Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорныя салаўі». Як у Беларусі ў тэрарызьме і здрадзе дзяржаве абвінавачваюць падлеткаў і моладзь


Турма ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота
Турма ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота

29 ліпеня ў Магілёве пачалі судзіць юнака, якога вінавацяць у супрацы са спэцслужбамі Ўкраіны. З дапамогай інфармацыі BelPol Свабода расказвае пра іншых маладых людзей, якіх у Беларусі вінавацяць у «супрацы з СБУ», «падрыхтоўцы тэрактаў», «вырабе выбухоўкі».

Станіслаў Шапель

Яму 18 гадоў. Паходзіць з Быхаўскага раёну, са шматдзетнай сям’і. Жыў у Магілёве.

Калі хлопцу было 16, гаворыцца ў прапагандысцкім фільме АНТ, які выйшаў сёлета ў красавіку, ён шукаў падпрацоўкі ў тэлеграм-каналах. Нібыта пагадзіўся быць кур’ерам для арганізацыі, «куратарам якой была Служба бясьпекі Ўкраіны».

Сёлета ў траўні Шапеля асудзілі за махлярства, паведамляла «Наша ніва». Ён ужо пачаў адбываць тэрмін.

Пазьней на хлопца завялі крымінальную справу за «здраду дзяржаве». У новай справе Шапеля пачалі судзіць 29 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе. Справу ў закрытым рэжыме разглядае судзьдзя Павал Клімаў. Хлопцу пагражае ад 7 да 15 гадоў калёніі, паведаміла «Вясна».

Марыя М.

Грамадзянка Ўкраіны. Ёй 16 гадоў, як вынікае з прапагандысцкага фільма АНТ. Жыла ва ўкраінскай вёсцы. У 2022 годзе разам з бацькамі пераехала ў Беларусь. Тады ёй было 14 гадоў, вучылася ў Мірскім мастацкім каледжы.

Марыю затрымалі 9 сакавіка 2024 году. Паводле фільму АНТ, які выйшаў у канцы красавіка 2024 году, юная дзяўчына нібыта стварыла падразьдзел анархісцкага руху «Чорныя салаўі», якім кіравалі спэцслужбы Ўкраіны. У групу, як сьцьвярджаецца, аб’ядналіся шасьцёра падлеткаў. Яны быццам плянавалі тэракты ў Беларусі, а потым у Расеі. Першым аб’ектам падлеткі нібыта выбралі аддзел міліцыі або будынак пракуратуры ў Баранавічах.

Марыю вінавацяць у «акце тэрарызму» (частка 2 артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Дзе яе ўтрымліваюць, невядома. Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.

Трафім Б.

Яму 17 гадоў. Трафіма затрымалі 9 сакавіка 2024 году. Паводле фільму АНТ, нібыта быў «правай рукой» камандзіра падразьдзелу руху «Чорныя салаўі» Марыі М. і «адказваў за рэвалюцыйныя настроі». Ён нібыта першы далучыўся да групы «Чорныя салаўі» у Беларусі. Трафіма абвінавачваюць у «акце тэрарызму» (артыкул 289 КК). Дзе яго ўтрымліваюць, невядома. Праваабаронцы прызналі хлопца палітвязьнем.

Сяргей Жыгалёў

Яму 19 гадоў. Прапісаны ў Менску. Здымаў кватэру ў Баранавічах. Вучыўся ў баранавіцкім каледжы. Ягоная маці, як паведаміў BelPol, працавала ў праваслаўным сястрыцтве, бацька прараб.

Жыгалёву закідаюць тое, што ён закупляў рэчывы для самаробнай выбухоўкі, а таксама прапанаваў сваю здымную кватэру для сустрэч групы «Чорныя салаўі». Яго абвінавачваюць у «акце тэрарызму» (артыкул 289 КК). Жыгалёў знаходзіцца ў СІЗА № 7 у Берасьці.

Дзьмітры Захарошка

Яму 18 гадоў. Прапісаны ў Мікашэвічах Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся ў каледжы ў Лунінцы. Маці працавала на гандлёвым прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах, бацька ў Менскай вобласьці.

Захарошку затрымалі 9 сакавіка 2024 году. Задачай Захарошкі, паводле прапагандысцкага фільму, было сабраць дэтанатар у межах групы «Чорныя салаўі». Яго абвінавачваюць у «акце тэрарызму» (артыкул 289 КК). Захарошка знаходзіцца ў СІЗА № 7 у Берасьці.

Анастасія К.

Бацька працаваў у польскай лягістычнай кампаніі, ў 2000–2001 гадах служыў у АМАПе, як паведамілі ў BelPol, але яго звольнілі, бо ўзяў 100 даляраў хабару, каб не прыцягваць чалавека да адміністрацыйнай адказнасьці. Яго асудзілі на 3 гады «хіміі». Тэрмін адбываў у Баранавічах. Выйшаў амаль на год раней — па амністыі. Маці Анастасіі — прадпрымальніца.

Анастасію К. затрымалі 9 сакавіка 2024 году. Паводле фільму АНТ, дзяўчыну нібыта накіравала расклейваць улёткі ў Менску Марыя К. з групы «Чорныя салаўі». Анастасію абвінавачваюць у «акце тэрарызму». Дзе яе ўтрымліваюць, невядома. Праваабаронцы прызналі дзяўчыну палітзьняволенай.

Аляксандра П.

Ёй 17 гадоў. Нарадзілася і жыла ў Менску. Вучылася ў менскай гімназіі. Бацька пэнсіянэр МУС, падпалкоўнік міліцыі. Маці працавала ў турызьме, кіравала «Прэзыдэнт-гатэлем» у Менску.

Аляксандру затрымалі 9 сакавіка 2024 году. Паводле фільму АНТ, яна ўдзельнічала ў групе «Чорныя салаўі». Дзе яе ўтрымліваюць, невядома. Праваабаронцы прызналі дзяўчыну палітзьняволенай.

Данііл Гарасім

Яму 19 гадоў. Жыў у Менску. З прапагандысцкага фільма на АНТ вынікае, што ён вучыўся ў менскай вучэльні і працаваў.

Гарасіма затрымалі 9 сакавіка 2024 году. Яго вінавацяць у тым, што ён нібыта ў канцы 2023 году сфатаграфаваў вайсковую тэхніку ў Асіповічах і перадаў спэцслужбам Украіны. Яму закідаюць таксама спробу далучыцца да палка імя Каліноўскага.

У фільме АНТ паказалі таксама, што Данііл нібыта хацеў перадаць «башмак», каб пусьціць цягнік пад адхон. Хлопца абвінавачваюць у «спробе здрадзе дзяржаве» (частка 1 артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу). Дзе яго ўтрымліваюць, невядома. Праваабаронцы прызналі хлопца палітвязьнем.

Паводле інфармацыі BelPol, Гарасіма ў 2020 годзе затрымлівалі за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (колішні артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях). Ён ёсьць у базе «Беспорядки».

У іншым прапагандысцкім фільме АНТ паказвалі трох школьнікаў зь Віцебска і Магілёва, якія нібыта рабілі самаробную выбухоўку. Іхныя імёны невядомыя. Зь фільму вынікае, што на аднаго зь іх завялі крымінальную справу. Хімік Сяргей Бесараб камэнтаваў раней Свабодзе, што хлопцаў затрымалі «за дзіцячыя пэтарды».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG