Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мост да сяброўства ў NATO і вельмі моцны пакет для Ўкраіны». Вынікі саміту Альянсу ў Вашынгтоне


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (у цэнтры) сярод лідэраў краін NATO на саміце ў Вашынгтоне, 11 ліпеня 2024
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (у цэнтры) сярод лідэраў краін NATO на саміце ў Вашынгтоне, 11 ліпеня 2024

На саміце NATO ў Вашынгтоне падпісалі выніковае камюніке, дзе назвалі шлях Украіны ў Альянс незваротным.

Адчувальны кантраст на фоне леташняга саміту NATO ў Вільні, дзе прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі крытыкаваў саюзьнікаў, а яны раздражняліся ў адказ. Вынікі саміту 2024 году ў Вашынгтоне дэлегатаў з Украіны задавальняюць, паводзіць вынікі форуму тэлеканал «Настоящее время».

«Мы задаволены вынікамі Вашынгтонскага саміту. Лічу, наступным прыпынкам будзе атрыманьне Украінай запрашэньня», — сказаў кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

У выніковай дэклярацыі саміту яе шлях у NATO назвалі незваротным і пахвалілі за рэформы. А таксама ўзгаднілі 40-мільярдны пакет дапамогі ад Альянсу на наступны год.

«Усе гэтыя элемэнты ўяўляюць сабой мост да сяброўства ў NATO і вельмі моцны пакет для Ўкраіны. Будучыня Украіны — у NATO. Я вітаю ваш прагрэс у рэформах, і пакуль вы працягваеце гэтую важную працу, мы будзем падтрымліваць вас на вашым незваротным шляху да сяброўства ў Альянсе», — сказаў генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг.

Расею ў камюніке назвалі найбольш значнай пагрозай бясьпецы Альянсу. Але прэзыдэнт Пуцін, зноў паўтаралі саюзьнікі, не прымусіць іх адвярнуцца ад Украіны.

«Ён ня можа аслабіць нас. І Ўкраіна, а не Расея, атрымае верх у гэтай вайне, — запэўніваў дарадца прэзыдэнта ЗША у нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван. — Сёньня на полі бою Расея ўпарта дзейнічае, але не прарываецца. А Ўкраіна наносіць ёй велізарную шкоду і падрывае стратэгічныя магчымасьці Расеі».

Уладзімір Зяленскі і Енс Столтэнбэрг. Вашынгтон, 11 ліпеня 2024
Уладзімір Зяленскі і Енс Столтэнбэрг. Вашынгтон, 11 ліпеня 2024

Дарадца прэзыдэнта ЗША лічыць, што цяпер на полі бою карціна адрозьніваецца ад той, якая была вясной, калі Ўкраіне бракавала заходняй зброі. На палях саміту гучала нямала абʼяў аб новых пакетах дапамогі. Адна з апошніх — зь Белага дома: Украіна атрымае ад ЗША зброю на суму 225 мільёнаў даляраў, у тым ліку сыстэму Patriot. На ўзбраеньне Ўкраіны яна стане даволі хутка — вайсковую тэхніку ў рамках гэтага пакета паставяць непасрэдна са складоў амэрыканскай арміі.

Зрэшты, пашыраць геаграфію прымяненьня сваёй зброі ў Вашынгтоне не гатовы. Пасьля наступу расейскіх сіл у Харкаўскай вобласьці ЗША дазволілі біць па вайсковых абʼектах у Расеі, але толькі ў прымежных з Украінай раёнах.

«Ва Ўкраіны ёсьць уласнае ўзбраеньне, якім яна наносіць удары там, дзе лічыць патрэбным. Мы сказалі, што на нашу дальнабойную зброю пашыраюцца некаторыя абмежаваньні. Мы хочам, каб гэтая зброя выкарыстоўвалася там, дзе яна лепш за ўсё падыходзіць», — сказаў памочнік дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Джэймс ОʼБраэн.

Джо Байдэн, Уладзімір Зяленскі. Вашынгтон, 11 ліпеня 2024
Джо Байдэн, Уладзімір Зяленскі. Вашынгтон, 11 ліпеня 2024

Украінская дэлегацыя ў Вашынгтоне змагалася за зьняцьце чырвоных ліній. Зяленскі на двухбаковых сустрэчах тлумачыў калегам: калі абмежаваньне дыстанцыі скасаваць, многія жыцьці будуць выратаваны.

«Мы атрымалі вельмі добрыя паведамленьні ад лідэра Вялікай Брытаніі. І я спадзяюся, што мы атрымаем такія рашэньні. Зноў жа, калі мы сапраўды хочам мець Украіну на карце, а ня Пуціна, які напаў на палову плянэты, тады так, нам трэба зрабіць вельмі канкрэтныя і хуткія крокі», — казаў украінскі прэзыдэнт.

Сярод краін, якія падтрымліваюць права Ўкраіны паражаць цэлі на тэрыторыі Расеі, ёсьць і тыя, хто ўзначальвае так званую авіякааліцыю і перадае Ўкраіне самую вялікую колькасьць зьнішчальнікаў F-16. Ці распаўсюджваецца дазвол паражаць зь іх дапамогай цэлі ў Расеі на ўсю яе тэрыторыю, «Настоящее время» спытала на палях саміту NATO ў прэмʼер-міністра Даніі.

«Вы ня можаце задаць гэтае пытаньне і чакаць простага адказу, таму што ўсё залежыць ад абставін. Гэта павінна быць у адпаведнасьці зь міжнародным правам. Але таксама магчыма дасягнуць цэляў за межамі Ўкраіны», — адказала Мэтэ Фрэдэрыксэн.

Прэзыдэнт ЗША пакуль ня бачыць неабходнасьці ў далейшым зьняцьці абмежаваньняў на ўдары па Расеі. Ён кажа, што ў магчымасьці ўдарыць па Крамлі няма сэнсу, а таксама ня бачыць прычын для размоваў з Уладзімірам Пуціным.

«Ён ня так ужо шмат гатовы зрабіць у пляне прыстасаваньня да любых зьменаў у сваіх паводзінах. Але няма ніводнага сусьветнага лідэра, зь якім я не гатовы мець справу. Я не гатовы гаварыць з Пуціным, пакуль Пуцін не гатовы зьмяніць свае паводзіны», — адзначыў Джо Байдэн.

Вайна ва Ўкраіне дамінавала на парадку дня саміту, але ўвагу саюзьнікаў зараз прыцягваюць і падзеі ў ЗША, дзе можа зьмяніцца ўлада. У здольнасьці Джо Байдэна перамагчы Дональда Трампа, якога лічаць скептыкам NATO, сумняваюцца нават найбліжэйшыя паплечнікі дзейнага прэзыдэнта.

А чаго чакаць ад Трампа ў выпадку яго вяртаньня ў Белы дом, ніхто ня можа прадказаць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG