Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Лойка пра завочны суд супраць яе, Талкачовай і Ткачэнкі: «Машына рэпрэсій і абсурду ня можа спыніцца»


Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка. Каляж праваабарончага цэнтру «Вясна»
Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка. Каляж праваабарончага цэнтру «Вясна»

Менскі гарадзкі суд 15 ліпеня завочна пачынае разглядаць крымінальную справу ў дачыненьні да былых супрацоўніц парталу Tut.by Вольгі Лойкі, Алены Талкачовай і Кацярыны Ткачэнкі, вынікае з раскладу пасяджэньняў на сайце электроннага судаводзтва.

Абвінавачаньне былым супрацоўніцам парталу Tut.by выстаўлена паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці і звады»), ч. 2 арт. 243 (у старой рэдакцыі КК — «Ухіленьне ад выплаты падаткаў»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»).

Судовы працэс будзе завочным, бо абвінавачаныя знаходзяцца за межамі Беларусі.

Вядзе працэс судзьдзя Валянціна Зянкевіч.

Вольга Лойка пра суд: «Гэта іхны працэс, ня буду ім дапамагаць»

Паводле экс-журналісткі Tut.by Вольгі Лойкі, у суд, які праходзіць у Беларусі, як і для ўдзелу ў працэсе праз скайп, яе не запрашалі.

«Адносна працэсу мне сказаць няма чаго — ня ўдзельнічаю, мяне ніхто не інфармаваў і я адваката ня брала. Гэта іхны працэс, ня буду ім дапамагаць. Унутры краіны засталося шмат людзей, каму патрэбна юрыдычная дапамога, ня буду адцягваць на сябе рэсурсы», — сказала Вольга Лойка ў інтэрвію Свабодзе.

Выстаўленыя ёй абвінавачаньні Вольга Лойка пракамэнтавала наступным чынам:

«Не магу камэнтаваць трызьненьні і абсурд, якія ня маюць да мяне адносін. Да выплаты падаткаў кампаніяй журналіст ня мае дачыненьня, прыхільніцай санкцый я ніколі не была, адпаведна не зьбіралася да іх заклікаць. Разумею так, што машына рэпрэсій і абсурду проста ня можа спыніцца. Але тым відавочней гэта для навакольных людзей. І нават добра, што там няма тармазоў, — хутчэй усё завершыцца», — мяркуе Вольга Лойка пра кампанію завочных судоў над журналістамі і палітыкамі, якія апынуліся ў выгнаньні.

Перасьлед былых супрацоўнікаў Tut.by

10 красавіка 2023 года паведамлялася, што Менскі гарадзкі суд аштрафаваў на 500 базавых велічыняў (на той момант 18 500 рублёў) кожнага паручальніка Талкачовай і Лойкі, якія пакінулі Беларусь.

Паручальнікамі Талкачовай былі палітоляг Яўген Прэйгерман і на той момант дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі, Лойкі — старшыня Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандар Швэц.

Паручальнікаў выклікалі ў суд на падставе арт. 134 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу («Парадак накладаньня грашовага спагнаньня і вяртаньня закладу ў даход дзяржавы»). Рашэньні вынесла згаданая Зянкевіч.

Менавіта яна пакарала галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву і гендырэктара «Тут Бай Медыя» Людмілу Чэкіну 12 гадамі пазбаўленьня волі.

Іншыя абвінавачаныя — рэдактарка палітыка-эканамічнага блёка Лойка, журналістка Талкачова і юрысконсульт Ткачэнка — на працэс не зьявіліся, бо пасьля вызваленьня з-пад варты пакінулі краіну. Яны былі абвешчаныя ў вышук.

Чэкінай, Золатавай, Лойцы і Талкачовай у справе былі інкрымінаваныя арт. 243, арт. 130, арт. 361 КК. Ткачэнку абвінавачвалі паводле артыкулаў 243 і 342 КК.

У кастрычніку 2022 году Золатаву, Чэкіну, Лойку і Талкачову КДБ унёс у пералік асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Агулам у «справе Tut.by» было затрымана 15 чалавек. Зь цягам часу агульная колькасьць абвінавачаных скарацілася да пяці (Золатава, Чэкіна, Лойка, Талкачова, Ткачэнка), пазьней пад вартай засталося два чалавекі (Золатава і Чэкіна).

Найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі Tut.by быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 году. Частка каманды, якая засталася на волі, пакінула краіну і ў ліпені таго ж году стварыла праект Zerkalo.io, які прытрымліваецца традыцый Tut.by. У Беларусі і Расеі доступ да сайту заблякаваны. Кантэнт сайту ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

3 сьнежня 2020 году Эканамічны суд Менску пазбавіў партал Tut.by статусу СМІ, 14 чэрвеня 2022 году — прызнаў ТАА «Тут Бай Медыя» «экстрэмісцкай арганізацыяй».

У чэрвені 2023 году Лойка заснавала на эміграцыі аўтарскі мэдыяпраект Plan B, які асьвятляе падзеі ў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG