Экспэрты Міжнароднага агенцтва па вывучэньні раку (IARC) пры Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя клясыфікавалі тальк як патэнцыйна канцэрагеннае рэчыва. Пра гэта гаворыцца ў іх дакладзе, апублікаваным на сайце агенцтва, заўважыла «Люстэрка».
Рабочая група IARC у складзе 29 экспэртаў з 13 краін клясыфікавала тальк як імаверна канцэрагеннае для чалавека рэчыва (група 2А) на падставе спалучэньня абмежаваных зьвестак аб наяўнасьці раку ў людзей (рак яечнікаў), дастатковых зьвестак аб наяўнасьці раку ў паддосьледных жывёл і пераканаўчых доказаў таго, што тальк праяўляе ключавыя характарыстыкі канцэрагенаў у першасных клетках чалавека і ў лябараторных сыстэмах.
Экспэрты, у прыватнасьці, адзначаюць рэгулярнае згадваньне росту захворваньня на рак яечнікаў у жанчын, якія самастойна паведамілі аб выкарыстаньні прысыпкі для цела. Падвышаная часьціня раку яечнікаў таксама назіралася ў дасьледаваньнях, прысьвечаных узьдзеяньню на жанчын, якія зазналі ўзьдзеяньне тальку ў цэлюлёзна-папяровай прамысловасьці. У дакладзе таксама прыводзяцца спасылкі на экспэрымэнты, па выніках якіх у паддосьледных пацукоў пасьля апрацоўкі талькам выклікала павелічэньне частаты злаякасных новаўтварэньняў.
Экспэрты не змаглі выключыць верагоднасьць памылак, зьвязаных з магчымым забруджваньнем тальку азбэстам, але ў дакумэнце адзначаецца, што працоўная група «выкарыстоўвала толькі тыя дасьледаваньні, у якіх забруджваньне тальку азбэстам было вельмі малаверагодным».
Тальк — прыродны мінэрал, які здабываецца ў розных частках сьвету і часта выкарыстоўваецца для вытворчасьці дзіцячай прысыпкі. Большасьць людзей падвяргаюцца ўзьдзеяньню тальку ў выглядзе дзіцячай прысыпкі ці касмэтычных сродкаў, а таксама пры занятках спортам. Аднак, найболей значнае ўзьдзеяньне тальку адбываецца пры яго здабычы, перапрацоўцы ці выкарыстаньні ў вытворчасьці прадуктаў.
Заява зьявілася ўсяго празь некалькі тыдняў пасьля таго, як амэрыканскі фармацэўтычны і касмэтычны гігант Johnson & Johnson пагадзіўся выплаціць 700 мільёнаў даляраў для ўрэгуляваньня абвінавачваньняў ва ўвядзеньні кліентаў у зман адносна бясьпекі сваіх прадуктаў на аснове тальку.
Форум