Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіну праз Польшчу ўвозілі трактары МТЗ, але мытня адмовілася іх аформіць з прычыны санкцый. Што было далей


Трактары МТЗ на пляцоўцы ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Трактары МТЗ на пляцоўцы ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Паводле кантракту ўкраінская кампанія набыла амаль паўтысячы трактароў.

Украінская кампанія «Техноторг-Дон», зарэгістраваная ў Мікалаеве, цягам 2022 і 2023 гадоў увозіла праз Польшчу набытыя на Менскім трактарным заводзе (МТЗ) трактары, але ўкраінская мытня адмаўлялася іх афармляць праз санкцыі, уведзеныя супраць беларускага прадпрыемства.

Пастаўкі трактароў адбываліся на падставе кантракту, які «Техноторг-Дон» і МТЗ падпісалі ў чэрвені 2021 году. Кошт кантракту, паводле якога ўкраінская кампанія набывала 472 трактары для сельскай гаспадаркі, складала ня менш за 10 мільёнаў даляраў. Пры гэтым украінская кампанія мусіла цалкам аплаціць прадукцыю да таго моманту, як пачнуцца пастаўкі. МТЗ змог распачаць пастаўкі толькі ў 2022 годзе, прычым трактары былі выпушчаныя ўжо ў ваенны для Ўкраіны час.

ТАА «Техноторг-Дон» зьвярнулася ў суд з пазовам супраць мытні, у якім патрабавала скасаваць адмову на мытнае афармленьне трактароў.

Судовы працэс цягнуўся з сакавіка 2024 году. Урэшце суд абавязаў украінскую мытню аформіць увоз беларускіх трактароў, бо санкцыі супраць беларускага прадпрыемства набылі юрыдычную моц, калі ТАА «Техноторг-Дон» завяршыла выкананьне сваіх абавязкаў, прадугледжаных кантрактам. Апроч таго, суд зьвярнуў увагу на тое, што ў санкцыях наўпрост не пазначана забарона на ўвоз на мытную тэрыторыю Ўкраіны трактароў вытворчасьці МТЗ, як гэта вызначана датычна прадукцыі падсанкцыйных расейскіх кампаній.

Мытня спрабавала абскардзіць рашэньне суду ў апэляцыйным парадку, але і апэляцыйны суд стаў на бок кампаніі.

Украіна ўвяла санкцыі супраць МТЗ 19 кастрычніка 2022 году. Яны набылі юрыдычную моц 25 кастрычніка таго ж году.

Што вядома пра кампанію «Техноторг-Дон»

ТАА «Техноторг-Дон» працуе на ўкраінскім рынку зь лістапада 2001 году. Яе асноўны від дзейнасьці — неспэцыялізаваны гуртавы гандаль. Апроч гэтага, яна займаецца вытворчасьцю машын і абсталяваньня для сельскай і лясной гаспадаркі, а таксама іх тэхнічным абслугоўваньнем. Сярод іншых відаў дзейнасьці — гуртавы гандаль дэталямі, збожжам, неапрацаваным тытунём, цукрам, кандытарскімі вырабамі і іншай прадукцыяй.

Згодна з афіцыйнымі рэестрамі, у ёй працуе амаль 900 чалавек. У 2023 годзе чысты прыбытак кампаніі склаў 91 358 000 грыўняў (больш за 2,2 мільёна даляраў у эквіваленце. —РС) пасьля стратаў у 2022 годзе. Актывы ТАА «Техноторг-Дон» складаюць больш за 4,5 мільярда грыўняў (больш за 100 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС).

У траўні 2023 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адзначыў уласьніка кампаніі Ігара Калюжнага дзяржаўнай узнагародай «За абарону Ўкраіны». Гэтая адзнака заснавана ў жніўні 2022 году для ўзнагароджаньня вайскоўцаў, супрацоўнікаў цэнтральнай і мясцовай улады, прадпрыемстваў, арганізацый і валянтэраў, якія ўдзельнічалі ў забесьпячэньні абароны Ўкраіны і грамадзян.

  • 24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі адносна Беларусі.
  • Увесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG