Украіна абвясьціла ў міжнародны вышук вайскоўца, якога абвінавачваюць у крадзяжы ва ўмовах ваеннага становішча.
Украінца мабілізавалі на вайсковую службу ў ліпені 2023 году. Цяпер лічаць, што ён самавольна пакінуў вайсковую частку і незаконна перасек мяжу зь Беларусьсю, дзе, паводле сьведак, жывуць ягоныя маці і брат.
Ва Ўкраіне яму пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Згодна з матэрыяламі справы, вайсковец у студзені 2024 году выкраў з кватэры пацярпелага грошы і мабільны тэлефон. Шкоду ацанілі ў амаль тры тысячы грыўняў (менш за 100 даляраў у эквіваленце. — РС).
Іншыя дэталі справы невядомыя.
Сёлета ў студзені дзяржаўныя СМІ паведамілі пра «фільтрацыйную працэдуру» ў Беларусі для трох колішніх украінскіх вайскоўцаў. Аднак інтэрвію апублікавалі толькі з адным — колішнім украінскім вайскоўцам, які пасьля звальненьня з Узброеных сіл Украіны праз пэўны час пасьля ваеннага ўварваньня Расеі і ўдзелу ў баявых дзеяньнях прыехаў у Беларусь нібыта да сваёй дзяўчыны.
З таго часу ні афіцыйныя СМІ, ні дзяржаўныя структуры не паведамлялі пра вынікі гэтай «фільтрацыйнай працэдуры» і далейшы лёс украінскіх вайскоўцаў.
Пакуль невядома, ці быў сярод іх вайсковец, якога цяпер абвясьцілі ў міжнародны вышук. Вядома, што ягоную справу расьсьледуе Ковельскае раённае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Валынскай вобласьці.
Форум