Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недзе мы гэта чулі. Да чаго падобная рэакцыя Лукашэнкі на ўраганы ў Беларусі


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Страшныя ўраганы прайшлі ў Беларусі — шэсьць чалавек загінулі, амаль дзьве тысячы населеных пунктаў засталіся на нейкі час безь сьвятла. Лукашэнка ж цяпер гуляецца ў строгага бацьку і адчытвае чыноўнікаў за кепскую працу, але ёсьць у яго прэтэнзіі і да саміх пацярпелых.

Яны, кажа, мусілі менш чакаць і больш рабіць штосьці самастойна.

Я ня здолела знайсьці згадак у СМІ пра тое, што Аляксандар Лукашэнка, які называе сябе прэзыдэнтам і кіраўніком Беларусі, выказаў спачуваньні родным загінулых. На адпаведнай старонцы ягонага афіцыйнага сайта іх таксама няма. Гэта не навіна, што яму пляваць на жыцьці беларусаў і беларусак, але ўсё адно агідна. Ён не знайшоў хвіліны, каб проста выказаць спачуваньні, ня кажучы ўжо пра дапамогу і кампэнсацыі сем’ям, але не пасаромеўся выказаць незадаволенасьць тым, што людзі чакаюць ад дзяржавы дапамогі. Ад нібыта сацыяльна арыентаванай дзяржавы, нагадаю.

Ну, нечым дзяржава ўсё ж гатовая дапамагчы, але выглядае гэта месцамі трагікамічна. Напрыклад, прэтэндаваць на матэрыяльную дапамогу могуць тыя пацярпелыя, у чыіх сем’ях даход не перавышае 628,1 рубля на чалавека. А ў некалькі вёсак «арганізавалі падвоз вады», але не для ўсіх, а толькі для шматдзетных сем’яў і самотных людзей. Мяркуючы па фатаздымках, выдавалі па пяць літраў.

Вядома, уся гэтая гісторыя дужа нагадвае катастрофу з вадой у Менску ўлетку 2020 году, але яшчэ больш яна нагадвае мне рэакцыю Лукашэнкі на пандэмію каранавірусу.

Яму тады хапіла нахабнасьці публічна абвінавачваць загінулых у тым, што яны ня выжылі — ня трэба было, кажа, на працу хадзіць, а яшчэ як жа ж можна жыць з такой вялікай вагой. Хаваць праўду, пераводзіць стрэлкі, абвінавачваць у бядзе саміх пацярпелых — гэта ён добра ўмее.

Тады, замест таго каб прасіць людзей заставацца дома, ён расказваў, што лячыцца трэба гарэлкай, лазьняй і трактарам. Цяпер жа, замест таго каб наладзіць сыстэму апавяшчэньня ад МНС (ён жа спэц ва ўсім, чаму за гэта дагэтуль ня ўзяўся?), ён расказвае, што людзі мусяць найперш самі сабе задаваць пытаньне, што яны асабіста зрабілі, каб пераадолець катастрофу.

Карацей, як заўжды — беларусы самі ва ўсім вінаватыя, ад сацыяльна арыентаванай дзяржавы ня трэба нічога чакаць, а моцны вецер можа паралізаваць стотысячны горад на некалькі дзён, і гэта нібыта норма. І самаарганізавацца ў цяперашніх умовах мясцовым жыхарам надзвычай цяжка — за апошнія 4 гады ўлады толькі і рабілі, што руйнавалі ўсе магчымыя сувязі ўнутры грамадзтва.

Але яны маюць праблему: можна забараніць нам аб’ядноўвацца, але нельга прымусіць нас іх палюбіць. Тым больш што яны пры кожным зручным выпадку паказваюць, што не зьбіраюцца нічога выпраўляць у сваім стаўленьні.

Мае самыя шчырыя спачуваньні сем’ям тых, хто загінуў ад стыхіі, і тым, хто пакутуе ад абыякавасьці чыноўнікаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG