Пры гэта ды іншае ў праграме «ПіК Свабоды» разважае Кацярына Сныціна, якая была капітанам зборнай Беларусі па баскетболе і часткай найбольш пасьпяховай каманды, якая ўзяла «бронзу» на Чэмпіянаце Эўропы 2007 году, заняла 6-е месца на Алімпіядзе ў Пэкіне 2008 году і ўдзельнічала ў Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйру ў 2016-м.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
- Калі ты трапляеш у Алімпійскую вёску, на аб'екты Алімпіяды, ты ўсьведамляеш, што ты адна з прыблізна 10 тысяч найлепшых спартоўцаў на плянэце. Калі я прыехала ў Пэкін і прыйшла ў агромністую трэнажорную залю — яна была як ангар, каб умясьціць мноства людзей, — толькі тады я гэта ўсьвядоміла. Мяне гэта вельмі натхніла, дало эмацыйны штуршок яшчэ на некалькі гадоў.
- [16 беларускіх спартоўцаў маюць удзельнічаць у Алімпіядзе пад нэўтральным сьцягам. — РС] Я ня ведаю, ці справядліва было б увогуле не дапускаць беларускіх спартоўцаў да Алімпіяды, пакуль ідзе вайна. Напэўна, не. Але, з другога боку, несправядліва тое, што цяпер па Ўкраіне бʼюць ракеты, забіваюць дзяцей, цаляюць у дзіцячыя бальніцы. Напэўна, справядлівасьці няма, і мы самі робім свой выбар. Я гэта бачу так, што пакуль Расея пры спрыяньні Беларусі ўварвалася ва Ўкраіну і ваюе там, дык несправядліва, што спартоўцы з гэтых краінаў едуць на Алімпіяду.
- Нават калі гэтыя маладыя спартоўцы не заплямленыя супрацоўніцтвам з рэжымам, хутчэй за ўсё, калі яны добра выступяць і атрымаюць мэдалі, яны ня здолеюць пазьбегнуць супрацы з рэжымам і не запэцкацца.
- Было б выдатна, калі б людзі ў Беларусі, пераключаючы прапагандысцкія каналы, раптам пабачылі выступленьні спартоўцаў на сусьветным узроўні. Таму кепска тое, што Алімпіяду ня будуць паказваць па беларускай тэлевізіі. Расейская і беларуская прапаганда спрабуюць пераканаць людзей, што калі там няма беларусаў і расейцаў, дык гэта ўжо не Алімпіяда. Але жыцьцё працягваецца, сусьветныя зоркі працягваюць ставіць рэкорды, і вашая адсутнасьць на Алімпіядзе нічога не мяняе.
- Мне было вельмі лёгка ў 2021 годзе адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў зборнай. Пасьля таго, што адбывалася ад жніўня 2020-га, я зразумела, што не хачу больш прадстаўляць такую краіну. Мне прапаноўвалі падпісаць кантракт, дзе я была б абавязаная ўзгадняць зь дзяржавай, зь Міністэрствам спорту ўсе свае інтэрвію. Я такога не магла сабе ўявіць.
- Я ня ведаю, ці здолела б я зрабіць такі крок, калі б толькі пачынала спартовую карʼеру. Але я думала пра гэта і спадзяюся, што, пабачыўшы рэпрэсіі, якія адбываюцца ў маёй краіне, стаўленьне дзяржавы да людзей, я зрабіла б гэтак жа.
- Калі шчыра, да 2020 году пра бел-чырвона-белы сьцяг у мяне былі толькі ўспаміны зь нейкіх школьных кніжак. Я, здаецца, бачыла гэтыя сьцягі недзе ў горадзе і ў сацсетках, але, груба кажучы, я прачнулася толькі ў 2020 годзе. Я вельмі зьдзівілася, калі высьветлілася, у якой агромністай колькасьці людзей ёсьць бел-чырвона-белыя сьцягі дома ці недзе яшчэ. Я рэальна адчула, што нешта прапусьціла. У мяне не было такога сьцяга, я яго потым сабе зрабіла.
- Я не лічу, што цяпер магчыма, каб нейкі беларускі спартовец сваімі посьпехамі абʼяднаў усіх беларусаў. Напэўна, калі ты зусім малады спартовец у Беларусі, які падае надзеі, ты ўсё адно будзеш неяк сутыкацца з рэжымам. І, хутчэй за ўсё, рэжым захоча гэта паказаць усяму сьвету ці прынамсі ўсёй Беларусі. Калі малады спартовец здолее сябе захаваць у гэтым пляне, гэта было б выдатна, але я ня думаю, што цяпер гэта магчыма.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум