У Парыжы затрымалі грамадзяніна Расеі па падазрэньні ў падрыхтоўцы да мерапрыемстваў дзеля дэстабілізацыі падчас Алімпійскіх гульняў. Пра гэта паведамляе агенцтва AFP са спасылкай на францускую пракуратуру.
Ведамства пачало расьсьледаваньне па факце «супрацоўніцтва з замежнай дзяржавай з мэтай распальваньня варожасьці ў Францыі». За гэта пагражае да 30 гадоў турэмнага зьняволеньня, адзначае AFP.
Пазьней выданьне Le Monde паведаміла, што арыштаваны 40-гадовы расеец К. быў поварам, удзельнікам кулінарных тэлешоў і «агентам ФСБ».
Le Monde са спасылкай на крыніцы ў францускіх спэцслужбах піша, што арыштаваны расеец з 2010 года пражывае ў Францыі. У Расеі мужчына, паводле зьвестак газэты, працаваў у маскоўскім інвэстыцыйным фондзе, а таксама ў іншых фінансавых кампаніях.
Паводле зьвестак выданьня Le Parisien, Галоўнае ўпраўленьне ўнутранай бясьпекі МУС Францыі некалькі дзён сачыла за расейцам, а 21 ліпеня мужчыну 1984 года нараджэньня затрымалі. У ягонай кватэры прайшлі ператрусы. Па словах крыніцы выданьня, блізкай да сьледзтва, там знайшлі «элемэнты, якія дазваляюць выказаць здагадку, што мужчына рыхтаваў прарасейскую апэрацыю па дэстабілізацыі Францыі падчас Алімпійскіх гульняў». Іншая крыніца згадвае «маштабны праект», наступствы якога маглі быць «сур’ёзнымі», але пра тое, што мужчына рыхтаваў нейкі напад, гаворкі не ідзе.
Цяпер 40-гадовы расеец у сьледчым ізалятары.
Міністар унутраных спраў Францыі Жэральд Дарманэн паведаміў, што да Алімпіяды не дапусьцілі каля тысячы чалавек, якія падазраюцца ў магчымым умяшаньні ў інтарэсах замежнай дзяржавы. Праваахоўныя органы праверылі адзін мільён валянтэраў, работнікаў і іншых асоб, прыцягнутых да Гульняў.
Раней Францыя адмовілася дапусьціць на Алімпіяду каля сотні чалавек з Расеі, Беларусі і іншых краін, якія зьбіраліся прыехаць на Гульні ў якасьці журналістаў, фізіятэрапэўтаў і тэхнічнага пэрсаналу, праз рызыку шпіянажу і кібэратакаў.
Летнія Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Міжнародны алімпійскі камітэт вырашыў дапусьціць беларусаў і расейцаў на Гульні ў якасьці нэўтральных спартоўцаў пры выкананьні шэрагу крытэраў. Большасьць расейскіх спартовых фэдэрацый у адказ на гэта вырашылі байкатаваць Алімпіяду. У спаборніцтвах будуць удзельнічаць толькі 15 расейскіх і 16 беларускіх спартоўцаў, яны выступяць у нэўтральным статусе.
Форум