У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі дэталі, якім чынам атрымаў пашкоджаньні расейскі ракетны карабель «Серпухов», які знаходзіўся ў складзе Балтыйскага флёту Расеі.
«Сёлета ў пачатку красавіка зьявілася інфармацыя пра інцыдэнт, задымленьне, з малым ракетным караблём „Серпухов“, які знаходзіцца ў складзе Балтыйскага флёту Расеі на базе ў горадзе Балтыйск. Цяпер мы можам сказаць, што гэта была частка апэрацыі „Рыбак“, якая праходзіла з 2023 году», — заявіў прадстаўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Андрэй Юсаў.
Паводле яго, спэцапэрацыю правялі супольна з расейскім добраахвотніцкім батальёнам «Свабода Расеі» і праектам «Хачу жыць».
Выканаць апэрацыю дапамог расейскі матрос з пазыўным «Гога», які ў 2023 годзе далучыўся да расейскіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны. Да гэтага ён 11 гадоў служыў на флёце, меў доступ да сакрэтнай інфармацыі і перадаваў важныя зьвесткі для Сіл бясьпекі і абароны Ўкраіны.
Калі знаходжаньне на караблі і далейшая работа ў інтарэсах Украіны стала небясьпечнай, сплянавалі і рэалізавалі «актыўныя дзеяньні ўнутры карабля «Серпухаў».
У выніку дывэрсіі, як паведаміла ўкраінская выведка, удалося істотна пашкодзіць ракетны карабель і цалкам зьнішчыць ягоныя сродкі сувязі і аўтаматызацыі.
Карабель «Серпухов» праекту 21631 «Буян-м» спусьцілі на ваду ў 2015 годзе. Гэта адзін з найбольш сучасных ракетных караблёў у складзе расейскага флёту, які можа выкарыстоўваць ракеты «Калібар» і «Онікс».
Цяпер карабель патрабуе доўгатэрміновага рамонту. Пасьля актыўнай фазы спэцапэрацыі «Рыбак» матроса вывелі з тэрыторыі Расеі. З сабой ён меў сакрэтныя матэрыялы, у прыватнасьці пра сытуацыю вайскова-прамысловага комплексу Расеі.
«Гэта першая наша апэрацыя на Балтыйскім фронце Расеі. Для ворага стала шокам і вялікай нечаканасьцю. Пасьля гэтай апэрацыі адбыліся перастаноўкі, расьсьледаваньні, пакараньні ўнутры Балтыйскага флёту. Зразумела, што пэўныя галовы там паляцелі», — дадаў Андрэй Юсаў.
Цяпер гэты расейскі матрос знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны і працягвае барацьбу ў складзе Легіёну «Свабода Расеі».
У жніўні 2023 году расейскі пілёт Максім Кузьмінаў перагнаў з Расеі ва Ўкраіну вайсковы верталёт Мі-8. Пазьней кіраўнік украінскай вайсковай выведкі Кірыл Буданаў расказаў, што ведамства пераканала пілёта пераляцець ва Ўкраіну і здаць верталёт. Двое чальцоў экіпажа, якія ня ведалі, што адбываецца, былі забітыя пры спробе схавацца. Усім сваякам Кузьмінава, паводле слоў Буданава, да апэрацыі дапамаглі пакінуць Расею.
У лютым стала вядома пра ягоную гібель у Гішпаніі. Ягонае цела зь некалькімі кулявымі раненьнямі знайшлі 13 лютага ў горадзе Ля-Вільляхаёса ў правінцыі Алікантэ.
Форум