Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональда Трампа паранілі на перадвыбарчым мітынгу ў Пэнсыльваніі

абноўлена

Дональд Трамп пасьля інцыдэнту
Дональд Трамп пасьля інцыдэнту

45-ы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп шпіталізаваны пасьля таго, як яго зачапіла куля на перадвыбарчым мітынгу ў штаце Пэнсыльванія. Палітыка вывелі са сцэны, падазраванага ў стральбе забілі на месцы супрацоўнікі Сакрэтнай службы. Загінуў наведнік мітынгу.

Стральба адбылася падчас прамовы Дональда Трампа перад прыхільнікамі на мітынгу ў Батлеры, прыблізна за 50 кілямэтраў ад Пітсбургу.

Дональд Трамп праводзіць сустрэчы па ўсёй краіне ў рамках сваёй перадвыбарнай кампаніі. Колішні прэзыдэнт ЗША саступіў на мінулых выбарах Джо Байдэну, але цяпер хоча ўзяць рэванш і здабыць права на другі прэзыдэнцкі тэрмін.

Эвакуацыя Трампа
Эвакуацыя Трампа

Хроніка здарэньня

У суботу ў 18:02 мясцовага часу (калі ў Беларусі ужо было за поўнач) пад гукі «Божа, дабраславі Амэрыку» былы прэзыдэнт Дональд Трамп выйшаў на сцэну кірмашовага комплексу ў Батлеры, штат Пэнсыльванія, павітаў наведнікаў сустрэчы і пачаў прамову.

Празь некалькі хвілін Трамп паказаў на праекцыю дыяграмы, якая паказвала ўсплёск нелегальных перасячэньняў мяжы ў часе прэзыдэнцкага тэрміну свайго канкурэнта Джо Байдэна.

Эвакуацыя Трампа
Эвакуацыя Трампа

У гэты момант адбыліся стрэлы, якіх было прынамсі пяць. Трамп схапіўся за вуха, агенты Сакрэтнай службы ў цёмных гарнітурах кінуліся да яго. Запанавала цішыня, якая зрэдку перарывалася ўскрыкамі.

Пасьля стрэлаў Трамп схаваўся пад трыбунай, затым яго атачылі і адвялі ў машыну супрацоўнікі Сакрэтнай службы ЗША, якая займаецца аховай высокіх палітыкаў.

Калі Трамп падняўся з-за трыбуны, на яго вуху і скроні была відаць кроў. Пазьней ён паведаміў, што вуха прабіта куляй і ён страціў шмат крыві.

Трампа зьвезьлі зь месца здарэньня. На месца падзеяў прыбылі некалькі мэдычных гелікоптэраў. Людзей вывелі з тэрыторыі, ачэпленай як месца злачынства. Яго пачала расьсьледаваць Сакрэтная служба пры дапамозе ФБР, міністэрства юстыцыі і Бюро алькаголю, тытуню і агнястрэльнай зброі. Пазьней сьледзтва пераняла ФБР.

Штаб Дональда Трампа заяўляе, што палітык «у парадку».

Вядома, што ахвярай стаў чалавек, які быў на трыбуне за сьпінай Трампа. Пазьней тэлеканал CNN паведаміў, што загінулым наведнікам мітынгу быў 50-гадовы пажарнік Коры Кампэраторэ.

Пракурор заявіў, што падазраваны ўзброены нападнік і прынамсі адзін удзельнік мітынгу загінулі, а Сакрэтная служба паведаміла, што двое гледачоў атрымалі цяжкія раненьні.

У штабе Трампа паведамляюць, што зьезд рэспубліканцаў у Мілуокі адбудзецца на наступным тыдні, як і плянавалася.

The New York Post і CNN называюць стралка снайпэрам і з спасылкай на свае крыніцы паведамляюць, што агонь вёўся з-за межаў ахоўнага пэрымэтру.

Снайпэры на месцы здарэньня
Снайпэры на месцы здарэньня

Што вядома пра падазраванага ў стральбе

Мужчыну, які, як мяркуецца, страляў у Трампа, забілі.

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША, якое пераняло расьследаваньне, назвала 20-гадовага Томаса Мэт’ю Крукса «субʼектам, які мае дачыненьне» да замаху на былога прэзыдэнта Дональда Трампа, гаворыцца ў заяве, якую атрымала Радыё Свабода.

ФБР паведамляе, што расьсьледаваньне працягваецца і заклікае дасылаць асноўную інфармацыю праз сайт FBI.gov/butler ці тэлефанаваць на нумар 1-800-CALL-FBI

Крукс жыў у штаце Пэнсыльванія і ў сьпісах выбарнікаў штату быў зарэгістраваны як рэспубліканец.

The New York Post таксама сьцьвярджае, што магчымы стралок — 20-гадовы амэрыканец Томас Мэт’ю Крукс. Мэдыя пішуць, што ён быў на даху суседняга будынку прамысловага прадпрыемства. Каля забітага мужчыны знойдзена паўаўтаматычная вінтоўка AR-15, зь якой ён, імаверна, пасьпеў зрабіць да 10 стрэлаў.

Эвакуацыя Трампа
Эвакуацыя Трампа

У паведамленьні ў сацыяльных сетках Трамп напісаў, што ў яго «стрэлілі куляй, якая прабіла верхнюю частку правага вуха».

14 ліпеня Трамп выйшаў выйшаў з бальніцы, куды быў дастаўлены пасьля замаху ў Пэнсільваніі, і прыбыў у штат Нью-Джэрсі. Там ён плянуе правесьці некаторы час у сваім прыватным гольф-клубе, паведамляюць амэрыканскія СМІ.

Перадвыбарчы штаб рэспубліканцаў заявіў, што былы прэзыдэнт адчувае сябе добра і мае намер прадоўжыць перадвыбарную кампанію. Наступны мітынг прыхільнікаў Трампа мае адбыцца ў Мілўокі ў штаце Вісконсін.

Эвакуацыя Трампа
Эвакуацыя Трампа

Рэакцыі на інцыдэнт

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і шэраг палітычных лідэраў асудзілі напад.

Прэзыдэнт Байдэн заявіў, што моліцца за Трампа, яго сямʼю і ўсіх, хто быў на мітынгу. Ён сказаў, што плянуе паразмаўляць з Трампам пры першай магчымасьці.

Джо Байдэн прыняў рашэньне датэрмінова спыніць сваё знаходжаньне ў Рэхобат-Біч, штат Дэлавэр, і вярнуцца ў Вашынгтон.

Адміністрацыя прэзыдэнта Байдэна таксама паведаміла аб часовым прыпыненьні перадвыбарнай агітацыі.

«Сёньня ўвечары прэзыдэнт Байдэн пагаварыў з былым прэзыдэнтам Трампам. Прэзыдэнт таксама пагаварыў з губэрнатарам Пэнсільваніі Джошам Шапірам і мэрам Батлера Бобам Дандоем», — паведаміў Белы дом пазьней.

Лідэр дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Гакім Джэфрыз напісаў, што моліцца за Трампа. Лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр выступіў з заявай, у якой заявіў, што ён «у жаху» ад здарэньня.

«Я рады, што былы прэзыдэнт Трамп знаходзіцца ў бясьпецы. Палітычнаму гвалту няма месца ў нашай краіне», — сказаў Шумэр.

Інцыдэнт асудзілі губэрнатар Пэнсыльваніі дэмакрат Джошуа Шапіра і 44-ы прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Падтрымку Трампу выказваюць палітыкі-рэспубліканцы. Аб малітвах у яго адрас паведамілі прэмʼер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан і прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу і іншыя замежныя лідэры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG