адбылося пасьля мерапрыемства, зладжанага Фундацыяй Хакей Канады яшчэ 19 чэрвеня 2018 году.

Пры гэтым на сайце дынамаўцаў пра падазрэньні, якія высунулі супраць гульца ў Канадзе — ані слова. У матэрыялах, падрыхтаваных прэс-службай «зуброў», гаворыцца пра № 19, які на свой гульнявы швэдар узяў нападнік, а таксама прыводзіцца ягоная статыстыка ў моладзевых лігах і ўспаміны пра хакей у дзяцінстве ў родным горадзе Голдэн, Брытанская Калюмбія.

Дзюбэ правёў чатыры сэзоны ў галоўнай камандзе «Калгары». За яе, дарэчы, цяпер пасьпяхова выступае беларус Ягор Шаранговіч.

Дзюбэ ж, акрамя некалькіх сэзонаў у НХЛ, у 2018-м стаў чэмпіёнам сьвету сярод моладзевых зборных. Прычым на турніры ён выконваў ролю капітана канадцаў. Менавіта празь некалькі месяцаў пасьля той перамогі здарыўся крымінальны эпізод, ва ўдзеле ў якім цяпер падазраюць хакеіста.

Акрамя Дзюбэ, сьледзтва выставіла такія самыя абвінавачваньні чатыром іншым хакеістам — адзін зь іх, колішні гулец «Нью-Джэрсі Дэвілз» Майкл МакЛеод, таксама ў новым сэзоне будзе выступаць у КХЛ, а менавіта ў Казахстане за клюб «Барыс» з Астаны.

Іншыя тры хакеісты — Кал Футэ, Картэр Гарт і Алекс Формэнтан. Апошні са згаданых мінулы сэзон правёў у першынстве Швайцарыі.

У ліпені ва ўсіх пяці хакеістаў скончыліся кантракты з клюбамі НХЛ і Эўропы, яны апынуліся ў статусе «свабодных агентаў», але новых клюбаў на радзіме і ў Заходняй Эўропе не знайшлі.

Сама ж Нацыянальная хакейная ліга не накладала на гульцоў дысцыплінарных спагнаньняў. Кіраўнік НХЛ Гары Бэтмэн заяўляў, што дачакаецца выраку суду, каб прымаць нейкія захады.

Адвакаты гульцоў кажуць, што тыя адмаўляюць сваю віну і не прызнаюць сябе вінаватымі ў судзе прысяжных. Гульцы павінны паўстаць перад судом у пачатку наступнага месяца, тады будзе прызначаная дата суду.

Прафэсар Лаура Мізэнэр з Заходняга ўнівэрсытэта, якая засяроджваецца на бясьпецы ў спорце і кіраваньні заявіла CBC, што ў КХЛ, імаверна, радуюцца, што праз такія акалічнасьці здолелі падпісаць якасных гульцоў. На думку навукоўца, у клюбах КХЛ няма таго ўзроўню этычных стандартаў, які б штурхаў да ўстрыманьня ў заключэньні пагадненьняў з падазраванымі ў цяжкім злачынстве.

Яшчэ адным неэтычным учынкам, на гэты раз з боку хакеістаў, грамадзтва ў Канадзе і ЗША можа палічыць тое, што два гульцы адправіліся гуляць у Беларусь і Казахстан, але дэ-факта расейскую лігу, а Расея пры гэтым вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны.

Пры гэтым дацэнт Школы права імя Шуліха пры Ўнівэрсытэце Далхаузі Сьюзі Дан лічыць, што хакеісты маюць права працягваць кар’еру, пакуль у судзе не пацьверджаная іхная віна.

Лёнданскі адвакат Нік Кейк сказаў, што суды схіляюцца да таго, каб не абмяжоўваць свабоду абвінавачаных, за выключэньнем выпадкаў, калі высокая рызыка ўцёкаў. У выпадку з хакеістамі, на думку юрыста, у іх не забіралі пашпарты і не абмяжоўвалі іх свабоду з прычыны таго, што іх хаўсёды можна будзе лёгка знайсьці — яны хакеісты, і таму навідавоку. Таму суды ня бачаць праблемы ў тым, што ў часе сьледзтва канадцы працягваюць сваю кар’еру.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG