Летам 1994 году вакол тады яшчэ маладога палітыка сабралася вельмі разнастайная каманда. Некаторыя яе ўдзельнікі ўжо празь некалькі гадоў перайшлі ў апазыцыю, хтосьці трапіў у апалу, а нехта застаецца пры Лукашэнку дагэтуль.
Да пачатку выбарчай кампаніі 1994 году вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці аднаго з кандыдатаў не было вялікім сюрпрызам. Палітык быў актыўны, часта зьяўляўся на старонках газэт і на тэлевізіі. Вясной 1994 году вакол яго сфармавалася каманда, дзякуючы якой у першай палове лета 1994 году Лукашэнка зь ня самага відавочнага пераможцы выбараў ператварыўся ў першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, які ўтрымлівае ўладу дагэтуль. На пачатку ліпеня 1994 году газэта «Советская Белоруссия» сярод асноўных дзеячоў выбарчага штабу Лукашэнкі пералічвала 17 прозьвішчаў. Расказваем, як склаўся лёс некаторых з гэтых людзей.
Леанід Сініцын
Да выбараў-1994: Будаўнік, кіраваў будаўнічым трэстам у Магілёве. У 1990-м трапіў у Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, дзе працаваў у камісіі па будаўніцтве.
Пасьля выбараў: Крыху больш за год узначальваў Адміністрацыю Лукашэнкі, пасьля стаў віцэ-прэм’ерам.
Цяпер: Пэнсіянэр. Праз год пасьля выбараў 2020 году ў размове з «Народнай воляй» заявіў, што больш не падтрымлівае Лукашэнку, а на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую.
У 1994 годзе Леанід Сініцын быў кіраўніком выбарчага штабу Лукашэнкі і адной з асноўных фігур у ягонай кампаніі. Адказваў за працэдуру збору подпісаў за вылучэньне кандыдата, кіраваў іншымі задачамі. Этнічны расеец, ён актыўна выступаў за паглыбленьне інтэграцыі з Масквой. Паводле газэты «Советская Белоруссия», падчас першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у акрузе Сініцына, ад якой ён балятаваўся ў Вярхоўны Савет, Лукашэнка набраў 97% галасоў.
Пасьля перамогі Лукашэнкі Сініцын прабыў у яго атачэньні адносна нядоўга. Ужо ў кастрычніку 1995 году пазбавіўся пасады кіраўніка Адміністрацыі, яго адправілі займацца пытаньнямі будаўніцтва ва ўрад. Але і там ён не затрымаўся — паехаў працаваць у Расею. У 2001 годзе Леанід Сініцын паспрабаваў вярнуцца ў беларускую палітыку, зьбіраў подпісы за сваё вылучэньне на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году, аднак ня быў зарэгістраваны.
Цяпер Сініцын жыве ў Менску. У інтэрвію «Народнай волі» расказваў, што ў 2020 годзе галасаваў за Ціханоўскую і падтрымаў пратэстоўцаў, хоць сам на акцыі пратэсту не выходзіў.
Дзьмітры Булахаў
Да выбараў-1994: Юрыст, дэпутат. Узначальваў заканадаўчую камісію ў Вярхоўным Савеце.
Пасьля выбараў: Перайшоў у апазыцыю ўжо ў 1995 годзе, пазьней працаваў у органах СНД.
Цяпер: Памёр у кастрычніку 2006 году.
Паводле ўспамінаў журналіста і былога дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Навумчыка, менавіта Дзьмітры Булахаў быў адным з ініцыятараў ідэі аб прэзыдэнцтве Лукашэнкі. Разам зь Віктарам Ганчаром яны першымі падтрымалі яго вылучэньне. Як і Лукашэнка, Дзьмітры Булахаў паходзіў з Магілёўшчыны. У Вярхоўным Савеце крытыкаваў БНФ і Станіслава Шушкевіча. Падчас выбараў быў кіраўніком ініцыятыўнай групы для вылучэньня Лукашэнкі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.
Пасьля перамогі Лукашэнка паспрабаваў прызначыць Дзьмітрыя Булахава на пасаду старшыні Канстытуцыйнага суду, але гэтая спроба правалілася — тады кандыдатуру павінны былі зацьвердзіць і ў Вярхоўным Савеце. Крытыкаваць Лукашэнку Булахаў пачаў ужо ў 1995 годзе, скептычна выказваўся наконт ініцыяванага рэфэрэндуму.
На пачатку нулявых Булахаў працаваў у розных структурах пры выканкаме СНД. У 2006 годзе ненадоўга вярнуўся на высокую пасаду — быў прадстаўніком Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе. Памёр у кастрычніку таго ж году ад сардэчнага прыступу ва ўзросьце 47 гадоў.
Віктар Шэйман
Да выбараў-1994: Вайсковец, былы ўдзельнік баявых дзеяньняў у Афганістане. Дэпутат Вярхоўнага Савету.
Пасьля выбараў: Кіраўнік Савету бясьпекі.
Цяпер: Спэцыяльны прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі.
Віктар Шэйман — адзіны з актыўных удзельнікаў выбарчага штабу Лукашэнкі ў 1994 годзе, які застаецца набліжанай да яго асобай і праз 30 гадоў. Адкрыта падтрымліваць будучага кіраўніка Беларусі Шэйман стаў у 1994-м. У выбарчым штабе ён адказваў за бясьпеку свайго кандыдата.
Неўзабаве пасьля перамогі на выбарах і інаўгурацыі Лукашэнка стварыў новую структуру — Савет бясьпекі. Першым яго сакратаром стаў акурат Віктар Шэйман. Пасьля ён займаў іншыя ключавыя пасады — быў генэральным пракурорам (заняў гэтую пасаду пасьля таго, як Генпракуратура пастанавіла арыштаваць Дзьмітрыя Паўлючэнку праз падазрэньне ў расстрэле апанэнтаў Лукашэнкі; паводле адной з вэрсій, Шэйман таксама мог мець да гэтага дачыненьне. — РС), кіраваў Адміністрацыяй прэзыдэнта.
З пачатку 2010-х гадоў Шэйман сканцэнтраваўся на дзейнасьці беларускіх уладаў у Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы. Праз магчымую датычнасьць да забойства палітычных апанэнтаў Лукашэнкі ён уключаны ў «чорны сьпіс» краін Захаду. У 2024 годзе санкцыі наклалі і на блізкіх Віктара Шэймана.
Іван Ціцянкоў
Да выбараў-1994: Кіраваў саўгасамі на Магілёўшчыне, з 1990 году ў Вярхоўным Савеце. Адказваў за ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Пасьля выбараў: Кіраўнік спраў прэзыдэнта.
Цяпер: Пэнсіянэр.
Як і Лукашэнка, Іван Ціцянкоў выйшаў з сфэры сельскай гаспадаркі. Скончыў акадэмію ў Горках, кіраваў саўгасамі і калгасамі, прасоўваўся па партыйнай лініі. У 1990 годзе быў выбраны ў Вярхоўны Савет ад Краснапольскага раёну. Да Лукашэнкі далучыўся вясной 1994 году, сам вазіў яго на ўласным «Мэрсэдэсе» на сустрэчы з выбарнікамі. Менавіта Ціцянкоў быў за рулём падчас меркаванага нападу на Лукашэнку пад Лёзнам (тады зь імі ў машыне быў яшчэ Шэйман). КДБ Беларусі назваў напад інсцэнаваньнем, але пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах расьсьледаваньне спынілі.
Пасьля 10 ліпеня 1994 году Ціцянкоў стаў першым кіраўніком спраў прэзыдэнта, займаў гэтую пасаду да канца 90-х. Менавіта ён зрываў бел-чырвона-белы сьцяг з будынку адміністрацыі пасьля рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі. А таксама стварыў некалькі зьвязаных з Кіраўніцтвам спраў Лукашэнкі бізнэс-структур, якія былі пазбаўленыя падаткаабкладаньня.
У 2000 годзе Ціцянкова зьнялі з пасады, пасьля чаго ён паехаў працаваць у Расею. У Беларусь вярнуўся ў 2011-м, цяпер жыве на лецішчы пад Менскам. Палітычных заяваў пасьля 2020 году не рабіў.
Анатоль Лябедзька
Да выбараў-1994: Намесьнік дырэктара школы-інтэрнату ў Ашмянах, дэпутат Вярхоўнага Савету, працаваў у камісіі па справах моладзі (меў тады 33 гады).
Пасьля выбараў: Апазыцыянэр, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Зараз: У палітычнай эміграцыі, працуе ў Офісе Сьвятланы Ціханоўскай.
Як і значная частка іншых удзельнікаў выбарчага штабу Лукашэнкі, Анатоль Лябедзька прыйшоў туды, быўшы дэпутатам Вярхоўнага Савету, дзе займаўся пытаньнямі моладзевай палітыкі. Яшчэ ў 1992 годзе ён стварыў Беларускую асацыяцыю маладых палітыкаў, якой сам кіраваў.
Рознагалосьсі з Лукашэнкам у Лябедзькі ўзьніклі яшчэ да перамогі апошняга на выбарах. «Адзін час лічыўся блізкім да нацыянал-дэмакратаў. Паступова пераарыентаваўся ў бок цэнтру. Некаторыя разыходжаньні з Лукашэнкам захоўваюцца да гэтага часу», — пісала пра Лябедзьку «СБ» у ліпені 1994-га.
Пасьля перамогі Лукашэнкі Анатоль Лябедзька не атрымаў ніякай значнай пасады і пайшоў у апазыцыю. Уступіў у новаствораную Аб’яднаную грамадзянскую партыю, якой кіраваў з 2000 па 2018 год. Працаваў у штабах апанэнтаў Лукашэнкі на ўсіх наступных выбарах. У 2010-м на паўгода трапіў у турму КДБ, тады абвінавачаньняў яму так і ня выставілі.
З 2020 году Анатоль Лябедзька разам з шэрагам іншых прадстаўнікоў АГП увайшоў у каманду Сьвятланы Ціханоўскай, дзе афіцыйна займаецца пытаньнямі падрыхтоўкі канстытуцыйнай рэформы.
Аляксандар Фядута
Да выбараў-1994: Першы сакратар Цэнтральнага камітэту Саюзу моладзі Беларусі (арганізацыі, якая прыйшла на замену камсамолу. — РС), меў 30 гадоў.
Пасьля выбараў: Загадчык упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта.
Зараз: Вязень Магілёўскай папраўчай калёніі № 15.
Аляксандар Фядута — адзін з апошніх камсамольскіх кіраўнікоў у Беларусі, у кіраўніцтва камсамолу яго выбралі ў 1990 годзе. Пасьля рэарганізацыі Фядута ўзначаліў ужо Беларускі саюз моладзі, апошні раз яго перавыбралі на пасаду кіраўніка арганізацыі за месяц да перамогі Лукашэнкі на выбарах. У штабе Фядута адказваў за падрыхтоўку тэкстаў публічных прамоваў Лукашэнкі, рэдагаваў ягоныя выступы.
Пасьля 10 ліпеня 1994 году Лукашэнка аддаў Фядуту пасаду кіраўніка Ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэтая структура, на задуму першага прэзыдэнта, мусіла сачыць за дзяржаўнымі і камэрцыйнымі СМІ. Аднак пратрымаўся там Аляксандар Фядута нядоўга. Ужо на пачатку 1995 году яго звольнілі.
Пасьля звальненьня працаваў журналістам расейскіх СМІ ў Беларусі, абараніў кандыдацкую дысэртацыю (спэцыялізуецца на творчасьці Пушкіна. — РС). У 2005 годзе Аляксандар Фядута апублікаваў кнігу «Лукашэнка. Палітычная біяграфія», дзе расказаў пра акалічнасьці і прычыны прыходу таго да ўлады.
Актыўна вярнуўся ў палітыку падчас выбарчай кампаніі 2010 году, працаваў у камандзе «Гавары праўду», якая выставіла кандыдатам паэта Ўладзімера Някляева. Пасьля дня галасаваньня чатыры месяцы правёў у турме. Паўторна за краты Аляксандар Фядута трапіў у красавіку 2021-га. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён разам з кіраўніком партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым і амэрыканскім юрыстам беларускага паходжаньня Юрасём Зянковічам «уступіў у злачынную змову» з мэтай зрынуць уладу ў Беларусі і забіць Аляксандра Лукашэнкі. У верасьні 2022 году Фядуту прысудзілі 10 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, пакараньне ён адбывае ў Магілёўскай папраўчай калёніі № 15. Праваабаронцы прызналі Аляксандра Фядуту палітвязьнем.
Валер Цапкала
Да выбараў-1994: Выпускнік Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў, былы супрацоўнік МЗС Беларусі.
Пасьля выбараў: Першы намесьнік міністра замежных спраў.
Цяпер: Палітычны ўцякач.
Валер Цапкала стаў адным з самых маладых дзеячоў выбарчага штабу Лукашэнкі, у 1994-м яму было толькі 29. Аднак на той момант Цапкала меў даволі вялікі досьвед — пасьля заканчэньня вучобы ў Маскве ён паўгода працаваў у амбасадзе СССР у Фінляндыі, у 1993–1994 гадах быў дарадцам тагачаснага кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча ў замежнапалітычных пытаньнях.
У штаб Лукашэнкі Валера Цапкалу прывёў Дзьмітры Булахаў. Там малады дыплямат працаваў пераважна разам з Аляксандрам Фядутам і Віктарам Ганчаром, якія складалі своеасаблівы «мазгавы цэнтар». Менавіта з Цапкалам зьвязваюць арганізацыю паездкі Лукашэнкі ў Дзяржаўную Думу Расеі, дзе той сустрэўся з кіраўнікамі палітычных партый і прадэманстраваў сваю адданасьць ідэям інтэграцыі з Масквой падчас публічнага выступу перад дэпутатамі.
Паводле некаторых сьведчаньняў, Цапкала ў выпадку перамогі свайго кандыдата на выбарах разьлічваў на пасаду міністра замежных спраў, аднак Лукашэнка на гэта не пайшоў і прызначыў яго першым намесьнікам кіраўніка ведамства. Міністрам стаў Уладзімер Сянько. У 1997 годзе Цапкала паехаў на пяць гадоў амбасадарам Беларусі ў ЗША. Пасьля вяртаньня нейкі час быў дарадцам Лукашэнкі, а затым заняўся арганізацыяй Парку высокіх тэхналёгій.
У 2017-м Валера Цапкалу звольнілі з пасады кіраўніка ПВТ, гэтаму папярэднічаў зацяжны канфлікт з чыноўнікамі Лукашэнкавай адміністрацыі. Вылучэньне Валера Цапкалы ў якасьці кандыдата на выбарах 2020 году было нечаканасьцю. У выніку ён, у адрозьненьне ад Віктара Бабарыкі, пазьбег арышту і выехаў за мяжу, дзе працягвае займацца палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю, выступаючы з крытычнымі заявамі на адрас як Лукашэнкі, так і Сьвятланы Ціханоўскай.
Віктар Ганчар
Да выбараў-1994: Кандыдат юрыдычных навук, намесьнік кіраўніка Маладэчна Генадзя Карпенкі, дэпутат Вярхоўнага Савету.
Пасьля выбараў: Намесьнік кіраўніка ўраду.
Цяпер: Прапаў бязь вестак у 1999 годзе.
У першай палове 1990-х Віктар Ганчар быў адным з самых вядомых у Беларусі маладых палітыкаў. Працаваў у Маладачанскім гарвыканкаме часоў Генадзя Карпенкі, быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. Як і Цапкалу, у штаб Лукашэнкі Ганчара прывёў Дзьмітры Булахаў. У парлямэнце Ганчар працаваў у канстытуцыйнай камісіі і актыўна прасоўваў ідэю ўвядзеньня пасады прэзыдэнта ў новай Канстытуцыі.
Нягледзячы на тое, што Ганчар уступіў у выбарчы штаб Лукашэнкі, ён ня страчваў сувязяў са сваім былым кіраўніком Генадзем Карпенкам. Апошні спрабаваў выставіць сваю кандыдатуру на выбарах у 1994 годзе, але не назьбіраў неабходнай для вылучэньня колькасьці галасоў. Пасьля перамогі Лукашэнкі Ганчар на кароткі час стаў першым віцэ-прэм’ерам, аднак ужо ў 1995 годзе стаў у адкрытую апазыцыю да Лукашэнкі, уступіў у АГП і быў прызначаны кіраўніком Цэнтравыбаркаму. У 1996-м адмовіўся прызнаваць вынікі арганізаванага Лукашэнкам рэфэрэндуму, страціў пасаду, аднак палітыкі не пакінуў.
У верасьні 1999 году Віктар Ганчар зьнік разам са сваім сябрам, бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім. Ягоны лёс застаецца невядомы.
Гэта няпоўны сьпіс тых людзей, дзякуючы працы якіх Аляксандар Лукашэнка стаў кіраўніком Беларусі. Трыццаць гадоў таму ў ягоным штабе таксама працавалі выхадцы з тагачасных сілавых структур — былы намесьнік кіраўніка Ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Міхаіл Сазонаў і супрацоўнік той жа структуры Юры Малумаў. Былі там доктар эканамічных навук Пётра Капітула, дэпутат Аляксандар Лукашоў, падпалкоўнік Уладзімер Нісьцюк, журналіст «Беларускага радыё» Ўладзімер Ядранцаў і іншыя. Ніхто зь іх пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах не застаўся ў ягонай абойме на працяглы час.
Форум