Пушкін зрабіў свой легендарны пэрформанс «Падарунак прэзыдэнту за пяцігадовую плённую працу!» 21 ліпеня 1999 году. Расказваем, як гэта было.
Тачку з гноем і падарункамі Лукашэнку да 5-годзьдзя прэзыдэнцтва мастак Алесь Пушкін прывёз у сталіцу на мікрааўтобусе зь вёскі Бобр. Каля 12-й гадзіны дня пад’ехаў да Купалаўскага тэатра. Выглядаў мастак стылёва і элегантна: у чорных нагавіцах і чорнай камізэльцы, белай вышыванцы і белых красоўках.
У тачцы, акрамя гною, былі плякат «Аляксандар Лукашэнка — з народам», таблічка з надпісам, купюра вартасьцю 1 тысяча дэнамінаваных рублёў, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, кайданкі, вянок з валошак, герб, сьцяг, белыя пальчаткі і вілы.
Гэтыя «падарункі» Пушкін пакаціў ад тэатра да галоўнага ўваходу Адміністрацыі. Там ішоў рамонт, таму асаблівай увагі на яго спачатку ніхто не зьвярнуў. А вось запрошаныя Пушкіным журналісты, фатографы і відэаапэратар аднаго з расейскіх каналаў ужо стаялі перад будынкам і ўсё здымалі. Сюжэт пра той пэрформанс паказалі ў навінах расейскіх тэлеканалаў.
«Вось табе цацкі і гной — чым мы багаты!»
Вось як патлумачыў мэту свайго ўчынку карэспандэнту Радыё Свабода перад пачаткам акцыі сам мастак:
«Гэта своеасаблівая падзяка першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь за выніковую плённую працу на працягу пяцігадовага тэрміну. Вось табе цацкі і гной — чым мы багаты, што мы нажылі за гэтыя пяць гадоў... Ты самаізаляваў краіну і, акрамя гэтага гною, нам няма чым пакуль ганарыцца... Вось вынік усяго, што ты зрабіў», — сказаў Пушкін.
Насустрач мастаку выйшаў міліцыянт і разгублена спытаўся: «Што вы робіце?». Мастак з каменным выразам твару сувора адказаў: «Так трэба».
Калі да дзьвярэй рэзыдэнцыі заставалася мэтраў сем, Пушкіна ўсё ж спыніла ахова. Але ён пасьпеў вываліць зьмесьціва тачкі на плітку, паклаў зьверху плякат і працяў усё гэта віламі.
Неўзабаве зьявіліся яшчэ два паставыя міліцыянты. Ветліва папрасілі Пушкіна прыбраць тачку і не засьмечваць горад. Мастак адмовіўся прыбіраць гной зь віламі і «падарункамі» і заявіў, што мае права выказваць сваё стаўленьне да былога кіраўніка дзяржавы вось такім мастацкім пэрформансам.
«Імя маё невядомае, подзьвіг мой неўміручы»
Відавочцы расказвалі, што тачка нейкі час стаяла каля адміністрацыі. Рабочыя, якія працавалі побач на газоне, хацелі выкарыстаць гэты падарунак па прызначэньні — для ўгнойваньня глебы. Але міліцыянты не дазволілі, адвезьлі тачку ў невядомым кірунку, а празь нейкі час каля Адміністрацыі, сквэру і Купалаўскага тэатру зьявіліся ўзмоцненыя міліцэйскія нарады.
Пушкіна затрымалі, пасадзілі ў міліцэйскую машыну, даставілі ў найбліжэйшы пастарунак, што на скрыжаваньні вуліц Леніна і Маркса. Міліцыянты папрасілі назваць прозьвішча, мастак адказаў: «Імя маё невядомае, подзьвіг мой неўміручы».
Пасьля пэрформансу Алеся Пушкіна хутка адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Сьледзтва вялося тры месяцы. Захаваўся пратакол, падпісаны сьледчым Ленінскага РУУС Лазаровічам. Згодна зь ім, Алесь Пушкін абвінавачваўся ў злосным хуліганстве, зьдзейсьненым з выключным цынізмам (артыкул 201, ч. 2 КК). Таксама, паводле сьледзтва, мастак зьдзейсьніў «зьнявагу зь дзяржаўных сымбаляў — герба і сьцяга» (артыкул 186, ч. 2 КК).
«Разгул дэмакратыі»
Суд у гэтай справе адбыўся праз 4 месяцы — 24 і 25 лістапада 1999 году. Працэс вёў судзьдзя Ленінскага раёну Менску Сяргей Хрыпач. Пракурор на працэсе не прысутнічаў. Адвакатка Пушкіна Ларыса Атаманчук заявіла хадайніцтвы аб допуску да ўдзелу ў працэсе грамадзкага абаронцы Барыса Гюнтара і прызначэньні мастацтвазнаўчай экспэртызы, якая мела вызначыць, ці зьяўляецца ўчынак Пушкіна з гноем для Лукашэнкі мастацтвам. Першую просьбу судзьдзя задаволіў, другую — не. Аднак дазволіў экспэрту-мастацтвазнаўцу Віктару Пятрову ўдзельнічаць у працэсе.
Мэтай судовага разбору стала пытаньне: «Ці быў у дзеяньнях Алеся Пушкіна 21 ліпеня хуліганскі матыў, або гэта была толькі мастацкая акцыя?».
«Цяпер цяжка ўявіць, што 25 гадоў таму ў беларускім судзе быў такі разгул дэмакратыі! Пракурора не было. На паседжаньне пусьцілі ўсіх ахвотных. Прысутныя проста душыліся ад сьмеху, ня стрымліваліся нават народныя засядацелі. Толькі судзьдзя і сам Пушкін маглі трымаць суворы выраз твару», — успамінае ў размове са Свабодай той працэс журналіст, які назваўся Алесем (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС).
Судовы працэс Пушкін ператварыў у своеасаблівы спэктакаль. Ён ціхім голасам са шчымлівымі інтанацыямі апавядаў, што пайшоў на гэты крок сьвядома і рыхтаваў акцыю цягам двух месяцаў. Спакойна, пранікнёна прыгадваў, як прадумваў усе дэталі, як купіў тачку, сам пафарбаваў яе ў чырвоны колер, як здабыў гной у суседа, што меў карову, як вёз усе «падарункі» ў Менск.
Паводле Пушкіна, яму ніколі не падабалася палітыка, якую праводзіў першы прэзыдэнт Беларусі, але ён прызнаваў статус Лукашэнкі, бо паважаў выбар народу. Аднак узурпацыі ўлады мастак стрываць ня мог. Пушкін падкрэсьліў, што знарок выбраў для правядзеньня сваёй акцыі негвалтоўную форму, паколькі ён шчыры праваслаўны вернік і ніколі не дапускае гвалту ў адносінах да іншых. Калі ён вярнуўся ў Бобр, адразу пайшоў да свайго духоўніка і паспавядаўся, бо сваім пэрформансам мог «унесьці „смятение“ ў людзкія душы».
Тое, што Пушкін не рабіў ніякіх гвалтоўных дзеяньняў, пацьвердзілі і сьведкі-міліцыянты Бандарэнка і Мыцько, якія яго затрымлівалі.
Прафэсійна спрацавала адвакатка, прыгадвае некаторыя дэталі журналіст Алесь, які прысутнічаў у судзе.
«Адвакатка запыталася, што канкрэтна так абурыла сьведкаў-міліцыянтаў. Яны на поўным сур’ёзе адказалі: «Ну тут жа ходзяць першыя асобы дзяржавы!». Адвакатка кажа: «А калі б гэтую тачку мастак вываліў, да прыкладу, каля тэатру, вас гэта менш бы абурыла?» — «Вядома!» — у адзін голас адказалі сьведкі. І прысутныя, і засядацелі не маглі стрымаць сьмеху.
І яшчэ памятаю, як адвакатка «адмяла» абвінавачваньні ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў. Яна прачытала апісаньне дзяржаўнага сьцяга і герба, прапорцыі колераў, якія там кветачкі. А герб быў керамічны, сьветла-карычневага колеру. Адвакатка пытаецца: «Дык чаму вы сьцьвярджаеце, што гэта былі герб і сьцяг?», — успамінае журналіст.
У судзе выступіў і мастацтвазнаўца Віктар Пятроў, які зладзіў «лікбез» пра новыя крэатыўныя формы мастацтва, спрабаваўшы пераканаць судзьдзю ў тым што гэта быў менавіта пэрформанс. На падставе паказаньняў падсуднага і меркаваньня мастацтвазнаўцы пра тое, што акцыя Пушкіна была мастацкім дзеяньнем, адвакатка і грамадзкі абаронца прасілі суд апраўдаць свайго падабароннага.
Судзьдзя слухаў усе выступы ўдзельнікаў працэсу і нават далучыў да матэрыялаў справы 22-і пункт дэклярацыі Стамбульскага саміту АБСЭ, у якім прызнаецца наяўнасьць у Беларусі праблемаў з выкананьнем Канстытуцыі.
Сам жа Пушкін у апошнім слове заявіў, што не шкадуе пра тое, што зрабіў, і прыме любы вырак суду. Ён выказаў спадзяваньне, што надыдзе час, калі яму як мастаку ня прыйдзецца выказваць адносіны да ўладаў такім чынам, бо ўлада ў Беларусі будзе прыстойнай і патрыятычнай. Прысуд вынесьлі назаўтра, 25 лістапада. Судзьдзя не прызнаў акцыю 21 ліпеня мастацкім пэрформансам. На яго думку, у дзеяньнях мастака быў хуліганскі матыў.
Аднак суд палічыў, што Пушкін ня зьдзекаваўся зь дзяржаўных сымбаляў і зьняў гэтае абвінавачаньне. Факт знаходжаньня ў тачцы з гноем сьцяга і герба судзьдзя расцаніў як злоснае хуліганства. У выніку Алесь Пушкін атрымаў два гады пазбаўленьня волі ўмоўна.
Што стала з удзельнікамі таго працэсу
Мастак Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі горадзенскай лякарні, куды яго прывезьлі з турмы. Яму было 57 гадоў. У мастака была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу. На апэрацыйным стале ў яго спынілася сэрца. Ён адбываў 5-гадовае пакараньне за партрэт 2014 году дзеяча пасьляваеннага беларускага супраціву Яўгена Жыхара, які экспанаваўся на выставе ў Горадні.
Судзьдзя Сяргей Хрыпач па-ранейшаму працуе, пайшоў на павышэньне ў Менскі гарадзкі суд. Вынес некалькі дзясяткаў палітычна матываваных прысудаў: 15 гадоў праваабаронцы Марфе Рабковай, 55 гадоў у суме сям’і Вайцяховічаў з чатырох чалавек; 3 гады цяжкахвораму Вадзіму Храсько (які памёр у калёніі), завочна асудзіў прадстаўнікоў ByPol на шалёныя тэрміны (ад 12 да 25 гадоў зьняволеньня).
У адвакаткі Ларысы Атаманчук у жніўні 2022 года адазвалі ліцэнзію праз дысцыплінарнае спагнаньне і выключылі зь Менскай абласной калегіі адвакатаў. Да гэтага яна абараняла грамадзкіх актывістаў (Сяргея Вазьняка), журналістаў (Тацяну Бублікаву, Вадзіма Заміроўскага), інтарэсы выданьняў БДГ, «Народная воля». У 2017 годзе Атаманчук была ўзнагароджаная знакам «Ганаровы адвакат» за бездакорную службу ў адвакатуры.
Постскрыптум: плякат з выявай тачкі з гноем быў прызнаны экстрэмісцкім. Праз 17 гадоў
Гісторыя з падарункам для Лукашэнкі мела працяг. У 2016 годзе фатаграфія таго пэрформансу з тачкай гною трапіла на выставу сучаснага беларускага мастацтва ZBOR і была паказаная ў Беластоку і Кіеве. Аднак у канцы 2016 году на беларускай мытні плякат канфіскавалі і ў пачатку 2017 году суд Гомельскага раёну прызнаў яго экстрэмісцкім матэрыялам.
Арганізатары выставы ZBOR IN PROGRESS ўсё ж вырашылі павесіць працу экстравагантнага мастака. Аднак завесілі фатаздымак чорнай тканінай з надпісам: «Малюнак недаступны. Копія фатаздымка, на якім на пярэднім пляне перакуленая тачка з гноем і плякатам, прабітым віламі, на падставе экспэртнага заключэньня № 33 ад 25.11.2016 рашэньнем суду Гомельскага раёну ад 13.01.2017 прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам. Прыносім прабачэньні».
Форум